Сотні рэк па ўсім сьвеце ўтрымліваюць высокі ўзровень антыбіётыкаў, фармацэўтычных прэпаратаў. У Хэльсынкі нядаўна прадставілі грунтоўнае навуковае дасьледаваньне пра забруджваньне рэк антыбіётыкамі, піша The Guardian. У Беларусі падобных дасьледаваньняў не праводзілі, аднак эколягі таксама занепакоеныя.
Больш за два дзясяткі фармпрэпаратаў трапляюць нават у пітную ваду
З 713 фармацэўтычных прэпаратаў, якія шукалі ў навакольным асяродзьдзі, 631 прэпарат знойдзены ў вадзе, глебе і арганізмах жывёлаў. Амаль два дзясяткі зь іх трапляюць у пітную ваду.
Гэта, да прыкладу, дыкляфэнак, ібупрафэн, парацэтамол, некаторыя антыбіётыкі і гарманальныя сродкі. Так, пробы вады, узятыя з Дунаю (адной з самых брудных эўрапейскіх рэк) на тэрыторыі Аўстрыі, утрымлівалі сем антыбіётыкаў, уключна з клярытраміцынам.
Тэмза, якую лічаць адной з самых чыстых рэк Эўропы, была забруджаная сумесьсю зь пяці антыбіётыкаў. Узровень цыпрафляксацыну, які лекуе інфэкцыі скуры і іншыя хваробы, перавышаў бясьпечны ўзровень больш як у тры разы, піша The Guardian.
У артыкуле шмат прыкладаў, спасылак на ўсясьветна вядомых навукоўцаў-мікрабіёлягаў, эколягаў, якія непакояцца, што нават рэкі, у якіх зафіксаваны зусім нізкі ўзровень антыбіётыкаў, уяўляюць пагрозу для чалавека.
Забруджваньне антыбіётыкамі, іншымі фармацэўтычнымі рэчывамі — адзін з асноўных фактараў таго, што бактэрыі выпрацоўваюць устойлівасьць да лекаў. Такім чынам жыцьцёва важныя лекі робяцца неэфэктыўнымі.
Паводле адмыслоўцаў ААН, павелічэньне колькасьці бактэрый, устойлівых да антыбіётыкаў, — глябальная надзвычайная сытуацыя, якая да 2050 году можа прывесьці да гібелі 10 мільёнаў чалавек, піша выданьне.
Адмысловых тэхналёгій, каб «улоўліваць» дзейныя рэчывы фармпрэпаратаў, няма
У Беларусі было праведзена толькі адно дасьледаваньне сьцёкавых і прыродных вод на прадмет забруджваньня фармацэўтычнымі прэпаратамі. Яго зладзілі ў 2016 годзе Беларускі дзяржаўны тэхналягічны ўнівэрсытэт сумесна з установай «Цэнтар экалягічных рашэньняў» і Інстытутам біяарганічнай хіміі Нацыянальнай акадэміі навук.
Кіраўнік «Цэнтру экалягічных рашэньняў» Яўген Лабанаў кажа, што ў Беларусі на водаканалах, станцыях ачышчэньня вады няма адмысловых тэхналёгій, каб «улоўліваць» дзейныя рэчывы фармпрэпаратаў. А біялягічнае ачышчэньне недастаткова эфэктыўнае. У выніку фармпрэпараты трапляюць у водныя аб’екты, дзе шкодзяць лякальным экасыстэмам.
«Я ня думаю, што сытуацыя ў Беларусі будзе істотна адрозьнівацца ад сытуацыі ў іншых краінах. Праблема так званых устойлівых фармацэўтычных прэпаратаў, іншых хімічных рэчываў лічыцца цяпер адной з самых глябальных у сфэры хімічнай бясьпекі ў сьвеце», — кажа Яўген Лабанаў.
Як антыбіётыкі, рэшткі лекавых прэпаратаў трапляюць у вадаёмы?
Лекавыя сродкі трапляюць у вадаёмы, водазаборы, глебу рознымі шляхамі — да прыкладу, з адкідамі фармацэўтычных прадпрыемстваў.
У Беларусі адна з істотных крыніц паступленьня фармпрэпаратаў у навакольнае асяродзьдзе — жывёлагадоўля і разьвядзеньне рыб. У гэтых галінах выкарыстоўваецца шмат антыбіётыкаў і гарманальных прэпаратаў.
Да таго ж у краіне не наладжаны збор пратэрмінаваных ці непатрэбных лекавых сродкаў (за выключэньнем некалькіх пілётных праектаў) — людзі проста выкідаюць лекі на сьметнік ці змываюць у каналізацыю.
«І гаворка ідзе ня толькі аб пратэрмінаваных леках, якія людзі выкідаюць. З кожным прыёмам лекаў значная частка рэчываў (да 30%) выводзіцца з мачой з арганізму, трапляе ў каналізацыю. Асабліва небясьпечныя антыбіётыкі, гарманальныя сродкі, супрацьзачаткавыя», — адзначае Яўген Лабанаў.
Антыбіётыкі, рэшткі фармпрэпаратаў знайшлі ва ўсіх пробах з 8 вадаёмаў
Падчас дасьледаваньня 2016 году для аналізу спажываньня лекавых прэпаратаў у Беларусі склалі сьпіс найбольш запатрабаваных лекаў, якія, хутчэй за ўсё, будуць выяўленыя ў гарадзкіх сьцёкавых водах: лізінапрыл, дыкляфэнак, 17-бэта-эстрадыёл, ампіцылін, цэфатаксім, цыпрафляксацын, кетапрафэн, дротавэрын, левафляксацын.
«Калі ў 2016 годзе разам з БНТУ мы рабілі дасьледаваньне, то бралі пробы вады і донных асадкаў з 8 вадаёмаў і рэк, правяралі на наяўнасьць дзейных рэчываў, антыбіётыкаў, гарманальных сродкаў — яны былі знойдзеныя ва ўсіх пробах.
Наколькі я ведаю, вялікіх маштабных дасьледаваньняў у Беларусі не праводзілася, таму сказаць, якая сытуацыя ў тым ці іншым водным басэйне, не выпадае. Мы можам меркаваць толькі па ўскосных прыкметах — што лекі прадаюцца, людзі іх выкарыстоўваюць, прамысловая жывёлагадоўля ёсьць, прэпараты там выкарыстоўваюцца. Таму сытуацыя ў Беларусі ня вывучаная», — кажа эколяг Яўген Лабанаў.
На кожнага беларуса прыпадае больш за 50 упаковак лекаў у год
Вытворчасьць, бескантрольнае спажываньне і няправільная ўтылізацыя лекавых сродкаў могуць прывесьці да таго, што гэтыя рэчывы будуць трапляць у навакольнае асяродзьдзе і забруджваць вадаёмы. Да прыкладу, штогод у Эўрапейскім Зьвязе не выкарыстоўваецца і не зьбіраецца больш за 140 тысяч тон фармпрэпаратаў.
Паводле штогадовай справаздачы «Фармацэўтычны рынак у Рэспубліцы Беларусь», у 2018 годзе аб’ём розьнічнага рынку лекаў склаў каля 555 мільёнаў упаковак. Гэта больш за 50 упаковак фармпрэпаратаў на кожнага чалавека ў год. Хочацца спадзявацца, што беларусы столькі лекаў не ўжываюць.
Бо акрамя жыцьцёва неабходных лекаў, якія людзі вымушаныя прымаць, у кожнай сям’і, у кожным офісе, у кожным аўтамабілі ёсьць аптэчкі. Пры гэтым, паводле дасьледаваньня Цэнтру экалягічных рашэньняў, больш за палову беларусаў — каля 80% — выкідаюць рэшткі лекаў, пратэрмінаваныя прэпараты ў сьмецьцевае вядро, каля 8% — змываюць у каналізацыю.