Канцэрн «Белнафтахім» выставіў прэтэнзіі кампаніі «Роснефть» за забруджаную нафту ў памеры 155 млн даляраў. Паўмільёна даляраў патрабуе польская кампанія Orlen.
Пра гэта паведамляе маскоўскае выданьне «Коммерсантъ». Паводле выданьня, насамрэч пра такія сумы для Беларусі гаворкі не ідзе, але ва ўрадзе гатовыя абмяркоўваць кампэнсацыю толькі пасьля поўнага вырашэньня крызісу.
У канцы траўня кіраўнік «Роснефти» Ігар Сечын накіраваў ліст віцэ-прэм’еру Расеі Дзьмітрыю Козаку з просьбай паскорыць прыняцьце рашэньняў па кампэнсацыі стратаў расейскіх вытворцаў нафты ад забруджваньня сыравіны ў нафтаправодзе «Дружба».
Паводле крыніц, Сечын напісаў, што Мазырскі НПЗ хоча ад кампаніі кампэнсацыі стратаў ад паставак забруджанай нафты на 155 млн даляраў. Таксама з прэтэнзіямі звярнуўся польскі перапрацоўшчык Orlen — на 0,45 млн за недапастаўку нафты.
Гэтыя прэтэнзіі былі перанакіраваныя ў «Транснефть», але, як адзначыў Сечын, трубаправодная манаполія не гатовая іх задаволіць, бо гэта спробы «зарабіць на кампэнсацыях».
Між тым, гаворыцца ў лісьце, замежныя спажыўцы ўжо шукаюць на рынку замену расейскай нафце, а таксама набіраюць юрыстаў для аспрэчваньня судовых прэтэнзій.