На сайце «Белтэлекаму» зьявілася інфармацыя пра новага генэральнага дырэктара прадпрыемства. Ім стаў Юры Петручэня.
Што пра яго вядома?
Петручэні 58 гадоў, ён нарадзіўся ў вёсцы Юшэвічы Нясьвіскага раёну. Скончыў Менскі электратэхнікум сувязі, Маскоўскі інстытут сувязі і Акадэмію кіраваньня пры прэзыдэнце Беларусі.
Пачынаў карʼеру электраманцёрам Маладэчанскай лінейна-тэхнічнага ўчастку сувязі. У 2005 годзе Петручэню прызначылі дырэктарам Менскага філіялу «Белтэлекаму».
Дэпутат Менскага абласнога савету 28-га скліканьня.
Узнагароджаны мэдалём «60 гадоў вызваленьня Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў», мае званьне «Ганаровы сувязіст Беларусі». У 2014 годзе ўзнагароджаны мэдалём «За працоўныя заслугі».
Што стала з папярэднім дырэктарам?
Папярэдняга кіраўніка «Белтэлекаму» Сяргея Сіваедава затрымалі ў красавіку ў момант атрыманьня хабару ў 15 тысяч эўра, пісала прэс-служба КДБ. Пачалі крымінальную справу за даваньне і атрыманьне хабару. Паводле арт. 430 КК Сіваедаву пагражае да 10 гадоў турмы.
Падчас сьледчых дзеяньняў на месцы жыхарства Сіваедава выявілі і забралі 470 тысяч даляраў ЗША; мяркуецца, ён атрымаў іх у іншых эпізодах хабарніцтва. Наклалі арышт на тры менскія кватэры і зямельны ўчастак з домам у Менскім раёне, якія належаць Сіваедаву і аформленыя на падстаўных асобаў.