Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сына зьняславілі». Чаму бацькі міліцыянта Патаповіча ня вераць у суіцыд


Пахаваньне Патаповіча 18 траўня
Пахаваньне Патаповіча 18 траўня

Бацькі магілёўскага інспэктара ДАІ Яўгена Патаповіча, які загадкава загінуў 16 траўня, ня згодныя з асноўнай вэрсіяй сьледзтва, суіцыдам. У інтэрвію Свабодзе яны заявілі, што іх сын ня мог сябе забіць, бо для гэтага не было падстаў. Яны настойваюць на эксгумацыі цела і новай экспэртызе.

Бацька міліцыянта: «Хачу пераканацца, ці толькі адна рана ў яго, у галаве»

Бацька Яўгена Патаповіча на пахаваньні сына
Бацька Яўгена Патаповіча на пахаваньні сына

Бацька Ўладзімер Патаповіч пакуль афіцыйна не зьвяртаўся ў Сьледчы камітэт з заявай аб эксгумацыі. Кажа, што высьвятляе, як тое робіцца. Калі свайго даможацца, то хацеў бы прысутнічаць на аглядзе цела, каб самаму пабачыць, ці ёсьць пашкоджаньні ў яго ніжняй частцы жывата.

Ён спасылаецца на распаўсюджаны ў інтэрнэце фатаздымак, на якім відаць плямы крыві ў пахвіннай вобласьці.

«Хачу пераканацца, ці толькі адна рана ў яго, у галаве, або ёсьць іншыя пашкоджаньні», — тлумачыць ён.

«Не настойвалі, каб паказалі цела, бо прычынай сьмерці было забойства»

Паводле суразмоўцы на апазнаньні цела ў моргу ні яго, ні маці не было. Кажа, што іх туды не дапусьцілі з «этычных меркаваньняў, каб не палохаць пашкоджаньнямі на целе».

«Ад нас было пажаданьне пабачыць цела, але нам патлумачылі, што ня варта. Мы не настойвалі, паколькі на той момант асноўнай прычынай сьмерці сына лічылася забойства», — даводзіць бацька міліцыянта.

«У сына былі адэкватныя паводзіны»

Уладзімер Патаповіч больш за 20 гадоў сам адслужыў у міліцыі. Жыве ў райцэнтры Кіраўск, што за 80 кілямэтраў ад Магілёва. Апошні раз бачыў сына за тры тыдні да сьмерці. У ягоных паводзінах не заўважыў перамен, якія б маглі насьцярожыць. Сам Яўген таксама не наракаў на істотныя праблемы ў сваім жыцьці.

«Ягоныя паводзіны, звычкі былі ранейшымі. Паводзіны адэкватныя. Служба ў таксама праходзіла ў яго нармальна, без канфліктаў. Ён малады міліцыянт, і першыя гады заўжды даюцца зь цяжкасьцю. Потым уцягваесься. З руцінай звыкаесься», — кажа суразмоўца.

Маці міліцыянта: «Спачатку пахавалі з пашанаю, а цяпер на ўвесь сьвет абвясьцілі, што суіцыд»

Маці Яўгена Патаповіча на пахаваньні сына
Маці Яўгена Патаповіча на пахаваньні сына

Уладзімер Патаповіч у разводзе з маці Яўгена Вольгай. Гэта іх адзіны сын. Яўгенава маці жыве ў невялікім пакойчыку аднаго з магілёўскіх інтэрнатаў. Як і на сынавым пахаваньні, апранутая ўва ўсё чорнае. Вочы за акулярамі заплаканыя.

Як і былы муж, у сынава самагубства ня верыць. Настойвае, што ў яго не было падставаў для гэтага. Кажа, што Яўген жыў у трохпакаёвай кватэры, меў машыну і ўлюбёную працу. Служыць у міліцыі для яго было марай. Ён скончыў Магілёўскі інстытут Міністэрства ўнутраных спраў. Даўгоў ня меў. Сьмерць сына зьвязвае з выкананьнем службовых абавязкаў.

«Майго сына зьняславілі. Спачатку пахавалі з пашанаю, а цяпер на ўвесь сьвет абвясьцілі, што суіцыд. Які суіцыд?», — абураецца яна.

Паводле жанчыны, сьледчыя толькі паведамілі, што заведзена крымінальная справа, і паабяцалі, калі сьледзтва скончыцца, запросяць і ўсё раскажуць.

«Сын і ягоны сябар скончылі жыцьцё самагубствам? Гэтага ня можа быць!»

На пытаньне пра тое, што сьледчыя ў кампутары Яўгена знайшлі паведамленьні суіцыдальнага намеру, якія ён нібыта «накіраваў сваім знаёмым», Вольга Патаповіч адказвае: гэтая «брыдота» магла быць напісана тым, каму сын даваў ноўтбук, ці гэта рабіў ён сам пад чыюсьці дыктоўку.

Яна дапускае, што такія запіскі маглі тычыцца сьмерці былога сынавага аднагрупніка, супрацоўніка міліцыі зь Берасьця Валерыя Калькісы. Паводле афіцыйнай інфармацыі, цела 21-гадовага міліцыянта з агнястрэльным раненьнем знайшлі 12 верасьня 2018 году.

Маці Патаповіча лічыць, што сынавага сябра забілі. Ёй здаецца падазроным, што сьледзтва настойвае, на самагубстве яе сына і ягонага сябра.

«Яны чатыры гады вучыліся, каб пайсьці ў лес і застрэліцца? Як гэта ўявіць?» — пытае Вольга Патаповіч і дадае, што Яўген і Валерый «былі, як браты родныя».

«Можа, Валера якую сыну важную інфармацыю даў, і таму яго і забілі», — выказвае вэрсію Вольга.

Яна настойвае, што Яўгена перад забойствам катавалі, каб выведаць тыя зьвесткі, «таму на ягоным целе нажавыя раненьні». Вольга Патаповіч, як і былы муж, спасылаюцца на фатаздымак з інтэрнэту (з тэлеграм-каналу блогера NEXTA. — РС). Яна даводзіць, што гэтае фота замянілі іншымі, на якіх ужо акцэнтуецца ўвага на «дровах і рыдлёўцы».

У Сьледчым камітэце заяўляюць, што ніякіх раненьняў у вобласьці пахвіны не было, кроў на сподняй бялізьне апынулася там праз позу цела.

«Цыганы ні пры чым»

Вольга Патаповіч спадзяецца, што ў сьледзтве можа яшчэ нешта зьмяніцца і вэрсію пра суіцыд заменяць іншай.

Суразмоўца кажа, што родныя шакаваныя вэрсіяй пра суіцыд Яўгена. Па іх словах, «Жэня некуды ўлез, але невядома куды, і гэту таямніцу ён забраў з сабою».

Пра масавыя затрыманьні магілёўскіх цыганоў у межах расьсьледаваньня справы аб сьмерці супрацоўніка міліцыі Вольга Патаповіч чула. Лічыць, што сын ня меў стасункаў і праблемаў з прадстаўнікамі цыганскай нацыянальнасьці. Кажа, што ён сам пра гэта ёй гаварыў незадоўга да сьмерці.

Паводле яе, сын ня мог адправіць SMS-паведамленьне пра датычнасьць да ягонага выкраданьня «асобаў цыганскай нацыянальнасьці». На думку суразмоўцы, гэта было зроблена наўмысна, каб «замесьці сьляды».

«У дзень сьмерці званіла, сын сказаў, што заняты»

Апошні раз Вольга Патаповіч бачыла сына за чатыры дні да ягонай сьмерці. Кажа, што ў яго паводзінах не было нічога, каб ёй пачаць хвалявацца.

Яна тэлефанавала сыну і ў дзень сьмерці, але той адказаў, што ня можа гаварыць, бо заняты.

«Тады і думкі я не магла дапусьціць, што ён выкрадзены», — кажа яна. На месцы, дзе знайшлі яго цела, Вольга не была. Кажа, што туды езьдзілі яе брат і былы муж. Паводле іх, там ужо наведзены парадак.

Сьмерць міліцыянта Яўгена Патаповіча ў Магілёве. Што вядома?

  • 16 траўня ў Магілёве зьнік лейтэнант дарожна-патрульнай службы ДАІ
    22-гадовы Яўген Патаповіч (на фота). З паведамленьня ад яго вынікала, што яго выкралі цыганы на чорнай «Волзе» з расейскімі нумарамі. ​Неўзабаве яго знайшлі мёртвым у лесе. ​Труп быў у кайданках, без штаноў, побач — пісталет, абярэмак дроў, рыдлёўка. Сьледчы камітэт заявіў, што Патаповіча забілі падчас выкананьня службовых абавязкаў.
  • 16 і 17 траўня ў Магілёве і па ўсёй Беларусі прайшлі масавыя затрыманьні цыганоў. Некаторыя зь іх па вызваленьні казалі, што міліцыянты іх білі.
  • 17 траўня вэрсія з выкраданьнем міліцыянта на чорнай «Волзе» з расейскімі нумарамі перастала лічыцца прыярытэтнай.
  • 18 траўня адбылося разьвітаньне з Патаповічам. Прыехалі сілавікі з усёй Беларусі, а таксама кіраўніцтва МУС. Нябожчыка адпеў праваслаўны сьвятар. Міліцыянта пахавалі ў вёсцы Вішоў за 30 кілямэтраў ад Магілёва.
  • 20 траўня Сьледчы камітэт паведаміў, што «асноўная вэрсія сьмерці — суіцыд». Матывы самагубства невядомыя.​
  • Бацькі Патаповіча ня згодныя з асноўнай вэрсіяй сьледзтва і заявілі, што будуць настойваць на эксгумацыі цела і новай экспэртызе. Аднак сьледзтва адмовіла ім ў эксгумацыі цела. Уладзімер Патаповіч напісаў ліст Лукашэнку.
  • 23 траўня міністар унутраных спраў Ігар Шуневіч назваў абгрунтаванай «праверку» цыганскай супольнасьці ў Магілёве. «У міністра няма ні падстаў, ні абгрунтаваньняў прасіць прабачэньня перад цыганамі», — заявіў ён. Пазьней у той жа дзень перад цыганамі выбачылася кіраўніца адміністрацыі Лукашэнкі Натальля Качанава.
  • 11 чэрвеня Ігар Шуневіч падчас нарады з Лукашэнкам пайшоў у адстаўку з пасады міністра ўнутраных спраў, Аляксандар Лукашэнка прызначыў на яго месца Юрыя Караева, сказаўшы новаму міністру, што «ня трэба, як вось адбылося з цыганамі». «Пакрыўдзілі людзей ні за што, — казаў Лукашэнка. — Дык трэба прасіць прабачэньня».

Чаму беларусы ня вераць міліцыі. Былы сьледчы пракамэнтаваў нестыкоўкі ў сьмерці магілёўскага міліцыянта

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG