13 чэрвеня спаўняецца 185 гадоў Канстанціну Вераніцыну — верагоднаму аўтару шэдэўра беларускай літаратуры ХІХ стагодзьдзя, паэмы «Тарас на Парнасе».
Па сутнасьці, гэта ці ня самы папулярны твор у гісторыі беларускай літаратуры. Па колькасьці перавыданьняў ён ня ведае сабе роўных. Шмат яго выдавалі ў сталінскія часы. Алесь Кучар зьмяшчаў паэму ў сваёй хрэстаматыі 1934 году. Незадоўга перад вайной, у 1939-м, паэма выйшла асобным выданьнем з цудоўнымі ілюстрацыямі Мікалая Малевіча. Адразу ж пасьля вайны, у 1945-м, у продажы зьяўляецца новая кніга. А ў год сьмерці Сталіна паэма выходзіць зноў. Папулярнасьць прыгодаў Тараса ў часы сталінскага тэрору была зразумелай — ацалелая інтэлігенцыя вельмі лёгка магла сябе атаясаміць з Тарасам, які трапляе на самы намэнклятурны верх і застаецца ня толькі жывым, але і маральна перамагае ўсёмагутных багоў.
1. Вераніцын быў незаконным сынам расейскага пана
«...Хлопчык Косьця нарадзіўся... у прыгоннай сям’і сялян Васільевых... [Якія ж прычыны] ласкі да сялянскага хлопца ў пана Васіля Бондырава? Чаму гэта раптам так старанна пачалі апекаваць нерадавітага хлапчука, адправіўшы на вучобу спачатку ў Гарадоцкую прыходзкую вучэльню, а потым — у Віцебскую гімназію? Чаму яшчэ да адмены прыгоннага права адпусьцілі на волю, дапамаглі ў сямнаццаць год зьмяніць прозьвішча і званьне, запісаўшы ў мяшчане? /.../ Па ўсіх прыкметах, быў Косьця Васільеў незаконнанароджаным сынам пана Васіля Бондырава...»[1].
2. Зьмяніў прозьвішча, бо меў праз маці настальгічную сувязь зь віцебскай вёскай Верані
Паводле журналіста Сямёна Букчына: «...З 1851 г. ён ужо не Васільеў, а Вераніцын. Магчыма, што ў гэтым прозьвішчы выявілася яго сувязь (праз маці) зь вёскай Верані, якая знаходзілася ў тым жа Віцебскім павеце, што і вёска Астраўляны, дзе ў сядзібе Бондыравых выхоўваўся хлопчык»[2].
3. Быў выдатнікам у геаграфіі, а ў расейскай мове і літаратуры посьпехамі не адзначаўся
У Генадзя Кісялёва чытаем: «...Настаўнік расейскай славеснасьці заўсёды ацэньваў здольнасьці Вераніцына балам ніжэй... А настаўнік гісторыі і геаграфіі лічыў самым здольным якраз Вераніцына: яму аднаму ва ўсёй клясе... выстаўлена бясспрэчная „пяцёрка“»[3].
4. Кінуў вучобу ў Пецярбургу, бо ня змог плаціць за заняткі
«...Вераніцын... з 1852 г. студэнт Пецярбурскай мэдыка-хірургічнай акадэміі. „У сталіцы ён правучыўся два гады: у 1854 г. яго, па невядомым нам прычынам, з акадэміі выключылі“, — піша Генадзь Кісялёў. Прычына, як нам здаецца, была ў значным павелічэньні платы за праслухоўваньне лекцый, уведзеным у акадэміі з 1 лютага 1854 г. 50 рублёў срэбрам у год — гэту даволі значную па тых часах суму ня мог унесьці ва ўнівэрсытэцкую касу малады разначынец, якому не даводзілася разьлічваць на шчодрую дапамогу свайго „татачкі“»[2].
5. Вераніцын — першы зь беларускіх пісьменьнікаў, хто вывеў беларускага селяніна галоўным героем
Гэта адзначаў у 1940 годзе малады літаратуразнаўца Барыс Іофе: «Вобраз Тараса — вялікае, калі не галоўнае дасягненьне ўсёй паэмы. Гэта першы рэалістычны вобраз беларуса ў нашай літаратуры. /.../ Тарас пазбаўлены шаржу і гратэску... пазбаўлены ён і сантымэнтальнасьці, ідылічнасьці і дыдактыкі беларускіх вобразаў Рыпінскага, Чачота, Баршчэўскага і Дуніна-Марцінкевіча... паэма ўпершыню ўзьвяла Тараса, селяніна-палясоўшчыка, на Парнас беларускай паэзіі»[4].
Пісьменьнік Іван Навуменка ў 1967-м дадаваў: «Сьцьвярджаючы ў паэме права беларускага селяніна быць галоўным героем літаратуры, аўтар тым самым сьцьвярджае і эстэтычную вартасьць яго мовы, яе вобразна-паэтычных сродкаў»[5].
6. Некаторыя дасьледчыкі лічылі, што ў вобразе Парнаса аўтар паказаў пекла
Іван Навуменка зрабіў цікавую заўвагу: «Іншы раз здаецца, што аўтар... малюе не Парнас, ня рай, а пекла. Дарэчы, і палясоўшчык Тарас, ратуючыся ад мядзьведзя, паляцеў не на неба, а ў яму, прорву»[5].
Літаратуразнаўца Эдуард Садаўнічы параўноўвае пачатак паэмы з «Боскай камэдыяй» Дантэ: «Героя твору італьянскага паэта ў дрымучым лесе перасьледуюць зьвяры — алегарычнае ўвасабленьне асноўных тыпаў чалавечых грахоў, — і ён [як і Тарас, уцякаючы] трапляе на той сьвет...»[6].
7. Беларускія дасьледчыкі пісалі пра твор Вераніцына як пра паэму, якая парывала з ланцугамі расейскага панаваньня
У 1929 годзе вучоны Д.М. Васілеўскі пісаў: «У 90-х гадох ХІХ стагодзьдзя гэта быў адзіны твор, які парываў ланцугі панаваньня ў нас расійскае школы. Паэма пашыралася ў тысячах сьпіскаў сярод вучняў і будзіла пачуцьцё краёвасьці, сузнаньня нашых асаблівасьцяў у мове, быце. Праз школу паэма трапляла ў хату селяніна і цьвёрда там асядала. У той час, калі расійскія шавіністыя пашыралі думку, што беларусы — няздольнае, выміраючае племя, што для яго актывізацыі неабходна памяшаць кроў беларуса і расійца шляхам калянізацыі апошніх на Беларусь, паэма нейкай сваёй сонечнасьцю разганяла сумныя думкі мужыка, падтрымлівала веру ў народныя здольнасьці сярод мясцовай інтэлігенцыі»[7]. Праз год пасьля гэтага артыкула Васілеўскі быў арыштаваны і да сярэдзіны 50-х быў у зьняволеньні.
8. Барыс Іофэ абверг тэзу, што аўтарам паэмы быў Дунін-Марцінкевіч
У першай палове ХХ стагодзьдзя досыць папулярнай была вэрсія, што «Тараса...» напісаў аўтар «Сялянкі». Іофэ на гэта зазначаў: «Дунін-Марцінкевіч усе свае творы пісаў сылябічным вершам... „Тарас“ жа напісан чатырохстопным ямбам, танічным мэтрам народнай паэзіі. Бытапіс „Тараса“ куды жывей і праўдзівей, чым у Дуніна-Марцінкевіча. Апошні пры апісаньні народу зьбіваўся на сэнтымэнталізм. Дунін-Марцінкевіч у сваіх творах значнае месца адводзіць польскім пісьменьнікам і нідзе не ўпамінае рускіх... Творы Марцінкевіча характэрны сваёй дыдактыкай, якая адсутнічае ў „Тараса на Парнасе“.
Вядома, што першы твор Дуніна-Марцінкевіча — „Сялянка“ — выйшаў у 1846 годзе. Калі прызнаць яго аўтарам паэмы, прышлося б дапусьціць, што „Тарас на Парнасе“, напісаны раней 1846 года, зьяўляецца адным з самых раньніх твораў Марцінкевіча... Цяжка дапусьціць, што такі сьпелы ў літаратурных адносінах твор, як „Тарас“, мог напісаць Дунін-Марцінкевіч у самым пачатку свайго творчага шляху. Ці не пэўней будзе думаць, што... паэма зрабіла свой уплыў на... Марцінкевіча...»[4].
9. «Тарас на Парнасе» быў прадвесьнікам клясычных сялянскіх твораў Някрасава
«Беларускі палясоўшчык Тарас — ...прадвесьце някрасаўскага сялянскага эпасу 60-х гадоў („Мороз Красный Нос“, „Коробейники“). У гэтым сьцьверджаньні няма перабольшваньня, таму што „Тарас на Парнасе“ — паэма, створаная ў рэчышчы рускай дэмакратычнай традыцыі, у чым упэўнівае сувязь твору з праблемамі рускай літаратуры... [у паэме „Два д’яўлы“] беларускі аўтар сацыяльна завастрае горкую тэму [п’янства], на якую літаральна празь некалькі год (у сярэдзіне 60-х) выйдзе Някрасаў у „Кому на Руси жить хорошо“ (разьдзел „Пьяная ночь“). Абодва пісьменьнікі пратэстуюць супраць афіцыйнага „рэгуляванага“ спойваньня народу»[2].
10. Напрыканцы жыцьця выбраў для сябе дом, дзе ў свой час былі кватэры клясыкаў расейскай літаратуры
«Стацкі саветнік К.В. Вераніцын жыве з 1892 году па Паварскім завулку 12 /.../ Някрасаў пражыў тут каля году. У гэтым самым доме ў 1853–54 гадах кватараваў Тургенеў... даўжэй за іншых жыў Чарнышэўскі — са жніўня 1855 па чэрвень 1860 году. /.../ у гэтым доме пасьля свайго вяртаньня з высылкі бываў у Чарнышэўскага і Т. Шаўчэнка. /.../ вось такі дом аблюбаваў сабе пад канец жыцьця Вераніцын»[3].
11. Пішучы «Тараса на Парнасе», Вераніцын натхняўся эратызмам рамана «Яўген Анегін»
«...у паказе побыту жыхароў Алімпа эратычнай матывацыі паводзінаў пэрсанажаў аддаецца шмат увагі, і ў гэтым паэма перагукаецца з раманам А. Пушкіна. Прычым сувязь паміж творамі часам зусім непасрэдная. Напрыклад, пры апісаньні ў першым разьдзеле дня Анегіна адзначана:
Он три часа по крайней мере Пред зеркалами проводил И из уборной выходил Подобный ветренной Венере.
І нібыта працягваючы размову ў такой самай танальнасьці і іранічна патлумачваючы дзеяньні Анегіна, аўтар беларускай паэмы піша:
Во перад люстрам задам меліць І маслам мажа валасы Ды нечым белым твар свой беліць Вэнэра, знаць, дзеля красы.
Ствараючы вобраз Вэнэры, аўтар „Тараса на Парнасе“ адштурхоўваецца ня толькі ад пэўных рысаў Анегіна, але абапіраецца і на вобраз Вольгі Ларынай...
Кругла, красна лицом она, Как эта глупая луна На этом глупом небосклоне»[6].
12. Іван Чыгрынаў ня верыў, што можна знайсьці аўтара «Тараса на Парнасе»
«Зь дзяцінства я быў упэўнены, што немагчыма дзьве рэчы: каб людзі дабраліся да Месяца і каб быў адкрыты аўтар „Тараса...“»[8].
13. Васіль Вітка ставіў «Тараса на Парнасе» па значнасьці адразу пасьля «Слова аб палку Ігаравым»
«„Тарас на Парнасе“ для нас, беларусаў, — гэта, па сутнасьці, другая пасьля „Слова аб палку Ігаравым“ творчая вяршыня народнай паэтычнай думкі. /.../ Калі і зьяўляліся з-пад пяра літаратурных падзьвіжнікаў і народных самародкаў асобныя павучальныя прытчы, гутаркі, вершы, яны рэдка выходзілі за межы вузкага аматарства і старонак прыватных альбомаў»[9].
14. Генадзь Кісялёў быў расчараваны почыркам Вераніцына
«Упершыню бачу почырк свайго героя і, можна сказаць, расчароўваюся — занадта ён акуратны, каліграфічны, пазбаўлены індывідуальнасьці. Словам, почырк стараннага пісара, а не пісьменьніка і мысьляра. І толькі потым прыходзіць у галаву, што ў інстытуце ды, відаць, і па службе Вераніцыну нямала прыходзілася займацца чарчэньнем і, вядома ж, ён валодаў каліграфіяй»[3].
15. Дасьледчык, ня ведаючы, хто напісаў «Тараса», даказаў, што яго аўтар быў студэнтам Горы-Горацкага інстытуту
«...вядомы фальклярыст Е. Раманаў... адносіць напісаньне паэмы да студэнтаў Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі, Магілёўскай губэрні. На наш погляд, такая думка мае падставы для абгрунтаваньня. Ужо акадэмік Карскі ўказваў на характэрную магілёўскую мову... дыялектызмы, якія сустракаліся ў паэме... магілёўскага паходжаньня... Акрамя мовы даволі паказальна месца жыхарства і прыгод Тараса. /.../ На тэрыторыі Горацкага сельскагаспадарчага Інстытуту... паблізу фундамэнтальнай бібліятэкі ёсьць узгорак, які студэнты ўжо з даўных часоў і да гэтага часу называюць Парнасам. Насупроць узгорку, як частка надзвычайна маляўнічага месца, уздымаецца так званая Пятрова Горка. Тут зараз разьмешчаны Лясгас, а даўней было лясьніцтва. На той жа горцы, недалёка ад „Парнаса“, былі лазьні. На тэрыторыі інстытуту знаходзіцца невялічкае возера, якое, мусіць, і пільнаваў Тарас. Ці не гаворыць гэта аб паходжаньні паэмы ў Горках? Ва ўсякім выпадку, студэнты зь любога... будынка маглі бачыць усе памянёныя ў паэме месцы, разьмешчаныя ў парку Інстытуту ці блізка ад яго. /.../ Студэнты былі знаёмы з антычнай міталёгіяй... цікавіліся культурным жыцьцём Расіі... Калі гэта прыняць пад увагу, не зьдзіўляе, што аўтар паэмы, студэнт Горацкага сельскагаспадарчага Інстытуту, умела выкарыстоўваў элемэнты антычнай міталёгіі і дасканала ведаў навіны рускай літаратуры, у тым ліку і імя Лермантава. (У той час Лермантаў толькі станавіўся вядомым паэтам)»[4].
16. Мікалай Аладаў напісаў опэру, дзе палясоўшчыка Тараса прымалі за спакусьніка
Лібрэта стварыў пачынальнік беларускага музыказнаўства Юліян Дрэйзін. Паводле сюжэту: «Другі разьдзел опэры пачынаецца з ансамблевай сцэны: захавальніца сямейнага агменю Гера прыняла Тараса за „лайдака і спакусьніка“ і страшэнна раззлавалася. Кароткая лаянка — і гучыць дуэт-рознагалосьсе Тараса і Геры. Багіня ператвараецца ў звычайную крыклівую бабу». З прычыны першай хвалі рэпрэсій на пачатку 30-х опэра такі не была пастаўленая [10].
17. Калі працаваў настаўнікам, любіў праводзіць заняткі ня ў клясе, а на прыродзе
«...настаўнік Вераніцын не любіў сядзець у клясах, рабіў з вучнямі — „для разьвіцьця іх уважлівасьці і кемлівасьці“ — вучэбныя экскурсіі па маладэчанскіх ваколіцах, садзіў дрэвы ў сэмінарскім садзе. Апошнія гады ў дакумэнтах можна адчуць няпэўныя нараканьні дырэктара Дурава на залішнюю самастойнасьць настаўніка, на тое, што ён часам манкіруе ўрокамі»[3]. Вераніцын служыў у Маладэчанскай настаўніцкай сэмінарыі.
18. Наступны твор Вераніцына «Два д’яўлы» застаўся ў цені «Тараса на Парнасе»
«На жаль апошні твор [„Два д’яўлы“. — В. Дэ Эм.] выпаў зь літаратурнага працэсу і застаўся недаацэненым. Толькі дзякуючы намаганьням гісторыка В. Скалабана ён стаў вядомы і за апошнія два дзесяцігодзьдзі ўвайшоў ва ўсе хрэстаматыі літаратуры ХІХ стагодзьдзя»[8].
19. Кісялёву дапамагла знайсьці аўтара «Тараса на Парнасе» добрая памяць Антона Адамовіча
«Неяк, пасьля апублікаваньня ў „Полымі“ майго артыкула пра аўтарства „Тараса“ (1973), пазваніў Максім Лужанін і сказаў, што ён мае для мяне выпіску зь беларускага выданьня, якое выйшла ў 1963 годзе за мяжою.
— Гэты матэрыял можа прыдацца вам у рабоце над аўтарствам...
Матэрыял сапраўды аказаўся вельмі цікавы. Адзін з былых студэнтаў Беларускага ўнівэрсытэту [Антон Адамовіч. — В. Дэ Эм], які ў канцы 20-х гадоў слухаў лекцыі прафэсара Міхаіла Піятуховіча, успамінаў, што ў прафэсара былі два сшыткі вядомага пісьменьніка ХІХ стагодзьдзя Аляксандра Рыпінскага... Міхаіл Мікалаевіч вельмі бярог іх, відаць, зьбіраўся зрабіць публікацыю, і толькі аднойчы аўтару ўспамінаў удалося на перапынку, літаральна на дзесяць мінут, атрымаць гэтыя „грубыя сшытыя томікі на пажоўклай ужо, але яшчэ ня сыпкай паперы“. У адным сшытку быў перапісаны Рыпінскім тэкст „Тараса на Парнасе“. Пад тэкстам стаяла дата напісаньня паэмы — 1856 год — і імя аўтара — Канстанцін Вераніцын»[3].
20. Адам Мальдзіс захоўвае скепсіс адносна аўтарства Вераніцына
«Невялікі працэнт сумненьняў застаецца, бо няма прамых доказаў — арыгінала рукапісу паэмы ці прызнаньня ў аўтарстве самога Вераніцына. Сумняюся, што яны знойдуцца, але — раптам. І раптам абвергнуць вэрсію?»[11].
Выкарыстаная літаратура:
- Людміла Сяліцкая. Усміхніся, Тарас, у вусы... // Беларусь. 2001, № 7.
- Семен Букчин. Возвращение классиков // Нёман. 1990, № 12.
- Генадзь Кісялёў. Жылі-былі класікі. Хто напісаў паэмы «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе». Мінск, 2005
- Барыс Іофе. Паэма «Тарас на Парнасе». Аб часе і месцы напісання і гісторыка-літаратурным значэнні // Полымя рэвалюцыі. 1940, № 7.
- І. Я. Навуменка. Герой у сялянскай вопратцы / Пісьменнікі-дэмакраты. Мінск, 1967.
- Эдуард Садаўнічы. Рэмінісцэнцыі з рамана Аляксандра Пушкіна «Яўген Анегін» у паэме «Тарас на Парнасе» // Роднае слова. 2000, № 7.
- Д.М. Васілеўскі. Поэма «Тарас на Парнасе» ў краязнаўчым асьвятленьні / / Наш край. 1929, № 5 (44).
- Язэп Янушкевіч. Твор, які не павінен быў нарадзіцца / Канстанцін Вераніцын. Тарас на Парнасе. Мінск, 2009.
- Васіль Вітка. Народная паэма / Тарас на Парнасе. Мінск, 1967.
- Радаслава Аладава. «Тарас на Парнасе»: музычнае прачытанне // Роднае слова. 2000, № 7.
- Ірына Свірко. Ці знаў хто, братцы, з вас Тараса? // Рэспубліка. № 36–37. Пятніца, 15 лютага 2002 г.