У Крупскім райаддзеле міліцыі Менскай вобласьці паведамілі Свабодзе, што затрыманы ўчора за пэрформанс мастак Алесь Пушкін застаецца ў іх пад вартай. Але ягонай сям’і пра гэта да раніцы так і не сказалі.
Начальнік Крупскага РАУС Дзьмітры Фіцкевіч у размове з карэспандэнтам Свабоды прызнаў, што ў міліцыі дагэтуль трымаюць мастака Алеся Пушкіна, але адмовіўся паведаміць, ці будзе над ім суд і калі пачнецца працэс.
«Яго ўтрымліваюць там, дзе вызначылі органы ўнутраных спраў, а калі адбудзецца суд, гэтага я камэнтаваць ня буду», — сказаў начальнік Крупскай раённай міліцыі.
У Крупскім раённым судзе адміністрацыйнай справы на Алеся Пушкіна а 10-й раніцы яшчэ не было, паведамілі ў канцылярыі суду.
Жонка Алеся Яніна занепакоеная адсутнасьцю зьвестак пра мужа пасьля ягонага затрыманьня 6 чэрвеня.
«З таго часу нічога пра лёс Алеся ня ведаю, буду зьвязваецца з праваабаронцамі, каб атрымаць дапамогу на выпадак суду», — сказала Яніна карэспандэнту Свабоды.
Вядомы мастак Алесь Пушкін быў затрыманы ў Крупках 6 чэрвеня падчас пэрформансу супраць дыскрымінацыі беларускай мовы і русіфікацыі.
Алесь Пушкін выйшаў да крамы сеткі «Эўраопт» у цэнтры Крупак з плякатамі «Achtung Russia!» і «Bloodymir!» з выявамі Пуціна, а таксама плякатамі «Stop russian agression on Europe» («Спыніце расейскую агрэсію ў Эўропе»), «Russia — war!» («Расея — вайна»), «Беларусь у NATO» і сьцягам Паўночнаатлянтычнага альянсу. Акцыя мастака працягнулася паўгадзіны, а 17 гадзіне да крамы прыбыў нарад міліцыі, які затрымаў Пушкіна. Алесь адмовіўся ісьці сам, і тады міліцыянты зацягнулі яго ў службовы аўтамабіль.