Судовая калегія грамадзянскіх справаў Берасьцейскага абласнога суду 3 чэрвеня не задаволіла апэляцыйную скаргу ініцыятыўнай групы правядзеньня мясцовага рэфэрэндуму аб забароне будаўніцтва акумулятарнага заводу «АйПаўэр», піша БелаПАН.
Берасьцейскі райвыканкам раней адмовіўся рэгістраваць ініцыятыўную групу, якая хацела правесьці рэфэрэндум аб забароне будаўніцтва сьвінцова-кіслотных акумулятарных батарэяў на тэрыторыі раёну. Суд Ленінскага раёну Берасьця 9 красавіка не задаволіў скаргу на гэта — і цяпер абласны суд не прыняў пярэчаньняў актывістаў.
Райвыканкам настойваў, што пытаньне будаўніцтва такога заводу ня можа выносіцца на мясцовы ўзровень — прадпрыемства «мае вырашальнае значэньне для інавацыйнага разьвіцьця Беларусі», таму забарона не ўваходзіць у кампэтэнцыю мясцовых уладаў.
«Мы лічым, што парушаны правы жыхароў Берасьцейскага раёну, замацаваныя Канстытуцыяй Беларусі, а таксама міжнароднымі дамовамі, падпісанымі нашай краінай, — заявіла БелаПАН прадстаўніца ініцыятыўнай групы Ірына Сіліцкая. — Таму маем намер накіраваць адпаведную скаргу ў Камітэт правоў чалавека ААН».
Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. Што важна ведаць
- Завод пабудавалі каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназавала, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
- Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трывалі ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Праціўнікі заводу лічаць вытворчасьць «бруднай» і небясьпечнай, заяўляюць пра парушэньні працэдураў будаўніцтва.
- Штонядзелі пратэстоўцы выходзілі на цэнтральную плошчу ў Берасьці. Блогераў і актывістаў затрымлівалі, выносілі ім папярэджаньні, штрафавалі і абавязвалі выбачыцца за відэа пра акумулятарны завод.
- Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 году. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу.
- У траўні 2018 году актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасьця, бо тыя «ігнаруюць інтарэсы жыхароў Берасьцейскага рэгіёну і сьвядома заплюшчваюць вочы на шкоду ад заводу».
- У верасьні 2018 году на будоўлі заводу выявілі парушэньні пажарнай бясьпекі.
- У чэрвені 2019 году падчас пусканаладачных работ на заводзе зафіксавалі перавышэньне забруджвальных выкідаў у атмасфэрнае паветра.
- 14 чэрвеня старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва заводу да ліквідацыі выяўленых парушэньняў.
- У ліпені 2019 праект акумулятарнага завода атрымаў адмоўнае заключэньне дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы, У Мінпрыроды паведамілі, што прычынай стала прадстаўленьне недакладных дадзеных. У жніўні праектную дакумэнтацыю паўторна падалі на экспэртызу, але пазьней кампанія адклікала дакумэнты «па прычыне неабходнасьці ўсебаковага і больш поўнага адлюстраваньня інфармацыі аб унесеных зьменах».
- 24 лютага 2020 году праектную дакумэнтацыю акумулятарнага завода пасьля карэкціроўкі зноў падалі на дзяржаўную экалягічную экспэртызу. Грамадзкая экспэртыза, якую даручаў правесьці Лукашэнка, правалілася.
- 22 чэрвеня 2020 году Лукашэнка пааабяцаў правесьці рэфэрэндум наконт лёсу заводу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
- 15 сакавіка 2021 году завод увялі ў эксплюатацыю. У правядзеньні рэфэрэндуму актывістам адмовілі.