Госьць «Інтэрвію тыдня» — старшыня Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі. Ён заяўляе, што міліцыя фактычна абвясьціла цыганам нябачную вайну, адказвае на пытаньне, ці зьменшылася за апошні час колькасьць рэпрэсаваных, і тлумачыць, што стрымлівае ўлады ад таго, каб «разгарнуцца» па поўнай.
Сьцісла
- МУС зараджаны ксэнафобіяй, непрыманьнем людзей іншай нацыянальнасьці і нават забабонамі.
- Усе рэпрэсіўныя структуры — інструмэнты ўлады і знаходзяцца ў поўнай баявой гатоўнасьці.
- Дзеля паляпшэньня адносінаў з Захадам беларускія ўлады вымушаныя больш узважана кантраляваць грамадзянскую супольнасьць.
Актыўныя варожыя дзеяньні супраць групы людзей праводзіліся менавіта паводле нацыянальнай прыкметы
— Беларускае грамадзтва ўзрушана дзеяньнямі праваахоўных органаў у дачыненьні да цыганоў падчас расьсьледаваньня сьмерці супрацоўніка ДАІ ў Магілёве. Вы нядаўна даслалі зварот у Генпракуратуру з просьбай праверыць законнасьць затрыманьняў міліцыянтамі цыганоў 16 траўня ў Магілёве і прыняць неабходныя меры. Вы спадзеяцеся на нейкую грунтоўную рэакцыю — ці, як часта гэта бывае, Пракуратура дашле адпіску?
— Гэты зварот меў дзьве мэты. Першая — зьвярнуць увагу органаў пракуратуры, якія мусяць рэагаваць і адказваць на такія звароты. Спадзявацца на шчырую рэакцыю не даводзіцца. Але ўлічваючы тое, што мой зварот не адзіны, — Пракуратура фармальна будзе зьвяртацца ў МУС з просьбай патлумачыць сытуацыю.
У любым выпадку такія звароты, як мой, важныя і нейкую ролю адыграюць. Улічваючы закрытасьць нашай сыстэмы, ніколі ня ведаеш, як яна адгукнецца. Часам такія звароты выклікалі рэакцыю, якая дапамагала спыніць рэпрэсіі. Улічваючы, што гэта адзін зь нямногіх рычагоў, якія могуць паўплываць на сытуацыю, — трэба выкарыстоўваць усё, што ёсьць.
На жаль, у Беларусі няма грамадзкіх радаў пры сілавых міністэрствах, як гэта ёсьць ва Ўкраіне і Расеі. Улады таксама ня вельмі зьвяртаюць увагу на дзейнасьць незалежных журналістаў, якія пішуць на гэтыя тэмы. Але агульнымі намаганьнямі чагосьці дабіцца можна.
— На вашую думку, чым былі выкліканыя такія дзеяньні з боку міліцыі ў дачыненьні да цыганоў? Ці было гэта дэманстрацыяй сілы? Альбо, можа, наадварот — помста ад бясьсільля, жаданьне выказаць сваю злосьць на безабаронных людзях?
— Па-першае, гэта паказвае ўзровень непрафэсіяналізму ў сыстэме рэгіянальных аддзяленьняў МУС. Па непраўдзівай (як пазьней аказалася) наводцы былі зробленыя арганізаваныя дзеяньні супраць нацыянальнай мяншыні. Плюс гэта паказвае ўвогуле неспрыяльны міжнацыянальны клімат у Беларусі. Калі даходзіць да канкрэтных выпадкаў, то справы ў нас не такія добрыя, і дзяржава не працуе пасьлядоўна ў гэтым кірунку. У нас нібыта «няма нацыянальных праблемаў» — калі няма нацыянальных мяншыняў.
Мы бачым, як ксэнафобія, непрыязныя адносіны, забабоны ў дачыненьні да людзей іншых нацыянальнасьцяў лезуць ва ўсе шчыліны. І дзяржава не гатовая адказваць на гэты выклік, бо няма ніякіх інстытуцыяў (ані дзяржаўных, ані грамадзкіх, якія падтрымліваюцца дзяржавай), дзейнасьць якіх накіраваная на адукацыйныя, асьветніцкія мерапрыемствы, якія паказваюць, што ўсе людзі роўныя.
Замест гэтага мы бачым, што МУС зараджаны ксэнафобіяй, непрыманьнем людзей іншай нацыянальнасьці і нават забабонамі. У дадзенай сытуацыі міліцыя фактычна абвясьціла цыганам нябачную вайну. Праводзіліся актыўныя варожыя дзеяньні супраць групы людзей менавіта паводле нацыянальнай прыкметы. І я такога нч памятаю. Зразумела, што загадаў наўпрост з кіраўніцтва МУС не было, але тэлефоннае права, негалосныя ўказаньні яўна былі, і магілёўскім міліцыянтам быў дадзены загад здабыць гэтую інфармацыю любым коштам.
Усе рэпрэсіўныя структуры — інструмэнты ўлады і знаходзяцца ў поўнай баявой гатоўнасьці
— Апошнія гады ў беларускай экспэртнай супольнасьці ідзе дыскусія на тэму, ці адбываецца ў краіне пэўная «лібэралізацыя» ўнутранага жыцьця. Але даволі шмат фактаў, якія сьведчаць, што сытуацыя, наадварот, пагаршаецца...
— Цяжка казаць дакладна, бо сытуацыя ў любы момант можа памяняцца — мы тут як на амэрыканскіх горках, казаць пра нейкія ўстойлівыя тэндэнцыі не даводзіцца. Так, сёньня ня столькі палітвязьняў, як было ў 2011 годзе — але ў любы момант гэта можа зьмяніцца.
Адзінае, што можна адзначыць, — для тых, хто хоча працаваць у грамадзкай сфэры, магчымасьцяў стала больш. Незразумела, колькі гэта можа працягвацца. Мы ўвесь час знаходзім пацьверджаньні, што ўсе рэпрэсіўныя структуры — інструмэнты ўлады і знаходзяцца ў поўнай баявой гатоўнасьці. І ў любы момант гэтыя дывізіі могуць быць разгорнутыя і сытуацыя ўнутры краіны можа пагоршыцца.
Цяпер улады вымушаныя больш узважана кантраляваць грамадзянскую супольнасьць, робіцца гэта больш асьцярожна, у пальчатках. Так, менш людзей сядзіць на сутках, але колькасьць аштрафаваных застаецца вельмі вялікай, гэта дзясяткі актывістаў. Паводле нашай статыстыкі, толькі за красавік быў пакараны 51 чалавек, было вынесена штрафаў на суму 36 тысяч рублёў. Грамадзкія актывісты правялі за гэты месяц 43 сутак за кратамі.
Для кожнага з гэтых людзей затрыманьне, суд, штраф — гэта вельмі сур’ёзнае выпрабаваньне.
— Тое, што дзяржава ажыцьцяўляе кантроль над грамадзтвам больш асьцярожна, больш, скажам так, «стрымана» — гэта вынік нейкіх зьменаў у сьвядомасьці сілавых структураў ці проста ёсьць замежнапалітычны чыньнік? Дзяржава паводзіць сабе больш «стрымана» толькі таму, што адносіны з Захадам для афіцыйнага Менску цяпер больш важныя, чым раней?
— Безумоўна, мае месца другі варыянт. Актывізацыя адносінаў з Захадам, якую мы бачым па візытах розных прадстаўнікоў Эўразьвязу ў Менск, — актывізацыя гэтых кантактаў назіраецца. Таму ўлады вымушаныя зьвяртаць больш увагі на рэакцыю Захаду на сытуацыю з правамі чалавека. Гэта такое іхняе вымушанае адступленьне.
Я думаю, дай волю Шуневічу — і тое, што адбывалася з цыганамі, вельмі лёгка магло б адбыцца з грамадзкімі актывістамі, актывістамі палітычных партыяў. Урэшце, гэта ўсё яшчэ можа нас чакаць наперадзе.