Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрымалі чыноўніцу Мінздароўя, якая тлумачыла «надзвычайнай сытуацыяй» выкарыстаньне «Эўпэнты»

абноўлена

Людміла Равуцкая. Брыфінг Міністэрства аховы здароўя адносна сьмерці дзіцяці пасьля прышчэпкі «Эўпэнта»
Людміла Равуцкая. Брыфінг Міністэрства аховы здароўя адносна сьмерці дзіцяці пасьля прышчэпкі «Эўпэнта»

Начальніца ўпраўленьня фармацэўтычнай інспэкцыі і арганізацыі лекавага забесьпячэньня Міністэрства аховы здароўя Людміла Равуцкая затрыманая праз падазрэньне ў атрыманьні хабару, піша МУС Беларусі.

Заведзена крымінальная справа паводле артыкулу 430 КК РБ – атрыманьне хабару (калі памер не буйны, пагражае абмежаваньне волі на 3-5 гадоў або да 7 гадоў пазбаўленьня волі).

Паводле Сьледчага камітэту, цягам 2015-2018 гадоў падазраваная неаднаразова прымала матэрыяльныя каштоўнасьці і выгоды маёмаснага характару за «спрыяльнае вырашэньне пытаньняў».

Равуцкая была адной з прадстаўнікоў Мінздароўя на прэс-канфэрэнцыі аб выкарыстаньні незарэгістраванай у Беларусі вакцыны «Эўпэнта». Яна расказвала ў тым ліку пра «надзвычайную сытуацыю», празь якую давялося выкарыстоўваць карэйскую вакцыну.

Затрыманьне не зьвязана з закупкай вакцыны «Эўпэнта», паведаміла афіцыйная прадстаўніца Сьледчага камітэту Юлія Ганчарова. Сьледзтва будзе настойваць аб утрыманьні Равуцкай пад вартай.

Скандал з карэйскай вакцынай у Беларусі. Што важна ведаць

  • 13 жніўня ў Ганцавіцкім раёне двухмесячны хлопчык памёр пасьля прышчэпкі. 14 жніўня дзяўчынка такога ж узросту трапіла ў рэанімацыю пасьля плянавай прышчэпкі. Пазьней стала вядома, што ў траўні пасьля прышчэпкі «Эўпэнты» памерла чатырохмесячная дзяўчынка.
  • Вакцыны бароняць ад шматлікіх вірусаў. Пра некаторыя інфэкцыйныя хваробы забыліся толькі таму, што ёсьць прышчэпкі. Калі перастаць прышчапляцца, інфэкцыі досыць хутка вяртаюцца.
  • Аднак у мэдыцыне зрэдку, кажуць спэцыялісты, здараюцца такія трагедыі, як у Ганцавічах, калі мае месца індывідуальная рэакцыя, не зьвязаная зь якасьцю прэпарату.
  • На пэрыяд расьсьледаваньня выкарыстаньне ў Беларусі імунабіялягічных сродкаў «Эўпэнта» той сэрыі, прышчэпкі зь якой былі ўведзеныя пацярпелым дзецям, прыпынілі. Карэйскую вакцыну «Эўпэнта» Мінздароўя закупіла замест расейскай АКДС у 2017 годзе.
  • Часопіс «Ежедневник» апублікаваў расьсьледаваньне ў дзьвюх частках, у якім сьцьвярджае, што вакцына незарэгістраваная ў Беларусі і не праходзіла праверак у краіне. Цэнтар экспэртызаў і выпрабаваньняў у ахове здароўя пацьвердзіў гэта Свабодзе.
  • З нагоды публікацыяў «Ежедневника» Мінздароўя зьвярнулася ў пракуратуру. Сьледчы камітэт тым часам правярае парадак закупкі, якасьць і сэртыфікацыю вакцыны, як таго ў пэтыцыі патрабавалі дзьве тысячы беларусаў.
  • 10% лекавых сродкаў трапляюць у Беларусь без рэгістрацыі.
  • Мінздароўя палічыла дастатковым тое, што вакцына прайшла праверку якасьці Ўсясьветнай арганізацыяй здароўя. Аднак, згодна зь беларускім заканадаўствам, гэтага не дастаткова для выкарыстаньня яе ў краіне ў штатаных сытуацыях. 29 жніўня Мінздароўя патлумачыла выкарыстаньне вакцыны «надзвычайнай сытуацыяй».
  • Пасьля трагедыі ў Ганцавіцкім раёне і скандал з вакцынай сям’я зь Менску расказала пра сьмерць дачкі, якой таксама ўвялі карэйскую вакцыну «Эўпэнта».
  • Усё гэта адбываецца на тле карупцыйнай «справы лекараў», у якой падазраванымі ў хабарах на сотні тысячаў даляраў праходзяць кіраўнікі шматлікіх мэдычных установаў Беларусі і чыноўнікі Міндзароўя.

«Справа мэдыкаў». Што важна ведаць

Што здарылася. У чэрвені 2018 году стала вядома пра масавыя затрыманьні ў мэдыцынскай галіне. У дачыненьні да 37 службовых асобаў былі ужытыя розныя меры стрыманьня за злачынствы, прадугледжаныя трыма артыкуламі Крымінальнага кодэксу

  • 430 («Атрыманьне хабару»),
  • 431 («Даваньне хабару»)
  • 243 («Ухіленьне ад выплаты сумаў падаткаў і збораў»)

Усяго ў «справе мэдыкаў» фігуруюць звыш 90 чалавек. Усе яны, як сьцьвярджаюць у КДБ, неаднаразова атрымлівалі незаконныя грашовыя ўзнагароды за садзейнічаньне ў пастаўцы мэдабсталяваньня і мэдыцынскіх прэпаратаў па завышаных цэнах. Усім прыцягнутым да крымінальнай адказнасьці, за выключэньнем апошніх затрыманых, выстаўленыя абвінавачаньні паводле названых крымінальных артыкулаў.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

  • 11 чэрвеня 2018 году стала вядома пра затрыманьне дырэктара Цэнтру экспэртыз аховы здароўя Аляксандра Сталярова, а таксама ягонага намесьніка (за стварэньне для «сваіх пастаўшчыкоў» прывабных умоў паставак імпартнага мэдычнага абсталяваньня ў дзяржаўныя шпіталі і паліклінікі).​
  • 18 чэрвеня «Ежедневник» паведаміў пра «масавыя затрыманьні ў структурах Мінздароўя» — больш за 10 чалавек — у межах апэрацыі аб пастаўках у беларускія мэдычныя ўстановы абсталяваньня па завышаных цэнах, паводле відавочна ашуканскіх схемаў. Сярод затрыманых аказаўся кіраўнік мэдыцынскай службы Міністэрства абароны Аляксей Яськоў.​
  • 19 чэрвеня МУС паведаміла пра затрыманьне галоўнага патолягаанатама Мінздароўя, кіраўніка гарадзкога клінічнага патолягаанатамічнага цэнтру Аркадзя Пучкова (за хабар цягам 10 год на суму каля 200 тысяч даляраў).​
  • 25 чэрвеня старшыня КДБ Валер Вакульчык паведаміў, што затрыманыя і ўзятыя пад варту 33 службовыя асобы, а ўсяго трапіла пад увагу больш за 50 чалавек. Фактычна ўсе яны віну прызналі і супрацоўнічаюць са сьледзтвам.
  • Паводле намесьніка генпракурора Беларусі Аляксея Стука, сфэра аховы здароўя лідзіруе па колькасьці карупцыйных злачынцаў: 114 за пяць месяцаў 2018 году.
  • 21 ліпеня быў звольнены затрыманы раней намесьнік міністра аховы здароўя Ігар Ласіцкі. Курыраваў пытаньні звароту мэдычных вырабаў у Беларусі і ліцэнзаваньня, за спрыяльнае вырашэньне пытаньняў, паводле КДБ, браў хабар «ад 2500 да 10 тысяч даляраў».
  • 21 жніўня агучаны першы вырак у справе мэдыкаў-карупцыянэраў: былы намесьнік галоўнага лекара па тэхніцы Менскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы Аркадзь Патапаў асуджаны да 6 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму за карупцыйныя злачынствы.
  • 11 верасьня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што па «справе мэдыкаў» распачатыя 95 крымінальных спраў, дзе фігуруюць «дзясяткі мільёнаў даляраў», амаль 100 чалавек трапілі пад сьледзтва.
  • 30 студзеня 2019 году стала вядома Камітэт дзяржаўнай бясьпекі вядзе папярэдняе сьледзтва па 4 крымінальных справах, у межах якіх 93 чалавекі маюць працэсуальныя статусы абвінавачаных і падазраваных: 30 службовых асобаў сыстэмы аховы здароўя і 63 асобы — уласьнікі (заснавальнікі), кіраўнікі і працаўнікі камэрцыйных структураў. У гэты час ужо ішоў шэраг судоў па карупцыйных справах у мэдыцыне.

«Ідзі і грабі». Былы высокапастаўлены чыноўнік Мінздароўя камэнтуе «справу мэдыкаў»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG