У Міжнародным судзе ААН у Гаазе ў панядзелак, 3 чэрвеня, пачаліся слуханьні па пазове Ўкраіны да Расеі. Украінскія ўлады абвінавачваюць Расею ў падтрымцы тэрарызму і акупацыі часткі тэрыторыі Данецкай і Луганскай абласцей.
У першы дзень судовага пасяджэньня выступілі расейскія дыпляматы. Яны заявілі, што Ўкраіне не ўдалося сабраць «пераканаўчых доказаў» расейскага ўмяшаньня ў сытуацыю на ўсходзе Ўкраіны.
Прадстаўнікі Кіева падкрэсліваюць, што Расея парушае міжнароднае права, і патрабуюць прызнаць Маскву вінаватай у парушэньні дзьвюх міжнародных канвэнцый: аб барацьбе зь фінансаваньнем тэрарызму і аб ліквідацыі ўсіх формаў расавай дыскрымінацыі.
У заяве Кіева гаворыцца пра ўціск правоў нацыянальных меншасцяў у Крыме і пра пастаўкі Масквой зброі сэпаратыстам з «ЛНР» і «ДНР». Празь некалькі месяцаў пасля падачы пазову ў 2017 годзе Міжнародны суд ААН часткова задаволіў патрабаваньні Ўкраіны і запатрабаваў ад Расеі ўстрымацца ад парушэньня правоў крымскіх татараў. Суд пастанавіў забяспечыць ім доступ да адукацыі на ўкраінскай мове.
На думку прадстаўнікоў Масквы, Міжнародны суд ААН не валодае адпаведнай юрысдыкцыяй і ня можа разглядаць пазоў Украіны. Як абвясціў на пасяджэньні суду пасол па асаблівых даручэньнях Міністэрства замежных спраў Расеі Дзьмітрый Лобач, пазоў Украіны носіць «штучны характар», бо пададзены па дзьвюх «абсалютна розных» канвэнцыях і сытуацыях.
«Няма сумневу, што сапраўдная мэта ў дадзеным выпадку заключаецца ў тым, каб аспрэчыць ўзьяднаньне Крыму з Расеяй», — падкрэсьліў прадстаўнік расейскага боку. Ён дадаў, што анэксія Крыму адбылася на «аснове свабоднага і шчырага выбару народу».
Масква таксама зноў абвінаваціла Кіеў у «развязваньні збройнага ваеннага канфлікту» на ўсходзе Ўкраіны.
Прадстаўнікі ўкраінскага боку маюць выступіць на пасяджэньні Міжнароднага суду ў аўторак, 4 чэрвеня. Намесьніца міністра замежных спраў Украіны Алена Зеркаль на сваёй старонцы ў фэйсбуку заявіла, што Масква не зацікаўленая ў разглядзе справы па сутнасьці. «Гэта менавіта тое, чаго расейцы спрабуюць пазбегнуць любымі магчымымі шляхамі, уключаючы юрыдычную гімнастыку», — адзначыла Зеркаль.
Слуханьні па справе працягнуцца да 7 чэрвеня.