Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падчас Эўрагульняў забаранілі заклікаць да несанкцыянаваных акцый і абмежавалі запуск дронаў


Талісман Эўрагульняў Лесік
Талісман Эўрагульняў Лесік

У Беларусі падчас правядзеньня II Эўрапейскіх гульняў будуць блякаваць усе сайты з заклікамі да ўдзелу ў несанкцыянаваных масавых акцыях і мітынгах.

20 траўня Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ № 191 «Аб мерах бясьпекі ў пэрыяд правядзеньня II Эўрапейскіх гульняў 2019 году», згодна зь якім у Менску і Менскім раёне з 17 чэрвеня па 2 ліпеня 2019 году ўводзяцца дадатковыя меры бясьпекі.

Згодна з дакумэнтам інтэрнэт-рэсурсы павінны быць заблякаваныя ў выпадку, калі яны ў пэрыяд з 20 траўня па 30 чэрвеня зьмяшчаюць заклікі да ўдзелу ў масавых мерапрыемствах, ажыцьцяўленьня экстрэмісцкай дзейнасьці ці іншых дзеяньняў, здольных дэзарганізаваць правядзеньне Эўрапейскіх гульняў.

Акрамя таго, падчас Эўрагульняў забаронена выкарыстоўваць бесьпілётныя лятальныя апараты на спартыўных аб’ектах, у гатэлях і фан-зонах. Пры парушэньні забароны бесьпілётныя апараты будуць канфіскоўваць.

У дакумэнце таксама прапісаны парадак прыцягненьня да аховы грамадзкага парадку вайскоўцаў. Супрацоўнікам гасьцініц дазваляецца праводзіць надгляд рэчаў, дакумэнтаў і транспартных сродкаў.

Эўрапейскія гульні — 2019. Што важна ведаць

Другія Эўрапейскія гульні прайшлі у Менску з 21 па 30 чэрвеня 2019 году.

  • На падрыхтоўку і правядзеньне II Эўрапейскіх гульняў Беларусь выдаткавала ня менш за 840 мільёнаў рублёў (каля 400–430 млн даляраў).
  • За два гады да гульняў Аляксандар Лукашэнка заяўляў, што Беларусі трэба будзе затраціць ня болей за 50 млн даляраў плюс дапамогуць эўрапейскія структуры. У кастрычніку 2018 году агучвалі ўдвая большую суму, у чэрвені 2019-га — у пяць з паловай раза большую. Выніковую суму абяцаюць назваць у студзені 2020 году.
  • З квітком на гульні можна было бязь візы трапіць у Беларусь празь любы памежны пункт.
  • Паводле папярэдніх падлікаў, Беларусь за час Эўрапейскіх гульняў наведалі 37 450 турыстаў, зь іх каля 7 тысяч чалавек былі акрэдытаваныя на гульні. Для параўнаньня, на чэмпіянат сьвету па хакеі ў Менск у 2014 годзе прыехалі 80 тысяч замежных турыстаў.​
  • Падчас гульняў у Беларусі працавалі супрацоўнікі МУС Расеі.
  • Адкрыцьцё гульняў прысьвяцілі гісторыі Беларусі, закрыцьцё — сучаснасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG