«Баюся, што наступнымі нашымі пацыентамі будуць і інтэрнэт-залежныя людзі», — выказаў засьцярогу кандыдат мэдычных навук, загадчык аддзелу разладаў паводзін Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру псыхічнага здароўя Міхаіл Важэнін.
Ён адзначыў, што літаральна днямі Ўсясьветная арганізацыя здароўя прызнала гульняманію псыхічным разладам. Злоўжываньне ж гаджэтамі, лічыць Міхаіл Важэнін, можа давесьці да шызафрэніі.
Таксама Міхаіл Важэнін прывёў дадзеныя дасьледаваньня 2016 году, па якіх 19,8% беларусаў ва ўзросьце 18-29 гадоў пакутуюць на інтэрнэт залежнасьць.
Па словах мэдыка, вядомыя выпадкі, калі дзеці ва ўзросьце да 1 году самастойна ўключаюць у тэлефоне мультфільмы. Міхаіл Важэнін лічыць, што з такога ўменьня ня трэба радавацца: гаджэты ня толькі зацягваюць, але і даюць падвышаную нагрузку на нэрвовы стан.
Мэдык кажа, што да 5 гадоў малым наагул непажадана карыстацца мабільнымі прыстасаваньнямі, добра было б забараніць іх і ў школах: перад заняткамі здаваць, а забіраць перад тым, як ісьці дадому.
Пры канцы красавіка пра небясьпеку гаджэтаў для дзяцей папярэдзілі экспэрты Ўсясьветнай арганізацыі аховы здароўя. Яны зьвярнулі ўвагу на тое, што сядзеньне ў тэлефоне выпрацоўвае звычку мала рухацца. А недахоп фізычнай актыўнасьці — прычына сьмерці больш як 5 мільёнаў чалавек штогод.
Таксама былі агучаныя вынікі апытаньня ад кампаніі «Профітзернемаркет», вытворцы дзіцячага кансэрваванага харчаваньня. Намесьнік дырэктара Аляксандар Лаўковіч расказаў, што яны з дапамогай сацыёлягаў БДУ правялі экспэрымэнт. Апытвалі 52 сямʼі — як у гарадах, так і ў сельскай мясцовасьці, — дзе адзін з бацькоў быў у дэкрэтным адпачынку.
Рэспандэнтам прапанавалі правесьці «3 дні бяз гаджэта» (так экспэрымэнт і назвалі). Паводле Аляксандра Лаўковіча, спачатку далі згоду паўдзельнічаць 65 чалавек, але 13 ня вытрымалі трохдзённага ўстрыманьня і зьняліся з праграмы. Астатнія ж адзначылі наступныя станоўчыя рэчы:
- Бацькі і дзеці пачалі размаўляць за сталом.
- Дзень нечакана стаў даўжэйшы і больш насычаны.
- Дарослыя і малыя перасталі сядзець, уткнуўшыся ў свае тэлефоны.
Па выніках экспэрымэнту 68% удзельнікаў заявілі, што і надалей будуць практыкаваць жыцьцё зь мінімальным уплывам гаджэтаў. У астатніх стаўленьне да сучасных тэхналягічных выгодаў не зьмянілася.
Разам з тым высьветлілася, што 88% маці зь ліку тых, хто першапачаткова зьбіраўся ўдзельнічаць у экспэрымэнце, праводзяць у смартфонах да 6 гадзін у суткі. Гэта проста неверагодна, падсумоўвае Аляксандар Лаўковіч.
Мэдычны псыхоляг Аліна Шылава адзначыла такія адмоўныя рэчы, зьвязаныя з празьмерным захапленьнем дзяцей гаджэтамі:
- Самая накручаная тэхніка не прынясе разуменьня такіх паняцьцяў, як сумленьне, гонар, абавязак.
- У дзяцей адсутнічае рэальны кантакт з аднагодкамі.
- Зьяўляюцца веды, але павярхоўныя, разьвіваецца кліпавае мысьленьне.
- Гаджэт робіцца галоўным прыярытэтам перад усім астатнім.
- Карыстальнікі атрымліваюць нефільтраваную інфармацыю, і часта яна прапануе ня найлепшыя ўзоры паводзінаў.