Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэкамунізацыя па-беларуску. Якіх Ленінаў і іншых Чапаевых пасунулі з цэнтру і чаму. ФОТА


Бюст Леніна ў Наваградку. Помнік у поўны рост прыбралі ў 1998 годзе
Бюст Леніна ў Наваградку. Помнік у поўны рост прыбралі ў 1998 годзе

Улады Смаргоняў вырашылі не вяртаць помнік Леніну на галоўную плошчу пасьля рэстаўрацыі. Свабода прыгадала яшчэ 7 выпадкаў у гісторыі сучаснай Беларусі, якія сьведчаць пра «мяккую дэкамунізацыю». Не апошнюю ролю ў гэтым адыгрывалі «Дажынкі».

1. Помнік Леніну, Смаргоні, 2019

Падчас дэмантажу помніка Леніну ў Смаргонях. 18 красавіка 2019 году
Падчас дэмантажу помніка Леніну ў Смаргонях. 18 красавіка 2019 году

У сярэдзіне красавіка камунальнікі дэмантавалі з цэнтральнай плошчы помнік Леніну, які ад пачатку 1970-х стаяў перад будынкам райвыканкаму. Пазьней дэмантавалі і грувасткі пʼедэстал, паставіўшы на вызваленым месцы вазы-клюмбы.

Спачатку адноўленага правадыра хацелі вярнуць на плошчу да абласных «Дажынак». Але потым улады заявілі, што помнік ня мае каштоўнасьці. Пасьля «касмэтычнага рамонту» яго паставяць у іншым месцы, якое маюць прапанаваць самі смаргонцы.

2. Надпіс «Ленінскі раён». Горадня, 2019

Бэрнардынскі ўзгорак у Горадні, на якім пачалі рабіць надпіс «Ленінскі раён». Фота Hrodna.Life
Бэрнардынскі ўзгорак у Горадні, на якім пачалі рабіць надпіс «Ленінскі раён». Фота Hrodna.Life

«Зелянгас» плянаваў падчас добраўпарадкаваньня зрабіць у цэнтры гораду надпісы з кветак: «Ленінскі раён» і «Кастрычніцкі раён».

Пад першы надпіс ужо падрыхтавалі месца, зьняўшы дзірван на ўзгорку, дзе стаіць Пабэрнардынскі касьцёл.

Гарадзенцы стварылі пэтыцыю супраць непажаданага добраўпарадкаваньня. За суткі яе падпісала амаль тысяча чалавек. На наступны дзень камунальнікі перадумалі і замянілі надпіс на паласу дэкаратыўных кустоў.

3. Помнік Чапаеву, Горадня, 2019

Помнік Чапаеву рыхтуюць да дэмантажу
Помнік Чапаеву рыхтуюць да дэмантажу

У лютым гарадзенскія камунальнікі забралі на рамонт помнік Чапаеву, што стаяў побач з абласным судом непадалёк ад цэнтру. Ён пачаў ужо расколвацца і заімшэў.

Першапачаткова яго меліся вярнуць на месца. Аднак гарадзенцы сабралі подпісы, каб Васіля Іванавіча здаць у музэй, а на ягоным месцы ўшанаваць паэта Міхася Васілька, які жыў на гэтай вуліцы.

Улады прыслухаліся прынамсі да першай просьбы гарадзенцаў — адноўлены бюст зойме месца ў музэі.

4. Помнік Леніну, Магілёў, 2018

Помнік Леніну ў Магілёве, восень 2017 году
Помнік Леніну ў Магілёве, восень 2017 году

Летась у красавіку дэмантавалі помнік Ільлічу ў Магілёве перад заводам штучнага валакна. Завод доўгі час быў стратным, потым спыніў працу і быў прызначаны пад знос. Перад гэтым зьліквідавалі і помнік.

5. Помнік Леніну, Бабруйск, 2015

Помнік Леніну ў Бабруйску, 2015 год
Помнік Леніну ў Бабруйску, 2015 год

Увесну 2015 году дэмантавалі помнік «правадыру ўсясьветнага пралетарыяту» каля Бабруйскага машынабудаўнічага заводу. Ён стаяў там ад 1963 году, завод насіў імя Леніна.

Улады вырашылі перанесьці скульптуру да бабруйскага санаторыю імя Леніна на ўскрайку гораду, бо каля заводу мянялі ляндшафт.

6. Помнік Леніну, Талачын, 2015

Перанос помніка Леніну падчас падрыхтоўкі да «Дажынак» у Талачыне
Перанос помніка Леніну падчас падрыхтоўкі да «Дажынак» у Талачыне

Тут рэвалюцыянэра перанесьлі таксама перад «Дажынкамі», падчас добраўпарадкаваньня. Каб прыняць рашэньне, улады зладзілі абмеркаваньне. У выніку скульптуру перанесьлі з галоўнай плошчы ў сквэр побач з райвыканкамам.

7. Помнік Леніну, Ашмяна, 2012

Помнік Леніну ў Ашмяне, 2014 год
Помнік Леніну ў Ашмяне, 2014 год

Калі добраўпарадкавалі цэнтральную плошчу перад «Дажынкамі», вырашылі прыбраць зь яе Ільліча. Улады гэта патлумачылі патрэбай больш рацыянальна выкарыстоўваць прастору для масавых мерапрыемстваў, а таксама — ставіць на месцы былога помніка ёлку на Новы год.

Урэшце Леніна перанесьлі пад будынак суду, за 15 хвілін пешкі ад цэнтру, і зрабілі яму ніжэйшы пастамэнт.

8. Помнік Леніну, Глыбокае, 2012

Глыбоцкі Ленін, 2012 год
Глыбоцкі Ленін, 2012 год

Помнік Леніну на плошчы 17 Верасьня, які вылучаўся сярод іншых правадыроў крывымі нагамі, дэмантавалі пры добраўпарадкаваньні перад сьвятам беларускага пісьменства ў 2012 годзе.

Замест Ільліча паставілі восем бюстаў славутых жыхароў Глыбокага: Ігната Буйніцкага, Вацлава Ластоўскага, Элізэра бэн-Егуды, Язэпа Драздовіча, Паўла Сухога, Язэпа Корсака, Алеся Дубровіча і Пятра Казлова.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG