Сам Пуцін прызнаваўся, што ня мае смартфона, у мінулым лютым. А Лукашэнка тыдзень таму нібыта казаў, што і кампутарам не карыстаецца.
Напярэдадні прэсавай канфэрэнцыі Ўладзіміра Пуціна ягоны прэс-сакратар Дзьмітрый Пяскоў расказаў у эфіры тэлеканалу «Россия-24», што Пуцін ня мае смартфона.
«Вы не забывайце, што мець смартфон — гэта такі эксгібіцыянізм, добраахвотны прычым, — заявіў Пяскоў. — Гэта поўная празрыстасьць, і вы загадзя, беручы ў рукі смартфон, лічыце, што вы ставіце птушачку, што „я гатовы выстаўляць усё на ўсеагульны паказ“».
На думку Пяскова, смартфона «не павінна быць у прэзыдэнта, тым больш такой краіны, як Расея, і ў такога прэзыдэнта, як Пуцін». Ён перакананы, што «старыя добрыя тэлефоны закрытай урадавай сувязі ўсе смартфоны перажывуць».
Кіраўнікі іншых дзяржаваў, у тым ліку «Вялікай сямёркі», карыстаюцца смартфонамі (напрыклад, прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп мае iPhone). Праўда, у мэтах бясьпекі апаратам абмяжоўваюць магчымасьці, каб зламысьнікі не маглі скарыстацца «дзіркамі» ў абароне прылад.
Аляксандар Лукашэнка за апошнія два дзясяткі гадоў ні разу ня быў заўважаны з мабільным тэлефонам. Расейскія СМІ перадавалі з сустрэчы з Лукашэнкам 14 сьнежня, што ён казаў, што «ня мае айфона ў кішэні», бо «калі б вы ведалі, што такое айфон і якія ў яго ёсьць магчымасьці сачыць за вамі, вы б таксама ім не карысталіся». Таксама расейскія СМІ перадавалі словы Лукашэнкі, што ён «нават у кампутар рэдка залазіць».
Два гады таму Лукашэнка разважаў пра «ўсялякія гаджэты, айфоны, пляфоны» і скардзіўся на сына Мікалая: «дзьве хвіліны па вучобе інфармацыю шукае і гадзіну гуляе ў танкі».