Вялікая палата Канстытуцыйнага суда Ўкраіны пачала слухаць справу аб канстытуцыйнасьці ўказу прэзыдэнта Ўладзіміра Зяленскага аб роспуску Вярхоўнай Рады і прызначэньні пазачарговых выбараў на 21 ліпеня.
У суд зьвярнуліся 62 народныя дэпутаты, перакананыя ў тым, што Ўладзімір Зяленскі парушыў Канстытуцыю сваім указам «Аб датэрміновым спыненьні паўнамоцтваў Вярхоўнай Рады Ўкраіны і прызначэньні датэрміновых выбараў» 21 ліпеня.
Дэпутаты перакананыя, што ўрадавая парлямэнцкая кааліцыя прыпыніла сваю дзейнасьць 17 траўня, і, згодна з Канстытуцыяй, дэпутаты мелі адзін месяц на стварэньне новай большасьці. У той жа час 27 траўня сканчаўся тэрмін, калі заканадаўства дазваляла распусьціць парлямэнт — згодна з украінскім заканадаўствам, гэта немагчыма зрабіць за паўгода да правядзеньня чарговых выбараў (яны мусілі адбыцца сёлета ў канцы кастрычніка. — РС).
Прадстаўнікі Ўладзіміра Зяленскага перакананыя, што кааліцыя спыніла сваю дзейнасьць у 2016 годзе, калі зь яе выйшлі фракцыі «Бацькаўшчына» Юліі Цімашэнкі, Радыкальнай партыі Алега Ляшка і «Самадапамога» Андрэя Садавога.
Слуханьні ў Канстытуцыйным судзе адбываліся ў адкрытым рэжыме. Перад іх пачаткам выступіў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі, які падзякаваў за запрашэньне і адзначыў, што «ўпершыню ў гісторыі Ўкраіны прэзыдэнт прыехаў у Канстытуцыйны суд, бо раней было наадварот — прэзыдэнт выклікаў судзьдзяў да сябе».
«Ня мне вам расказваць, што такое дух і літара закону. Я упэўнены, што рашэньне аб роспуску Вярхоўнай Рады адпавядае абодвум гэтым крытэрыям... Народ Украіны аплядуе гэтаму рашэньню. Людзі ўпэўненыя, што ягонае абскарджаньне — гэта спроба народных дэпутатаў на некалькі месяцаў патрымацца ў сваіх крэслах, за недатыкальнасьць і магчымасьць узбагачэньня. Цяпер грамадзтва вельмі ўважліва сочыць за гэтай справай. Вы дакладна пра гэта ведаеце, і, думаю, ухваліце справядлівае рашэньне, за якое нам усім ня будзе сорамна і перад сваім народам, і перад сваімі дзецьмі», — заявіў Уладзімір Зяленскі.
Пасьля кароткага выступу ён пакінуў залю паседжаньня, каб пазьбегнуць абвінавачаньняў у ціску на Канстытуцыйны суд.
Пасьля выступу аўтараў звароту і прадстаўніка прэзыдэнта суд прадоўжыць разглядаць справу ў закрытым рэжыме. Згодна з заканадаўствам, канчатковае рашэньне мусіць быць абвешчана не пазьней, чым праз 30 дзён.
Уладзімір Зяленскі заявіў аб роспуску парлямэнту ў часе сваёй інаўгурацыйнай прамовы 20 траўня ў Вярхоўнай Радзе. Адпаведны ўказ быў апублікаваны 21 траўня, пасьля кансультацый з кіраўнікамі парлямэнцкіх фракцый.