Міністар замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў заяўляе, што яго краіна зацікаўленая, каб «Украіна была пасьпяховай дзяржавай з эканомікай, якая разьвіваецца». Пра гэта кіраўнік расейскай дыпляматыі заявіў у інтэрвію РБК перад пачаткам 6 чэрвеня эканамічнага форуму ў Санкт-Пецярбургу.
«Але ўлада ў Кіеве кажа, што яна будзе душыць расейцаў, прычым ня проста кажа, а прымае законы — аб адукацыі, аб украінскай як дзяржаўнай мове, скасоўвае заканадаўчыя акты, якія забясьпечвалі правы расейскамоўных ды іншых нацыянальных меншасьцяў... Сэрыя законаў, якая, відаць, з разьліку Парашэнкі, павінна загнаць новую адміністрацыю ў Кіеве ў кут і не выпускаць яе з антырасейскага палону», — сказаў Лаўроў.
Ён заявіў, што ва Ўкраіне жывуць «мільёны нашых суайчыньнікаў». «Яны грамадзяне Ўкраіны, але многія зь іх — грамадзяне Расеі. Іх будзе больш, улічваючы рашэньні, аформленыя ўказам прэзыдэнта», — сказаў Лаўроў, маючы на ўвазе рашэньне расейскага лідэра Ўладзіміра Пуціна аб спрошчаным мэханізьме наданьня грамадзянства Расеі жыхарам акупаваных тэрыторыяў украінскага Данбасу.
Таксама, паводле Лаўрова, перамоваў лідэраў Украіны, Расеі, Нямеччыны і Францыі ў «нармандзкім фармаце» з нуля ня будзе, для іх аднаўленьня трэба аформіць папярэднія дамоўленасьці дакумэнтальна.
«Мы пакуль нават ня ведаем, якая палітыка будзе ў новага кіраўніцтва Ўкраіны на напрамку менскіх дамоўленасьцяў і ў цэлым на расейскім напрамку. Адтуль даносяцца досыць размытыя сыгналы. Напрыклад, што трэба праводзіць рэфэрэндум пра тое, ці аднаўляць перамовы з Расеяй», — сказаў Лаўроў.
Адміністрацыя прэзыдэнта Ўкраіны Уладзіміра Зяленскага разглядае вынясеньне на рэфэрэндум пытаньня пра мірныя пагадненьні з Расеяй, заявіў 21 траўня кіраўнік адміністрацыі Андрэй Богдан.
«Канчатковае рашэньне, калі яно неадназначна будзе ўспрынята грамадзтвам, калі там будуць пункты праблемныя для ўспрыманьня тымі або іншымі, можа быць вынесенае на рэфэрэндум, каб ня нейкі палітык прымаў рашэньне, якое расколвае грамадзтва, а каб сам народ, само грамадзтва прыняло такое рашэньне, ці падыходзяць тыя або іншыя дамоўленасьці», — сказаў Богдан.
У сакавіку 2014 году Расея анэксавала ўкраінскі паўвостраў Крым. Праз некалькі тыдняў на Данбасе пачаўся ўзброены канфлікт паміж Украінай і вайскоўцамі, што падтрымліваюцца Расеяй, у выніку якога, паводле дадзеных ААН на канец 2018 году, загінула каля 13 000 чалавек.
Пяць гадоў таму, 6 чэрвеня 2014 году, на адзначэньне 70-й гадавіны высадкі саюзных войскаў у Нармандыі былі запрошаныя прэзыдэнты Ўкраіны Пятро Парашэнка і Расеі Ўладзімір Пуцін. Нефармальныя дамоўленасьці, дасягнутыя тады паміж кіраўнікамі Францыі, Нямеччыны, Украіны і Расеі, паклалі пачатак дыялёгу ў справе мірнага ўрэгуляваньня на Данбасе, вядомым як «нармандзкі фармат». Гэты дыялёг цяпер прыпынены.