Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праціўнікі акумулятарнага завода ў Берасьці зьбіраюць подпісы пад зваротам да Лукашэнкі


Дэманстрацыя ў Берасьці супраць акумулятарнага заводу ў красавіку
Дэманстрацыя ў Берасьці супраць акумулятарнага заводу ў красавіку

Праціўнікі акумулятарнага завода ў Берасьці пачалі збор подпісаў пад зваротам да Аляксандра Лукашэнкі з прапановай перапрафіляваць небясьпечнае прадпрыемства.

Пра гэта БелаПАН паведаміла актывістка Лада Яраш.

Прапануецца перанесьці ва ўзьведзены для акумулятарнага завода будынак участак ліцьця завода СП ААТ «Берасьцегазаапарат» ці цэх электралямпавага завода.

26 траўня мая на плошчы Леніна ў Берасьці зноў сабраліся праціўнікі акумулятарнага завода. Такія сустрэчы праходзяць тут кожную нядзелю з 25 лютага мінулага года. Паводле праваабаронцы Уладзімера Вялічкіна сёньня сабралася каля 130 чалавек.

Удзельнікі сустрэчы зноў заявілі, што завод «пад выглядам пусканаладачных работ паўнавартасна працягвае працаваць».

Актывісты дзяжураць каля акумулятарнага завода ад 3 траўня.

Акумулятарны завод ТАА «АйПауэр» збудаваны на прамысловай пляцоўцы «Аэрапорт» у свабоднай эканамічнай зоне «Брэст». Яго плянуюць запусціць у траўні. На заводзе будзе наладжаны поўны цыкль вытворчасьці сьвінцова-кіслотных акумулятарных батарэй.

Жыхары Берасьця лічаць, што прадпрыемства шкоднае і пагражае іх здароўю. Грамадзкая кампанія супраць акумулятарнага завода пачалася ў рэгіёне ў студзені 2018 года. За гэты час актывісты падалі заяўкі на правядзеньне ў Берасьці і Берасьцейскім раёне 88 мітынгаў, 12 пікетаў і 16 дэманстрацый. Улады санкцыянавалі толькі адну акцыю 29 красавіка 2018 года.

Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. Што важна ведаць

Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем
Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем
  • Завод пабудавалі каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназавала, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
  • Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трывалі ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Праціўнікі заводу лічаць вытворчасьць «бруднай» і небясьпечнай, заяўляюць пра парушэньні працэдураў будаўніцтва.
  • Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 году. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу.
  • У траўні 2018 году актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасьця, бо тыя «ігнаруюць інтарэсы жыхароў Берасьцейскага рэгіёну і сьвядома заплюшчваюць вочы на шкоду ад заводу».
  • У верасьні 2018 году на будоўлі заводу выявілі парушэньні пажарнай бясьпекі.
  • У чэрвені 2019 году падчас пусканаладачных работ на заводзе зафіксавалі перавышэньне забруджвальных выкідаў у атмасфэрнае паветра.
  • 14 чэрвеня старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва заводу да ліквідацыі выяўленых парушэньняў.
  • У ліпені 2019 праект акумулятарнага завода атрымаў адмоўнае заключэньне дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы, У Мінпрыроды паведамілі, што прычынай стала прадстаўленьне недакладных дадзеных. У жніўні праектную дакумэнтацыю паўторна падалі на экспэртызу, але пазьней кампанія адклікала дакумэнты «па прычыне неабходнасьці ўсебаковага і больш поўнага адлюстраваньня інфармацыі аб унесеных зьменах».
  • 24 лютага 2020 году праектную дакумэнтацыю акумулятарнага завода пасьля карэкціроўкі зноў падалі на дзяржаўную экалягічную экспэртызу. Грамадзкая экспэртыза, якую даручаў правесьці Лукашэнка, правалілася.
  • 22 чэрвеня 2020 году Лукашэнка пааабяцаў правесьці рэфэрэндум наконт лёсу заводу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
  • 15 сакавіка 2021 году завод увялі ў эксплюатацыю. У правядзеньні рэфэрэндуму актывістам адмовілі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG