Паўднёвакарэйская няўрадавая арганізацыя заявіла, што ёй удалося высьветліць, дзе знаходзяцца 318 месцаў у Паўночнай Карэі, дзе адбываюцца публічныя страты няўгодных рэжыму людзей, паведамляе ВВС.
Супрацоўнікі праваабарончай арганізацыі Transitional Justice Working Group за апошнія чатыры гады правялі гутаркі з 610 перабежчыкамі з Паўночнай Карэі. Арганізацыя задакумэнтавала сьмяротныя пакараньні, якія доўжацца ўжо дзесяцігодзьдзі, часта за такія правіны, як крадзеж каровы ці прагляд паўднёвакарэйскіх тэлепраграм.
Паводле паўднёвакарэйскай арганізацыі, пакараньні часта адбываюцца на берагах рэк, каля палёў, рынкаў, школ і стадыёнаў. У сваім дакладзе арганізацыя піша, што паглядзець на кары ў гэтыя месцы зьбіраюцца ад тысячы чалавек і болей. Даклад быў апублікаваны 11 чэрвеня.
Аўтары дакладу пішуць, што сваякоў, у тым ліку і дзяцей, прымушаюць прысутнічаць пры расстрэле. Целы расстраляных надзвычай рэдка перадаюць сям’і. Ім таксама не паведамляецца месца пахаваньня пакаранага. Згодна з інфармацыяй, атрыманай ад перабежчыкаў, як мінімум у адным выпадку глядзець на пакараньне быў вымушанае сямігадовае дзіця.
Часам публічныя пакараньні сьмерцю праводзяцца ў турмах і лягерах. Адзін зь перабежчыкаў, які сядзеў у лягеры ў пачатку 2000-х гадоў, кажа, што 80 зьняволеных прымусілі глядзець на расстрэл трох жанчын, якія абвінавачваліся ў спробе ўцёкаў у Кітай. Па словах перабежчыка, афіцэр сказаў ім, што зь імі можа адбыцца тое ж самае.
У дакладзе гаворыцца, што падобныя публічныя пакараньні сьмерцю — адзін з асноўных спосабаў запалохваньня насельніцтва.
Расстрэлы і павешаньні
Перабежчыкі кажуць, што часьцей за ўсё людзей расстрэльваюць. Звычайна катаў трое, кожны робіць па тры стрэлы.
Некаторыя зь перабежчыкаў кажуць, што каты часам выглядалі пʼянымі. «Гэта адбываецца таму, што эмацыйна цяжка забіваць людзей», — цытуюць аўтары дакладу аднаго зь перабежчыкаў.
Таксама паведамляецца, што ў асобных выпадках людзей вешаюць, але паўднёвакарэйская арганізацыя дадае, што, мяркуючы па ўсім, пасьля 2005 году гэта здараецца ўсё радзей.
Этан Шын, адзін з аўтараў дакладу, сказаў у інтэрвію Agence France-Presse, што, мабыць, лік публічных пакараньняў сьмерцю скарачаецца. Але, дадае ён, Пхэньян, магчыма, цяпер карае сьмерцю людзей тайна, спрабуючы прадставіць КНДР міжнароднай супольнасьці як нармальную дзяржаву. Паведамленьні пра кары ў КНДР надзвычай складана пацьвердзіць. Было некалькі выпадкаў, калі выявілася, што яны не адпавядалі рэчаіснасьці.
У мінулым былі пакараныя і высокапастаўленыя чыноўнікі КНДР. У 2013 дзядзька лідэра Паўночнай Карэі Кім Чэн Ына быў асуджаны да сьмяротнага пакараньня праз абвінавачаньне ў здрадзе.