Яму выстаўлена афіцыйнае абвінавачаньне ў замаху на збыт наркотыкаў у асабліва буйным памеры. Артыкул прадугледжвае ад 10 да 20 гадоў зьняволеньня.
Івана Галунова, які расьсьледуе карупцыю, затрымалі паводле падазрэньня ў спробе продажу наркотыкаў 6 чэрвеня. Галуноў настойвае, што яму падкінулі два пакеты зь невядомым рэчывам. У яго адабралі тэлефон і не дазвалялі выклікаць адваката. Ён таксама паскардзіўся на зьбіцьцё пасьля затрыманьня, піша «Медуза».
Выданьне паведаміла, што ў Галунова страсеньне мозгу і падазрэньне на пералом рэбраў.
Паводле Расейскай службы Бі-бі-сі, Галунова затрымалі па дарозе на сустрэчу з крыніцай. У «Медузе» ён пісаў аб дзяржаўных закупках у маскоўскай мэрыі, апублікаваўшы шэраг гучных расьсьледаваньняў. Да гэтага ён працаваў у РБК і на тэлеканале «Дождь» у праграмах Леаніда Парфёнава і Ксеніі Сабчак.
Радыё Свабода ў Расеі праводзіла ўласнае расьсьледаваньне ў дачыненьні да начальніка Аддзела кантролю за абарачэньнем наркотыкаў УУС у Заходняй адміністрацыйнай акрузе, супрацоўнікі якога затрымлівалі Галунова. Гэта палкоўнік паліцыі Андрэй Шчыраў.
У расьсьледаваньні сьцьвярджаецца, што знаёмая Шчырава, інфармантка таджыцкіх і расейскіх спэцслужбаў Ульяна Хмялёва паведамляла, што Шчыраў прымаў удзел у фабрыкацыі крымінальных справаў. Хмялёва кажа, што ўдзельнічала ў апэратыўным сачэньні за самім Шчыравым, які нібыта разам з калегам прывёз у Маскву 170 кг гераіну і быў затрыманы супрацоўнікамі Дзяржнаркакантролю РФ, але крымінальная справа не была заведзеная.
Прачытаць расьсьледаваньне Радыё Свабода можна тут.