Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка дазволіў страляць па дронах


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі апублікавала камэнтар да ягонага ўказу «Аб прадухіленьні палётаў авіямадэляў і бесьпілётных лётных апаратаў», падпісанага 5 ліпеня. Сам указ пакуль не апублікаваны.

У камэнтары сьцьвярджаецца, што вайскоўцам і супрацоўнікам органаў унутраных справаў і ваенізаванай аховы цяпер можна ўжываць фізычную сілу, спэцыяльныя сродкі, зброю і баявую тэхніку супраць дронаў, якія лятаюць, «парушаючы вызначаны парадак».

Сродкі можна ўжываць для таго, каб вымусіць дрон сесьці, пашкодзіць яго або нават зьнішчыць. Указ вызваляе службоўцаў ад кампэнсацыі шкоды ўладальніку апарата ў такіх выпадках.

Год таму пра дазвол зьбіваць дроны прасіла Міністэрства абароны. У 2016 годзе на рэкамэндацыю вайсковага ведамства вызначылі спэцыяльныя зоны, над якімі забароненыя палёты любых клясаў авіямадэляў і бесьпілётных лятальных апаратаў без адмысловага дазволу. Гэта тлумачылася меркаваньнямі нацыянальнай бясьпекі.

Сьпіс мяняўся, але ў інтэрнэце можна паглядзець актуальны стан забарон на кадастравай мапе. Палёты забароненыя над межамі дзяржавы, некаторымі прадпрыемствамі, а таксама рэзыдэнцыямі Лукашэнкі. Дадатковыя абмежаваньні ўведзеныя на час Эўрапейскіх гульняў.

«Сусьветны досьвед паказвае, што адзіным эфэктыўным спосабам забесьпячэньня бясьпекі ў выпадку несанкцыянаваных палётаў у такіх зонах ёсьць непасрэднае ўзьдзеяньне на падобныя лётныя апараты», — сьцьвярджаецца ў камэнтары да ўказу.

Для такога «ўзьдзеяньня» ў Беларусі распрацаваныя ўласныя радыёэлектронныя «стрэльбы», якія дэманстраваліся на выставе MILEX. З камэнтару да ўказу выглядае, што ўказ не забараняе ўжываць супраць дронаў і іншыя сродкі: хоць агнястрэльную зброю, хоць палкі.

Радыёэлектроннае ружжо «Гроза-Р» можа заглушыць навігацыйную апаратуру дрона на адлегласьці 5 км
Радыёэлектроннае ружжо «Гроза-Р» можа заглушыць навігацыйную апаратуру дрона на адлегласьці 5 км
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG