Аляксандар Лукашэнка 10 чэрвеня правёў сустрэчу зь міністрам унутраных справаў Ігарам Шуневічам наконт падрыхтоўкі да ІІ Эўрапейскіх гульняў у Менску. Як перадае прэс-служба Лукашэнкі, ён раскрытыкаваў дзейнасьць міністра.
«Мяне насьцярожвае, што мы часам, ня думаючы, у пляне перастрахоўкі або яшчэ чагосьці пачынаем ствараць ці то канцлягеры, ці то нейкія «гета» ў Беларусі, — казаў Аляксандар Лукашэнка Ігару Шуневічу. — Сёньня гляджу: да праезнай часткі выставілі падмуркавыя блёкі — чытай, будзем ставіць мэталёвыя агароджы ў раёне фанзоны. Гэта нам навошта? Таму за межы пешаходнага тратуару ніхто ня можа вылазіць з гэтымі агароджамі, і яны павінны быць цывілізаванымі.
Мы сёньня ня ў Сырыі, ня ў Лібіі, і ў нас не Ірак, каб усё гэта тварыць. Няхай гэта робяць у краінах дэмакратыі: у Францыі, Нямеччыне, Амэрыцы. А ў нас гэтага рабіць ня трэба: мы павінны працаваць так, каб людзі маглі вольна мець зносіны ў пэрыяд Эўрапейскіх гульняў і пасьля. Гэта значыць, празьмернасьцяў не павінна быць».
Лукашэнка заявіў, што агароджы – «гэта прапановы эўрапейскіх чыноўнікаў», але «трэба проста ім казаць, што мы гарантуем бясьпеку прыежджых бязь іх». Ён параіў на час Эўрапейскіх гульняў «не ператвараць Менск у сыстэму нейкіх агароджаў» і рабіць, як просіць старшыня Менгарвыканкаму. Кантраляваць выкананьне «бясьпекі без празьмернасьцяў» ён таксама даручыў старшыні Адміністрацыі прэзыдэнта Натальлі Качанавай.
Беларусы нямала крытыкавалі міністра, ня раз зьбіралі подпісы за яго адстаўку. Абураліся неабгрунтаванай жорсткасьцю міліцыі, дзеяньнямі «людзей у цывільным», гамафобнымі выказваньнямі міністра, нашэньнем ім формы савецкага НКВД, рэакцыяй на «зьнявагу» скульптуры «царскага гарадавога» ды іншым.