Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шэнгенскія візы падаражэюць да 80 эўра

абноўлена

Фота © Shutterstock
Фота © Shutterstock

Рада Эўразьвязу 6 чэрвеня прыняла зьмены ў Візавы кодэкс, паводле якіх консульскі збор павялічыцца з 60 да 80 эўра.

Якія зьмены прадугледжвае візавы кодэкс?

  • Візавы збор павялічылі да 80 эўра. Памер візавага збору можа быць зьніжаны, калі паміж Эўразьвязам і дзяржавай ёсьць пагадненьне аб рэадмісіі.
Рэадмісія — абавязаньне краіны прымаць сваіх грамадзянаў, дэпартаваных зь іншай дзяржавы, і іншаземцаў, якія праз тэрыторыю краіны нелегальна трапляюць на чужую тэрыторыю
  • Падаваць заяву на візу можна будзе за паўгода да паездкі (але не пазьней як за 15 дзён).
  • Запаўняць і падаваць заяўку можна будзе ў электронным выглядзе.
  • Для вандроўнікаў са станоўчай гісторыяй ранейшых візаў тэрмін наступнай будуць паступова павялічваць на 1–5 гадоў.

Калі гэтыя зьмены набудуць моц?

Дакладная дата не вядомая. Зьмены набудуць моц праз паўгода пасьля публікацыі ў Афіцыйным часопісе Эўразьвязу.

Ці падаражэюць візы для беларусаў?

Візы падаражэюць, калі да моманту ўваходжаньня ў сілу новага візавага кодэксу не запрацуюць пагадненьні паміж Беларусьсю і Эўразьвязам па спрашчэньні візавага рэжыму і рэадмісіі.

Эўразьвяз разьлічвае на зацьверджаньне Беларусьсю папярэдняга пагадненьня, якое прадугледжвае візавы збор памерам 35 эўра. Гэтае пагадненьне павінна зрабіць бясплатнымі візы для:

  • навучэнцаў і студэнтаў;
  • дзяцей да 12 гадоў;
  • прадстаўнікоў арганізацый грамадзянскай супольнасьці.

Калі дамову пра візы па 35 эўра падпішуць, яна набудзе моц толькі праз паўгода пасьля падпісаньня. Такім чынам, беларусам некалькі месяцаў прыйдзецца плаціць за шэнген 80 эўра, казаў Свабодзе дасьледчы дырэктар цэнтру «EAST» Андрэй Елісееў.

Сёлета ў лютым кіраўніца прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі Андрэа Віктарын выказала спадзеў, што перамовы аб спрашчэньні візавага рэжыму паміж Беларусьсю і Эўразьвязам завершацца да павышэньня візавага збору, пісаў Tut.by. У сьнежні 2018 году Ўладзімер Макей заяўляў, што падчас гэтых перамоваў з боку Эўрапейскага Зьвязу «пастаянна ўзьнікаюць новыя моманты».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG