Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьцяг ЗША над рускай тройкай. Як Амэрыка ўратавала Расею ад голаду


Іван Айвазоўскі «Раздача харчаваньня» (1892)
Іван Айвазоўскі «Раздача харчаваньня» (1892)

У Дзень амэрыканскага сьцягу, які сьвяткуецца сёньня ў ЗША, распавядаем неверагодную гісторыю пра тое, як напачатку 1890-х простыя расейцы плакалі ад шчасьця, калі бачылі гэты сьцяг, бо амэрыканцы выратавалі іх ад страшэннай бяды.

Тады не было фота- і відэакамэр, каб засьведчыць гэты факт, але затое знайшоўся сьведка — геніяльны мастак, які пры дапамозе пэндзля і фарбаў назаўжды «занатаваў» гістарычную падзею. Звалі яго Іван Айвазоўскі.

Золата, яшчэ больш золата!

У 1891–92 гадах расейскі Поўдзень і Паволжа ахапіў люты голад. Расейскі ўрад гэтак захапіўся павелічэньнем экспарту пшаніцы, што забыўся — у чарговы раз — на свой народ. За мяжу адправілі спачатку 3,5 мільёны тон зерня, а праз год — амаль у два разы болей, 6,6 мільёнаў тон.

Вялікім быў ураджай у тыя гады, бо надвор’е спрыяла, і зерне з усёй краіны лілося бурнай залатой ракою ў марскія парты. А людзям не пакідалі нічога, і яны паміралі ад голаду цэлымі вёскамі.

Цар Аляксандр III ведаў, што робіцца ў яго краіне. Але цынічна выказаўся так: «У мяне няма галадаючых — ёсьць толькі людзі, якія пацярпелі ад няўроду».

«Гэта пытаньне гуманнасьці»

Жахлівыя весткі з Расеі пакаціліся па ўсім сьвеце і дайшлі да Амэрыкі.
Летам 1891 году тамтэйшая грамадзкасьць на чале з філянтропам, рэдактарам штодзёньніка North Western Miller Уільямам Эдгарам актыўна ўзялася за арганізацыю гуманітарнай місіі.

Амэрыканскі філянтроп і журналіст Уільям Эдгар
Амэрыканскі філянтроп і журналіст Уільям Эдгар

Эдгар адправіў 5 тысяч лістоў у паўночныя штаты Амэрыкі зернетрэйдэрам з просьбаю аб дапамозе, а паралельна з гэтым пачаў друкаваць у сваім выданьні сэрыю артыкулаў пра голад у Расеі.

Журналіст падабраў ключ да сэрцаў суайчыньнікаў. Ён нагадаў ім, што ў часе Грамадзянскай вайны 1862–63 гадоў Расея даслала дзьве ваенныя эскадры на дапамогу арміі Поўначы — сем месяцаў расейскія караблі стаялі каля амэрыканскіх берагоў, стрымліваючы Англію і Францыю ў іх жаданьні дапамагчы Поўдню.

Грамадзянская ініцыятыва пад лёзунгам «Гэта не пытаньне палітыкі, гэта пытаньне гуманнасьці» дала плён. Усе амэрыканцы адгукнуліся на заклік аб дапамозе Расеі — ад банкіраў і ўладальнікаў чыгунак да настаўнікаў і фэрмэраў. Да ініцыятывы далучыўся таксама Чырвоны Крыж.

Кранальна, але лепш забыць

Аляксандр III доўгі час не даваў дазволу амэрыканцам на дастаўку гуманітарнай дапамогі. І гэта нягледзячы на тое, што за голадам у яго краіну прыйшлі эпідэміі. Але потым усё ж пагадзіўся.

Напачатку вясны 1892 году першыя два амэрыканскія караблі з так званай «Флятыліі голаду», на адным з якіх быў сам Уільямам Эдгар, ужо выгружалі муку і зерне ў балтыйскіх партах Расеі — Лібаве і Рызе.

Да сярэдзіны лета ў Расеі было дастаўлена 10 тысяч тон гуманітарных грузаў на агульную суму ў мільён долараў. Сын Аляксандра III, будучы імпэратар Мікалай II, пісаў тады: «Нас усіх глыбока кранула, што да нас з Амэрыкі прыходзяць караблі, поўныя харчаваньня».

Словы прагучалі, але амаль адразу расейскае кіраўніцтва пачало рабіць усё дзеля таго, каб грамадзтва забылася пра «заакіянскую» брацкую дапамогу, дзякуючы якой былі ўратаваны тысячы жыцьцяў.

Тройка — руская, сьцяг — амэрыканскі

Сярод сьведак тых падзей былі грамадзяне, якія не жадалі забывацца на дабро амэрыканцаў. У іх ліку — мастак Іван Айвазоўскі. Ён на свае вочы бачыў, як першыя транспартныя караблі амэрыканскай «Флятыліі голаду», Indiana і Missouri, прыбылі да берагоў Расеі, як радаваліся тыя, хто сустракаў амэрыканцаў, як урачыста гучалі аркестры, як упрыгожаныя сьцягамі Расеі і Амэрыкі чыгуначныя саставы выпраўляліся ў глыб краіны, каб уратаваць няшчасных людзей.

Іван Айвазоўскі «Карабель дапамогі» (1892)
Іван Айвазоўскі «Карабель дапамогі» (1892)

Акром палатна «Карабель дапамогі», выкананага ў манеры, звыклай для Айвазоўскага як марыніста, ён намаляваў у 1892 годзе яшчэ адно — «Раздачу харчаваньня». Вельмі кранальнае, экспрэсіўнае.

На карціне мы бачым рускую тройку, якая імчыць па вуліцы расейскага гарадка, а чалавек на ёй моцна, двума рукамі, трымае амэрыканскі сьцяг.

З усіх бакоў уздоўж вуліцы стаяць людзі. Сьпякотнае летняе марыва пакрывае іх твары, яно ператварае само сонца ў маркотны цьмяны шар. Мужчыны і жанчыны радасна выкідваюць уверх рукі з хустачкамі, вітаючы сьцяг краіны, якая пасьпяшалася ім на дапамогу, бо няма нічога больш важкага і каштоўнага за людзкую спагаду, за хлеб. Некаторыя з расейцаў стаяць на каленях. Хутка, зусім хутка пачнецца раздача харчаваньня — яна дайшла, муку і хлеб не раскралі.

Магчыма, сьпёка, якая гэтак натуралістычна перададзена на карціне, сымбалізуе сам расейскі ўрад, які цяжкай, душнай коўдраю кладзецца на плечы людзей, замінае ім ясна бачыць, скрадвае іх захапленьне і радасьць ад таго, што яны не адны ў бядзе.

Карціны спадабаліся Жаклін Кенэдзі

Зь вядомых прычынаў гэтыя дзьве карціны царскі ўрад забараніў Айвазоўскаму дэманстраваць публічна.

І тады мастак моўчкі запакаваў іх і завёз у Амэрыку, дзе перадаў у дар вашынгтонскай галерэі Коркаран (Corcoran Gallery of Art) — няхай памятаюць дабро там.

У 1960-х «Карабель дапамогі» і «Раздача харчаваньня» ўпрыгожылі Белы дом па ініцыятыве Жаклін Кенэдзі. Потым яны трапілі ў прыватны збор, але ў 2008 годзе адзін з мэцэнатаў набыў іх за 2,4 мільёны долараў і вярнуў галерэі Коркаран.

Цікава, як сёньня ўспрынялі б простыя расейцы, сярод якіх ёсьць нашчадкі сялян, выратаваных ад голаду 1862–63 гадоў, карціну рускага мастака, дзе над рускай тройкай узьняты амэрыканскі сьцяг?

«Варта» — суб’ектыўны агляд падзеяў у літаратуры ды, шырэй, у мастацтве і культуры. Меркаваньні перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG