Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхары вёскі пад Гомлем адстаялі салдацкае пахаваньне, на якім улада дазволіла будаваць аптэку


На месцы брацкага пахаваньня
На месцы брацкага пахаваньня

Гомельскі раённы савет скасаваў дазвол будоўлі на месцы брацкага магілы ўдзельнікаў Другой сусьветнай вайны.

У 2018 годзе ўлады дазволілі будаўніцтва аптэкі ў вёсцы Пакалюбічы адразу за мэмарыялам савецкіх салдат, якія загінулі ў 1943 годзе, вызваляючы Гомель. На месцы дазволенай будоўлі знаходзіцца вялікая брацкая магіла, таму жыхары вёскі паўсталі супраць гэтага рашэньня.

Вяскоўцы сабралі каля тысячы подпісаў пад зваротам уладам. Яны абурыліся, што райвыканкам дазволіў будаваць аптэку фактычна на касьцях, на месцы пахаваньня сама меней 600 салдат.

У Пакалюбічах 17 чэрвеня прайшоў сход. Старшыня Гомельскага райвыканкаму Алена Алексіна паведаміла, што зямельны ўчастак быў прададзены з аўкцыёну паводле заканадаўства. Яна зазначыла, што пры продажы не ўлічылі, што помнік зьяўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасьцю. Разам з тым, паводле чыноўніцы, каля помніку не была вызначаная ахоўная зона.

20 чэрвеня па гэтым пытаньні сабралася сэсія Гомельскага раённага Савету дэпутатаў. Як піша «Гомельская праўда», было вырашана, што аптэка за помнікам не зьявіцца:

«Рашэньне, зацьверджанае дэпутатамі, адмяняе прынятыя райвыканкамам ранейшыя рашэньні: аб зацьвярджэньні горадабудаўнічага пашпарту ўчастку, стварэньні зямельнага ўчастка для правядзеньня аўкцыёну на права заключэньня дамовы арэнды ўчастка для будаўніцтва аптэкі і правядзеньне аўкцыёну», — піша дзяржаўнае выданьне.

Вырашана таксама, што райвыканкам накіруе ў Пакалюбіцкі сельсавет даручэньне распрацаваць праект ахоўнай зоны каля помніка.

«Гомельская праўда» не паведаміла — хто і якім чынам кампэнсуе выдаткі асобе, якая выкупіла ў арэнду ўчастак для будаўніцтва аптэкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG