У Алматы ля плошчы Астана праходзяць новыя затрыманьні людзей на фоне заявы Цэнтральнай выбарчай камісіі аб перамозе дзейнага прэзыдэнта Казахстану Касым-Жамарта Такаева на датэрміновых выбарах.
Такаеў, прызначаны Нурсултанам Назарбаевым выканаўцам абавязкаў прэзыдэнта, набраў 70,76% галасоў. За апазыцыянэра Аміржана Касанава налічылі 16,02%. Кандыдатка ад «канструктыўнай апазыцыі», першая ў гісторыі краіны жанчына-кандыдатка ў прэзыдэнты, набрала 5,2%, паводле ЦВК. Іншыя кандыдаты мелі менш за 5%.
Рэпартэр Радыё Азатык на месцы падзей стаў сьведкам таго, як супрацоўнікі спэцпадразьдзяленьня затрымалі каля 20 чалавек і пагрузілі іх у аўтазакі, нягледзячы на тое, што людзі не скандавалі ніякіх лёзунгаў і казалі паліцыянтам, што ўсяго толькі шпацыруюць у гэтым месцы.
10 чэрвеня сотні паліцыянтаў застаюцца ў раёне Палаца моладзі ў сталіцы, каля якога ўчора праходзіла акцыя пратэсту грамадзян, якія сьцьвярджаюць, што выбары 9 чэрвеня не зьяўляюцца сумленнымі і свабоднымі.
Паводле дадзеных міністэрства ўнутраных спраў Казахстану, у Алматы і Нур-Султане было затрымана «каля 500 чалавек». Між тым з раніцы 10 чэрвеня паступае інфармацыя аб тым, што затрыманых пасьля выязных судоў, якія доўжыліся да самай раніцы, пад канвоем перавозяць у іншыя населеныя пункты, як мяркуецца, у сувязі зь «недахопам месцаў у спэцпрыёмніку для адміністрацыйна асуджаных».
Паводле зьвестак праваабаронцаў, у Алматы 9 чэрвеня паліцыя затрымала каля 400 чалавек. У Нур-Султане колькасьць затрыманых, згодна з паведамленьнямі, таксама складае сотні чалавек.
Цэнтральная выбарчая камісія Казахстану 10 чэрвеня абвясьціла, што на выбарах 9 чэрвеня перамогу атрымаў дзейны прэзыдэнт краіны Касым-Жамарт Такаеў. Паводле афіцыйных дадзеных, за яго прагаласавалі 70,76 працэнта галасоў выбарнікаў.
Выбары прэзыдэнта Казахстану 9 чэрвеня сталі шостымі ў найноўшай гісторыі краіны і чацьвёртымі датэрміновымі. У іх упершыню за 30 гадоў у якасьці кандыдата ня ўдзельнічаў экс-прэзыдэнт Нурсултан Назарбаеў. Адначасова з галасаваньнем у Алматы, Нур-Султане і Шымкенце праходзілі несанкцыянаваныя акцыі пратэсту, удзельнікі якіх, у прыватнасьці, заклікалі байкатаваць выбары.