Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму пераважна жанчыны чакаюць блізкіх з турмы

абноўлена

Чаму збольшага менавіта жанчыны чакаюць сваіх блізкіх, якія трапілі за краты? Як мяняецца жанчына, якая чакае, якая змагаецца за асуджанага блізкага чалавека? І ў якіх выпадках ня трэба ахвяраваць сваім жыцьцём? Абмяркоўваюць Валянціна Аліневіч, маці былога палітвязьня Ігара Аліневіча, актывістка грамадзянскай ініцыятывы «За справядлівы прысуд» Людміла Кучура, чый муж знаходзіцца за кратамі ўжо 13 гадоў, і аўтарка кнігі «Турма. Мужчына і жанчына» Алена Струвэ.

«Калі здараецца бяда, як можна кінуць гэтага чалавека і не змагацца?»

Ганна Соўсь: Людміла, ваш муж быў асуджаны на 18 гадоў за забойства дзяржінспэктара на паляваньні. Вы чакаеце мужа з турмы ўжо 13 гадоў. Што дае вам сілы чакаць? І ня толькі чакаць, але і змагацца за яго вызваленьне?

Актывістка грамадзянскай ініцыятывы «За справядлівы прысуд» Людміла Кучура
Актывістка грамадзянскай ініцыятывы «За справядлівы прысуд» Людміла Кучура

Людміла Кучура: У сьнежні будзе 14 год, як ён адбывае пакараньне. Як я ўсюды пішу, чужое пакараньне. Чаму я змагаюся за мужа і чакаю яго? Бываюць розныя сем’і, і ў асноўным, напэўна, залежыць ад стаўленьня мужчыны да сваёй сям’і, да дзяцей, да жонкі. Калі добрая сям’я, калі станоўчы муж, як кажуць у народзе, ня п’е, ня б’е, стараецца, каб сям’я была заможнай, каб усё было. Калі здараецца такая бяда, то як можна нават толькі за гэта кінуць гэтага чалавека і не змагацца?

Больш за тое, калі ты ведаеш, што чалавек невінаваты, то тут сам Бог загадаў: трэба змагацца, трэба яму дапамагаць, каб ён змог вынесьці тое, што адбываецца ў калёніях. А ў нашых калёніях, канешне, нічога добрага няма для асуджаных. Таму я толькі лічу, што любая жанчына заўсёды пойдзе за мужам, калі сам муж добра ставіўся да жонкі, сям’і, любіў сваю сям’ю, любіў сваю жонку.

Я ня ведаю, як бы я сябе павяла, калі б мой муж быў зусім іншы. І я не адна такая. Ёсьць яшчэ прыклады такіх жанчын, як я. Магчыма, яны ня так змагаюцца, як гэта я раблю. На працягу ўжо 14 гадоў я не спыняюся, мы пішам скаргі пра невінаватасьць мужа, у калёніі мы стараемся адстойваць свае правы — і муж адстойвае, і я яму дапамагаю. Іншага я ня бачу. Такіх гераінь многа...

Хацелася б прывесьці ў прыклад Марыю Бут-Гусаім, у якой мужа асудзілі на пажыцьцёвае зьняволеньне. Жанчына ў 40 гадоў застаецца адна з двума дзецьмі, і муж на пажыцьцёвым. Чалавека, можна сказаць, можна ўжо выкрасьліць з жыцьця! А гэтая жанчына, нягледзячы на тое, што пажыцьцёвае зьняволеньне, мужа ня кінула, і сумела яго дачакацца — так пашанцавала, што яму праз 12 год зьнялі пажыцьцёвае, зьнялі тэрмін, ён выйшаў, прабыў дома тры гады і памёр. Зноў-такі, у іх сям’я была добрая, муж быў добры. Вось гэта і грае вялікую ролю, што жанчына і змагаецца, і чакае.

Ганна Соўсь: Людміла, за гэтыя 13 гадоў колькі разоў вы мелі магчымасьць пабачыцца з мужам?

Людміла Кучура: На год па дзьве сустрэчы працяглых было. Былі гады, калі ў нас было чатыры працяглых спатканьня. Мы на кароткія нават ня езьдзім, таму што няма сэнсу — на дзьве гадзіны па тэлефоне. Калі палічыць, каля 30 спатканьняў было, дзесьці так.

Ганна Соўсь: А які графік вашага ліставаньня?

Людміла Кучура: Не, мы перапісваліся калісьці. Калі сталі дазваляць тэлефонныя званкі пяць разоў на месяц, то ўжо ня бачым сэнсу пісаць гэтыя лісты. Канешне, віншуем зь днём нараджэньня, са сьвятам. А так муж тэлефануе, учора таксама тэлефанаваў — пагаварылі, ён заўсёды і сыну тэлефануе, і мне тэлефануе. У нас сувязь пастаянная.

Ганна Соўсь: Я вам жадаю як мага хутчэй дачакацца вызваленьня мужа.

Людміла Кучура: Дзякуй.

«Сьвятар сказаў: "Змагайцеся за свайго сына, што б там ні было"»

Ганна Соўсь: Валянціна, ваш сын, актывіст анархісцкага руху Ігара Аліневіч выйшаў на свабоду пасьля 5 гадоў турмы, ён быў асуджаны на 8 гадоў турмы. Што можа зрабіць маці для сына, калі якога кінулі за краты? Незаслужана альбо заслужана.

Валянціна Аліневіч
Валянціна Аліневіч

Валянціна Аліневіч: Мне пашанцавала, што мяне атачалі добрыя людзі, і з самага пачатку мне добрую параду даў сьвятар, у Пскоўска-Пячорскай лаўры. Мой Ігар сядзеў у СІЗА КДБ, і тады адвакатаў не пускалі, нам спатканьняў не давалі, мы былі ў поўнай разгубленасьці і ня ведалі нават за што, чаму і як. Ня ведалі, вінаваты ён ці не вінаваты. І паехала я туды, і ў сьвятара спытала на споведзі, расказала пра свае абставіны і гавару: як мне паступаць у дадзенай сытуацыі? І ён мне сказаў: «Змагайцеся за свайго сына, што б там ні было».

Я не магу сказаць, што я такая ўвацаркоўленая, але гэтыя словы надалі мне сілу. Я вельмі ўдзячная гэтаму чалавеку, і ў далейшым я кіравалася гэтым. Справа ў тым, што малітва маці з дна марскога падыме. Паміж маці і сынам, і наагул дзецьмі, існуе настолькі моцная фізычная, а потым і душэўная сувязь, што яна парвацца не можа. І задаеш пытаньне, хто ж, калі ня ты? Трэба змагацца. Вось і ўсё. І рабіць усё, каб захаваць яго душу, захаваць яго фізычна. Справа ішла нават пра жыцьцё... Умовы там вельмі жахлівыя. І гэтая нітачка, якая зьвязвае блізкіх людзей, вельмі важная. Вельмі важна яе падтрымліваць з усіх сіл. І настолькі гэтая духоўная нітачка матэрыяльная, што яе можа нават адчуць. За гэтыя гады я гэта таксама ўсьвядоміла. Калі ты будзеш захоўваць сілу духа, у яго будзе тое самае.

«Да многіх злачынцаў, якія сядзяць доўгія тэрміны, езьдзяць толькі маці»

Ганна Соўсь: Алена, вы шмат гадоў былі аўтаркай праграмы «Свабода ў турмах», сёлета выйшла ваша кніга «Турма. Мужчына і жанчына». Хаця і сярод зьняволеных у Беларусі пераважаюць мужчыны, але калі паглядзець на тых, хто чакае, хто носіць перадачы, піша скаргі, актыўна змагаецца за вызваленьне, то гэта пераважна жанчыны. Чаму так? Якое вашае тлумачэньне?

Алена Струвэ
Алена Струвэ

Алена Струвэ: Можа, гэта спрошчанае тлумачэньне, што жанчыны пераважаюць сярод наведнікаў турмаў. Як правіла, злачынцы, зьняволеныя выхоўваюцца ў няпоўных сем’ях. Гэта асобы, схільныя да такіх дэвіянтных паводзінаў, схільныя да парушэньня закону. І менавіта ў такіх сем’ях выхоўваюцца гэтыя дзеці, ці ў такіх сем’ях, дзе мужчына не адыгрывае ніякай ролі, і толькі маці побач з дзіцём. Таму маці, зразумела, разам з дзецьмі і ў цяжкіх абставінах. І да многіх злачынцаў, якія сядзяць доўгія тэрміны, па сутнасьці езьдзяць толькі маці, і сувязь з імі падтрымлівае толькі маці. А як маці памірае, то абрываецца апошняя нітачка з волі ў гэтага чалавека.

Калі браць жонак, то тут па-рознаму. Дзьве цудоўныя жанчыны, якія разам са мной удзельнічаюць у гэтай перадачы — гэта прыклад наперш вельмі добрых і моцных бацькоўскіх сем’яў, дзе дзяўчаты выхоўваліся. У разуменьні вернасьці, любові, адданасьці да сваіх блізкіх, падтрымцы. Гэта ўсё і адбіваецца. Гэта спадчына іх сем’яў. Увесь час, калі я пісала кнігу, рабіла тую перадачу, збольшага мела стасункі менавіта з такімі жанчынамі. Але калі я паезьдзіла па краіне са сваёй кніжкай, асабліва ў правінцыі, у маленькіх гарадках, я сустракалася і з іншай катэгорыяй. Напрыклад, на Віцебшчыне мне сустракаліся жанчыны (там шмат розных калёніяў, закрытых, адкрытага тыпу, «хімія»), якія бралі шлюбы менавіта з такімі турэмнікамі, якія сядзелі за кратамі, знаёміліся па перапісцы, таму што іншых мужчын там не было побач.

Я размаўляла з такой жанчынай, у яе два такіх мужа было. І яшчэ былі партнэрскія неафіцыйныя сувязі з мужчынамі, таксама былымі зэкамі. Гэта заканчвалася тым, што яна «пахала» на ўсю сям’ю, на мужа, працавала, вазіла яму перадачы, на спатканьні езьдзіла, і ўсё такое, потым ён вяртаўся і літаральна на наступны тыдзень, самае позьняе, пачынаўся мардабой, ягоныя п’янкі, ён то сыходзіў, то прыходзіў — урэшце ўцякалі гэтыя мужыкі. І яна зараз, ёй крыху за сорак, чакае яшчэ аднаго, робіць стаўку на яшчэ аднаго такога мужа, які за кратамі. Я спытала, ну навошта вам гэта, вы ж бачылі, як гэта ўсё разьвіваецца і як гэта канчаецца? Яна сказала: гэта вам, гарадзкім, лёгка разважаць, а ў мяне гаспадарка — у мяне куры, гусі, у мяне агарод, у мяне дах у доме трэба камусьці чыніць.

Сярод жанчын, якія чакаюць, ёсьць тыя, хто прызвычаіўся да ролі ахвяры, такі стакгольмскі сындром, і наадварот — жанчыны, хай латэнтна, але схільныя да дэвіянтных паводзінаў, з высокім, я бы сказала, гарманальным статусам. Маючы блізкія стасункі з мужчынамі, брутальнымі злачынцамі, яны адчуваюць ад гэтага асалоду нейкай улады. У Фройда ёсьць тлумачэньне падобных паводзінаў жанчыны.

Змагаюцца за сваіх па-рознаму. Калі адны бамбяць розныя інстанцыі скаргамі, лістамі, другія ідуць на ілжэсьведчаньні. Вядомыя выпадкі, калі жонкі гвалтаўнікоў-педафілаў на сьледзтве казалі — муж невінаваты, ён быў са мной, а непаўналетняя ахвяра — гэта проста сэксуальна разбэшчаная. Карацей, як і ў вольным жыцьці тут вялікую ролю адыгрываюць самыя розныя фактары. Акрамя гэтага ёсьць жанчыны, якія кідаюць. Тое, што нават у такі няпросты час, усё ж захаваліся верныя, адданыя, любячыя і гатовыя быць да канца з сваімі сямейнікамі жанчыны, гэта добра і дае нейкія надзеі, сьвятло ў канцы тунэлю.

«Я вельмі ціхі, спакойны чалавек, сям’я, дом і ня болей. Калі гэта адбылося, я нават сама сабе зьдзівілася»

Ганна Соўсь: Людміла, зьняволеньне мужа зьмяніла ня толькі вашае жыцьцё, але і ў пэўным сэнсе раскрыла ваш патэнцыял. Усе гэты гады вы дамагаецеся перагляду справы мужа, вы стварылі грамадзкую арганізацыю ў справе перагляду несправядлівых прысудаў. Фактычна зьмяніліся ролевыя функцыі: да пасадкі муж быў апорай сям’і, шмат зарабляў, забясьпечваў вас і сына. Потым гэтыя функцыі перайшлі да яе. Як зьмяніла вас зьняволеньне мужа? Ці працягнеце вы вашу грамадзкую дзейнасьць пасьля яго вызваленьня? Ці стала гэтая справа шырэйшай за толькі справу вызваленьня мужа?

Пётар і Людміла Кучура з сынам
Пётар і Людміла Кучура з сынам

Людміла Кучура: Канешне, мяне гэта вельмі зьмяніла. Я, у прынцыпе, вельмі ціхі, спакойны, напэўна, як і ўсе ў нашай краіне, чалавек. Сям’я, дом — і ня болей. Калі гэта адбылося, я нават сама сабе зьдзівілася, што я чамусьці дзесьці адразу ў сабе знайшла сілы, нават калі затрымалі мужа. У мяне была першая думка ў галаве: штосьці трэба рабіць. І вось з гэтага ў мяне пачалося. Бог, напэўна, мяне вёў: удалося людзей сабраць.

Хоць не магу сказаць, што ў нашай групе толькі тыя, у каго асуджаныя блізкія. У нас ёсьць і тыя, у каго забілі блізкіх, напрыклад, дзяцей — злачынцы не наказаныя, у каго грамадзянскія справы. Напэўна, гэтыя людзі, якіх я сабрала вакол сябе, мне дапамаглі больш загартавацца, быць дзесьці такой напорыстай. Раскрыўся гэты мой патэнцыял у тым жа напісаньні скаргаў, у тых жа зносінах з чыноўнікамі. Плюс мне вельмі дапамагла адвакатка, яна была вельмі пісьменная, разумная, яна таксама мяне многаму навучыла. Я нават зьдзівілася, што ўжо пісаць артыкулы пачала, пачала разьбірацца ў крымінальных справай, дзякуючы ёй.

Я ня рада, што ў мяне гэта здарылася, але я рада, што ў мяне гэта ўсё атрымалася. Я не стала далей плакацца, што якая я няшчасная! Так, гэта няшчасьце, так гэта бяда, але калі плакацца, будзе яшчэ горш. І гэтая мая дзейнасьць нават дзесьці мне і жыцьцё дае, яна яго падаўжае, я не зачахла ў гэтым.

Нават калі выйдзе муж... У нашай дзяржаве ня толькі адзін ён сядзіць па фальсыфікаванай справе, дастаткова такіх спраў, гэта ня я кажу, гэта кажуць адвакаты тых людзей, зь якімі я сустракалася і чые глядзела справы. Нават самі ўлады прызнаюць часам, што справы фальсыфікаваныя, але чамусьці не выпускаюць гэтых людзей. І я буду далей займацца гэтым. Проста гэта трэба, гэта трэба для нашай краіны, для нашых людзей, каб урэшце людзі бачылі і ведалі, што яны могуць аказацца ў такой страшнай сытуацыі, і што потым можна рабіць. Каб не сядзелі жонкі і мамы ня плакалі. Яны і сябе гэтым даводзяць, і блізкім вельмі цяжка, і ў калёніі, калі сваякі апускаюць рукі.

«Бацькі таксама пакутуюць, але па прыродзе сваёй разумеюць, што суворыя выпрабаваньні пойдуць іх дзіцяці на карысьць»

Ганна Соўсь: Валянціна, я была ўкладальніцай двух кнігаў «Адзін дзень палітвязьня» на Свабодзе. Працуючы з тэмай палітвязьняў, як бачыла, як становяцца грамадзкі значнымі фігурамі маці і жонкі палітвязьняў. Стала грамадзкай актывісткай Тацяна Севярынец, своеасаблівым сымбалем вернасьці і ахвярнасьці была Ірына Казуліна. Калі паглядзець ня толькі на турму, то вельмі шмат зьмянілі ў грамадзтве Сьвятлана Коржыч і Людміла Кавалёва. Чаму толькі маці? Чаму ня бацькі?

Валянціна Аліневіч: Я знаёмая амаль з усімі гэтымі людзьмі. Гэта настолькі сьветлыя жанчыны... Справа ў тым, што, напэўна, само ўсьведамленьне мацярынскай бяды неяк мяняе сьветапогляд грамадзтва. Я б хацела яшчэ згадаць Галіну Васільеўну Сіўчык і Волю Завадзкую, якая зараз цяжка хварэе. Гэта такія людзі, проста за шчасьце зь імі мець зносіны.

Чаму менавіта маці? Я павінна сказаць, што ня толькі маці, бо ўспомніце бацьку Колі Дзядка. Ужо як ён «рубіўся» за свайго сына! Але гэта было адно з выключэньняў. Я вам, напэўна, адкажу словамі майго сына, які пра гэта напісаў у сваёй кнізе «Еду ў Магадан»: «Нашы дарагія маці, хто ж сапраўды няшчасны — дык гэта яны. Бацькі таксама пакутуюць, але па прыродзе сваёй разумеюць, што суворыя выпрабаваньні пойдуць іх дзіцяці на карысьць. А маці не прымае ніякіх довадаў, калі яе сын за кратамі. Зьняволеных заўсёды двое. Маці ня можа ані дня пражыць без перажываньняў за сваё дзіця. Стаяць у чарзе на перадачу, чакаць ліста, лавіць любую навіну пра турму або калёнію, дзе мы адбывае тэрмін. Гэта іх вырак зь дня ў дзень, з году ў год. І таму сапраўднымі гераінямі і пакутніцамі зьяўляюцца маці заключаных».

Я б сказала, што пакутуюць ня толькі маці, ня толькі жанчыны, а пакутуюць цалкам усе сем’і. Са здароўя нацыі, і псыхалягічнага, і матэрыяльнага, складаюцца праблемы вось гэтых невялікіх сем’яў. Нацыя ня можа быць здаровая, калі столькі людзей пакутуе. І гэта тычыцца і сёньняшняга дня, калі вельмі многа людзей незаслужана сядзяць у турмах. Ігар яшчэ казаў, што «паколькі пераважная большасьць зьняволеных — мужчыны, то зьява зэчак набыла выразна гендэрны характар. Так называюць жанчын, якія чакаюць сваіх сыноў, братоў, мужоў. І ўва многіх сэнсах яны таксама сядзяць, і часта пакутуюць больш, чым самі арыштанты».

У нашай сям’і змагаліся і я, і мой муж, і ўся мая сям’я. Але некаторыя былі больш навідавоку, а некаторыя менш. Але яны таксама зрабілі свой унёсак.


«Ня ведаю ніводнай жанчыны, якая змагалася за свайго мужа, каб яна заставалася здаровай»

Ганна Соўсь: Алена, з вашага шматгадовага досьведу кантактаў са зьняволенымі і іх блізкімі, якія асноўныя высновы вы маглі бы зрабіць што да вырашальнай ролі жанчыны, маці, жонкі, сяброўкі? Ці гэта так ва ўсім сьвеце адбываецца? ці гэта толькі беларуская спэцыфіка?

Алена Струвэ: У сэнсе фармаваньня вырашальнай ролі жанчыны падчас вось такіх экстрэмальных абставінаў, сядзеньня блізкіх у турмах ці нейкай іншай трагічнай гісторыі, гэта, я б сказала, беларуская спэцыфіка. Мы езьдзілі на сустрэчы з чытачамі разам зь фінскай журналісткай, і яна расказвала, што ў Фінляндыі няма перадач, ня возяць перадачы, не зарабляюць на перадачы сваім мужам і сынам іх маці і жонкі. Дастаткова ежы ў турмах, дастаткова вельмі такой добрай, збалянсаванай ежы. Ніхто ня мусіць працаваць на тое, каб апрануць свайго мужа больш-менш, каб здабываць нейкія лекі невядома дзе, каб траціць сваю энэргію ў розных кабінэтах, сутыкацца часам з хамскім стаўленьнем з боку чынавенства, якое працуе ў пэнітэнцыярнай сыстэме.

Гэтыя жанчыны, нашы жанчыны, спэцыфічна праходзяць праз усе гэтыя цяжкасьці. І гэта, я думаю, безумоўна адбіваецца. Так, яны могуць зрабіць усё і перавярнуць горы, але запас іх трываласьці проста мінімальны. Я ня ведаю ніводнай жанчыны, якая б змагалася за свайго мужа, якая б разам зь ім, фігуральна кажучы, не сядзела гэтыя вялікія тэрміны, каб яна заставалася здаровай. Усе яны маюць хранічныя захворваньні, і часам вельмі цяжкія, яны і апэрацыі пераносілі. Вось мае суразмоўніцы ў гэтай перадачы не выключэньне — яны таксама сутыкнуліся з праблемамі здароўя. Таму гэтая спэцыфіка фармаваньня ролі жанчын у такіх экстрэмальных умовах — выключна беларуская.

Як захаваць сябе, сямʼю і не зварʼяцець, калі наперадзе гады чаканьня?

Ганна Соўсь: Людміла і Валянціна, ад турмы ў Беларусі ніхто не застрахаваны, як ніхто і не застрахаваны ад таго, што самы блізкі чалавек апынецца за кратамі. Якія вашыя парады для тых, хто цяпер чакае, для тых, хто верыць і дапамагае? Як захаваць сябе, сямʼю і не зварʼяцець, не расчаравацца, калі наперадзе гады чаканьня?

Людміла Кучура: Людзі павінныя зразумець, што ніхто не застрахаваны ні ад турмы, ні ад сумы. У нас гэта ўжо як дадзенае. Калі раней вельмі кепска ставіліся людзі да такіх сытуацый, стараліся ня мець зносінаў, то цяпер, па-мойму, гэтая грань у нас крыху сьціраецца, і людзі ўжо ставяцца з разуменьнем. Мы такі народ: калі суседа пасадзілі, дык у мяне нічога не будзе. Я зараз усім гавару: людзі, задумайцеся: гэта можа быць з кожным.

Па-першае, ведайце свае правы. Трэба больш чытаць прававой літаратуры, каб ведаць, як сябе абараніць у першы момант, калі затрымалі. І таму, каго затрымалі, і потым як сябе паводзіць сваякам. Людзей не навучыш. У нас атрымліваецца так, што пакуль мы самі не адчуем, мы нікога ня слухаем. Я заўсёды кажу — цікаўцеся, чытайце ў інтэрнэце, чытайце гісторыі іншых людзей. Вось гэта можа і дазволіць потым у першы момант нешта ўпомніць і абараніць нават мінімальна свайго блізкага. І сябе таксама.

Прыяжджаеш на спатканьне — усьміхайся, апранайся, захоўвай здароўе дзеля іх.

Валянціна Аліневіч: Мае парады — верыць у свайго блізкага чалавека; спадзявацца на лепшы зыход; і любіць яго і падтрымліваць усімі сіламі. У тым ліку часта пісаць лісты, і ні ў якім разе не раскісаць самой. Люда ўжо казала, што ў дапамозе блізкім, дапамозе людзям, якія трапляюць у такую ж сытуацыю, ты сам робісься лепшым. І нейкія сілы дадаюцца. Гэта вельмі важна. Ну і не раскісаць ні ў якім выпадку! Бо як ты сам сябе адчуваеш, і маральна, і фізычна, так будзе сябе адчуваць і твой любімы чалавек. Нават на адлегласьці.

Прыяжджаеш на спатканьне — усьміхайся, апранайся, захоўвай здароўе дзеля іх. Таму што акрамя цябе больш ніхто ім не дапаможа. І яшчэ адна парада: не зьвяртаць увагу на тых людзей, якія ў дадзены момант адварочваюцца ад цябе, баяцца табе пазваніць і пераходзяць на іншы бок вуліцы — я пра такія выпадкі таксама вельмі часта чула. Ведаць, што ты маеш рацыю, што твая справа вялікая, і ісьці, не зьвяртаючы ўвагі ні на каго да сваёй мэты.

Ганна Соўсь: Алена, сёньняшнія ўдзельніцы перадачы, Валянціна і Людміла — прыклад вернасьці і ахвярнасьці. Але ня ўсе могуць чакаць, дараваць і змагацца, ня ўсе могуць і прыняць блізкага чалавека, які вярнуўся на волю, бо і ён зьмяніўся. У якіх выпадках варта не чакаць? У якіх выпадках ня трэба несьці свой крыж?

Алена Струвэ: Такую параду я адмоўлюся даваць адназначна, таму што гэта ўсё залежыць ад жанчыны, і жанчына прыме канчатковае рашэньне сама. Але для гэтага трэба шукаць псыхолягаў, трэба ісьці да сьвятароў, здабыць гармонію ў самой сабе, і знайсьці ў сабе адказ на пытаньне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG