Няякасная расейская нафта, якая вывела са строю нафтаправод «Дружба», прывяла да спыненьня экспарту беларускай нафты. Пра гэта Tut.by распавялі інфармаваныя крыніцы і пацьвердзілі ў канцэрне «Белнафтахім».
«Так, экспарт беларускай нафты стаіць. Аднаўленьне паставак прагназуем зь ліпеня», — сказалі ў «Белнафтахіме». У канцэрне спадзяюцца навярстаць аб’ёмы экспарту да канца году.
Раней паведамлялася, што з 10 чэрвеня павінна адкрыцца польскае адгалінаваньне нафтаправоду «Дружба».
У Беларусі здабычай нафты займаецца дзяржкампанія «Беларуснафта». За год яна здабывае 1,65 млн тон нафты. Уся беларуская нафта ідзе на экспарт.
«Гэта выгадна дзяржаве, таму што ўсё экспартнае мыта паступае ў бюджэт. Па-другое, гэта валютная выручка, якая станоўча ўплывае на гандлёвы балянс краіны», — тлумачыў Tut.by намесьнік гендырэктара «Беларуснафты» Сяргей Каморнікаў.
Беларускія заводы вырабляюць маторнае паліва з расейскай нафты, а «Беларуснафта» набывае нафтапрадукты ў айчынных НПЗ для рэалізацыі ў розьніцу і оптам.
Як сказаў 7 чэрвеня Аляксандру Лукашэнку гендырэктар «Нафтана» Аляксандар Дзямідаў, цяпер разглядаюцца некалькі варыянтаў далейшага разьвіцьця прадпрыемства, паведамляе БелТА.
«Мы сёньня дакладна пралічваем і глядзім на тры магчымыя далейшыя варыянты: паліўнае разьвіцьцё прадпрыемства (фактычна гэта тое ж самае, што пабудавана), паліўна-нафтахімічны і нафтахімічны — мы да яго, напэўна, больш схіляемся. Лічым, за гэтым будучыня», — сказаў Дзямідаў.
Беларуска-расейскі «нафтавы канфлікт». Асноўнае
- 11 красавіка 2019 году Аляксандар Лукашэнка прыгразіў закрыць на рамонт нафтаправод, па якім расейская нафта ідзе ў Эўропу. Гэтак ён адрэагаваў на абмежаваньні, якія Расея ўвяла на імпарт прадуктаў харчаваньня зь Беларусі.
- Гаворка ідзе пра паўднёвую галіну нафтаправоду «Дружба», апэратар якой — ААТ «Гомельтранснафта Дружба». Па ёй ідзе транзыт расейскай нафты ў Польшчу, Украіну, Вугоршчыну, Нямеччыну.
- 21 красавіка Беларусь прыняла рашэньне часова абмежаваць экспарт нафтапрадуктаў, бо беларускія НПЗ атрымалі партыю няякаснай расейскай нафты: узровень хлярыдаў вырас у 20 і больш разоў, сьцьвярджае афіцыйны Менск. На Мазырскім НПЗ заявлі, што няякасная нафта пашкодзіла дарагое абсталяваньне.
- Расейскі бок прызнаў факт пастаўкі няякаснай нафты.
- Беларускі бок заяўляе, што страты ад спыненьня паставак могуць скласьці некалькі сотняў мільёнаў даляраў.
- 23 красавіка намесьнік гендырэктара Беларускай нафтавай кампаніі (БНК) Сяргей Грыб паведаміў, што празь няякасную расейскую нафту Беларусь вымушана прыпыніла экспарт сьветлых нафтапрадуктаў (бэнзін і дызпаліва) ва Ўкраіну, Польшчу і краіны Балтыі.
- Таксама Грыб заявіў, што Беларусь гатовая да канца году пачаць альтэрнатыўныя расейскай пастаўкі нафты: адзін з варыянтаў — праз марскія парты краінаў Балтыі, другі — праз Адэсу і нафтправод Адэса—Броды на Мазырскі НПЗ.
- Пытаньні да якасьці расейскай нафты паўсталі на фоне спрэчак Беларусі і Расеі, калі Масква адхіліла прапанову Менску павялічыць тарыф на транзыт нафты адразу на 23,1% у сувязі з захадамі экалягічнай бясьпекі.
-
26 красавіка расейцы завялі крымінальную справу аб забруджваньні нафты. Меркавана, хлёрарганіку ўкінулі праз прыватны трубаправод у Самарскай вобласьці.
27 красавіка прэмʼер-міністар Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў загадаў цягам 7 дзён пакараць адказных за забруджаньне нафты ў трубапровадзе «Дружба».
- 20 стузеня 2020 году Беларусь дамовілася з расейскім бокам пра падыходы і мэтодыку кампэнсацыі за забруджаную нафту