Ленін быў
Ленін быў
34 гарады і мястэчкі Беларусі, дзе больш няма помніка Леніну

У Беларусі няма праграмы па дэкамунізацыі. Але гэта не перашкаджае прыбіраць савецкія помнікі па ўсёй краіне. Свабода налічыла 17 гарадоў і мястэчак, дзе за апошнія 18 год савецкія помнікі зьніклі з цэнтральных плошчаў. Яшчэ ў 17 гарадах іх ніколі не было.
Мала хто ведае, што Беларусь — гэта радзіма помнікаў Леніну. У 1922 годзе ў мястэчку Краснапольле на Магілёўшчыне зьявіўся першы ў сьвеце помнік правадыру Кастрычніцкай рэвалюцыі. Драўляную скульптуру яшчэ пры жыцьці Ўладзімера Леніна зрабіў Артур Грубэ.
Помнік Леніну на плошчы Незалежнасьці ў Менску – адзін з самых старых. Яго ўсталявалі яшчэ ў 1934 годзе. Пасьля вайны разбураны помнік аднавілі
А ў 1991 годзе Беларусь стала краінай, дзе ўсталявалі апошні ў СССР помнік Леніну. Заснаваная Ленінам савецкая імпэрыя ўжо развальвалася. У суседніх Латвіі і Літве пачыналі дэмантаваць савецкія помнікі, а ў Паставах, за пяць кілямэтраў ад беларуска-літоўскай мяжы, паставілі новага Леніна ў цэнтры гораду.
Колькі ўсяго помнікаў Леніну ў Беларусі, дакладна ніхто ня ведае. Ёсьць зьвесткі, што за савецкі час па ўсёй краіне ўсталявалі каля 600 помнікаў. Аднак на ўліку ў Мінкульце толькі дзевяць скульптур, якія ўваходзяць у сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў. Яны знаходзяцца ў Баранавічах, Берасьці, Віцебску, Гомлі, Магілёве, Менску, Пінску, Салігорску.
Апошні ўсталяваны ў СССР помнік – у Паставах
Згодна з падлікамі Дзьмітрыя Кудзінава, маскоўскага культуроляга, які зьбірае інфармацыю пра помнікі Леніну па ўсім сьвеце, у 2016 годзе ў Беларусі заставалася 400 з колішніх 600 помнікаў. Гэта значыць, за 25 год у нас зьнікла траціна ўсіх Ленінаў.
Ільліч з драўляным пратэзам і помнік-забойца — топ-5 самых дзіўных зносаў Леніна
Упершыню ў Беларусі помнік Леніну афіцыйна дэмантавалі ў Наваградку ў 1998 годзе. У горадзе рыхтаваліся да ўгодкаў Міцкевіча, і да гэтага сьвята рамантавалі цэнтральную плошчу, дзе стаяў помнік Ільлічу.
У Ружанах Леніна прыбралі пасьля доўгіх "пакутаў": у помніка тройчы адвальвалася рука, потым адбілі галаву. А ва Ўваравічах на Гомельшчыне помнік, наадварот, стаў прычынай сьмерці чалавека. Таму Леніна дэмантавалі.

Наваградак, 1998.
Леніна прыбралі да 200-годзьдзя Міцкевіча

А гэты бюст раней стаяў у быдынку выканкама. Ён кампэнсуе зьнесены вялікі помнік у цэнтры горада
Вялікі помнік Леніну ў поўны рост стаяў пасярод цэнтральнай плошчы ў Наваградку з 1948 году. Роўна праз паўстагодьдзя яго дэмантавалі. Зьвязана гэта было з 200-й гадавінай народзінаў Адама Міцкевіча, якую адзначалі ў 1998 годзе. Да сьвяткаваньняў рабілі рамонт і на плошчы Леніна. І стары гіпсавы помнік проста прыбралі.
"Помнік па частках вывезьлі некуды, — сказала Свабодзе Галіна Кавальчук, старшы навуковы супрацоўнік музэю. — Лёс ягоны невядомы. У нас у музэі ёсьць толькі далонь ад таго помніка".
Па словах Галіны Кавальчук, пра дэмантаж папярэдне не абвяшчалі і знос адбыўся ціха.
Але пазбавіцца духу Леніна цалкам у Наваградку не змаглі. Адсутнасьць помніка кампэнсавалі бюстам, які паставілі недалёка ад плошчы, каля плоту вінзавода.
Некаторыя лічаць, што гэты бюст — частка старога помніка. Насамрэч яго перанесьлі з райвыканкаму, дзе ён стаяў раней.
У Наваградку ішла гаворка, каб перайменаваць і плошчу Леніна. Асабліва калі тут зьбіралі грошы на помнік Міндоўгу. Але помнік вялікаму князю літоўскаму тут пакуль не зьявіўся, і плошча далей носіць імя Леніна.

Ружаны, 2002 год.
На месцы Леніна — Леў Сапега

Леў Сапега замяніў Леніна ў Ружанах у 2013 годзе
Помнік Леніну ў мястэчку Ружаны на Берасьцейшчыне шмат пацярпеў за часы незалежнасьці. Ён разьмяшчаўся паміж касьцёлам і царквой — у цэнтральным сквэры.
У 1990-я ў Леніна адвалілася рука, якой ён паказваў на гастраном. Грошай на паўнавартасную рэканструкцыю не было, і мясцовыя ўлады зрабілі Леніну драўляную руку. Аднак і той пратэз адвальваўся тройчы. Нарэшце ў 2001 годзе, напярэдадні Дня Перамогі, Леніну прыладзілі бэтонную руку.
А ў 2002 годзе помнік Леніну зусім прыбралі. У інтэрвію Свабодзе старшыня пасялковага савету Аляксандар Раўнейка казаў, што скульптуру Леніна адвезьлі на склад і вяртаць на месца пакуль не зьбіраюцца.
"Сёлета яго зьнялі, бо ён цалкам прыйшоў у заняпад: адвалілася галава і рука — не без дапамогі людзей, натуральна".
Паступова сквэр сталі запаўняць гістарычныя помнікі. Спачатку тут зьявіўся валун з гербам Ружанаў. А ў 2013 годзе на месцы, дзе раней стаяў Ленін, зьявіўся драўляны помнік Льву Сапегу. Усяго ў цэнтры мястэчка ўсталявалі дзесяць драўляных фігур гістарычных постацяў. Іх стварылі разьбяры падчас 8-дзённага пленэру ў Ружанах.

Докшыцы, 2006 год.
На месцы помніка Леніну выступаў Аляксандар Лукашэнка

"Моднага" докшыцкага Леніна пасялілі у гарадзкім парку
Чарговы зьнесены помнік быў у горадзе Докшыцы Віцебскай вобласьці. У 2006 годзе, перад прэзыдэнцкімі выбарамі, у горад падвялі газ. На афіцыйную цырымонію, каб запаліць газавую паходню, меўся прыехаць Аляксандар Лукашэнка. Да ягонага візыту ў Докшыцах ладзілі вялікі рамонт.
Мясцовыя ўлады асабліва дбалі пра цэнтральную плошчу — яна павінна была стаць месцам выступу прэзыдэнта.
"Трэба было недзе Лукашэнку выступаць, — кажа Свабодзе Кастусь Шыталь, мясцовы краязнаўца. — Для яго расчысьцілі пляцоўку і, адпаведна, прыбралі Леніна".
"Помнік Леніну з савецкіх часоў стаяў насупраць будынку райкаму ў цэнтры Докшыцаў. У незалежныя часы райкам аддалі пад дзіцячую бібліятэку. А ў 2006 годзе пасьля пераносу помніка Леніну тут цалкам завяршылася дэсаветызацыя.
Некаторы час помнік стаяў на тэрыторыі ЖКГ, загорнуты ў поліэтылен. Потым яго паставілі ў гарадзкім парку, дзе ён застаецца і сёньня.

Уваравічы, 2009 год.
Помнік Леніну прыбралі, калі ён забіў чалавека

Леніна-забойцу ў мястэчку так і не аднавілі
Няшчасны выпадак з удзелам помніка Леніну здарыўся на Гомельшчные. ў 2009 годзе. У мястэчку Ўваравічы Буда-Кашалёўскага раёну 21-гадовы жыхар забраўся на пастамэнт і паспрабаваў павіснуць на выцягнутай наперад руцэ Леніна. Канструкцыя абрынулася на хлопца. Па дарозе ў Гомельскую абласную клінічную лякарню ён сканаў.
Пасьля здарэньня мясцовыя ўлады абяцалі аднавіць разбураны помнік Леніну ва Ўваравічах. Пра гэта казаў Ігар Іванчыкаў, які ў той час узначальваў Уваравіцкі пасялковы савет.
"Пытаньне пра тое, калі і якімі сіламі гэта будзе зроблена", — казаў Іванчыкаў.
Як высьветліла Свабода, за сем год помнік Леніну так і не аднавілі. Вяртаць яго ва Ўваравічы мясцовыя ўлады таксама не плянуюць.
"Я толькі год працую як старшыня, і гэтую тэму не ўздымалі, — сказала Свабодзе Натальля Кісялёва, старшыня сельскага савету дэпутатаў ва Ўваравічах. — Сёньня мы займаемся добраўпарадкаваньнем помнікаў, якія ў нас ёсьць. А гэты... Я нават ня ведаю. Пры мне такое пытаньне нават не ўздымалася".

Глыбокае, 2012 год.
На месцы Леніна паставілі помнікі Ластоўскаму і Буйніцкаму.

Замест аднаго Леніна тут зьявіліся бюсты адразу васьмі знакамітым землякам
Вядомы сваімі крывымі нагамі Ленін стаяў у цэнтры Глыбокага да 2012 году, роўна паміж касьцёлам Сьвятой Тройцы і саборам Нараджэньня Прасьвятой Багародзіцы.
Але ў 2012 годзе крываногага Леніна дэмантавалі. Глыбокае рыхтавалася да Дня беларускага пісьменства, пад якое горад атрымаў грошы на добраўпарадкаваньне. Разам з рамонтам дарог і дамоў улады зьмянілі і плошчу 17 верасьня, дзе раней стаяў Ленін. Замест Ільліча тут паставілі адразу восем бюстаў славутых землякоў.
Так у Глыбокім зьявіліся помнікі Ігнату Буйніцкаму, Вацлаву Ластоўскаму і Элізэру бэн-Егуду. На плошчы ў адзін шэраг стаяць таксама бюсты Язэпа Драздовіча, Паўла Сухога, Язэпа Корсака, Алеся Дубровіча і Пятра Казлова.
Праз дарогу ад Алеі славутых землякоў у 2012 годзе таксама адкрылі скульптуру "Прысьвячэньне кнізе". Пазьней тут зьявілася яшчэ адна скульптурная кампазыцыя — "Ісус і самаранка".
"Лёс Леніна тым часам застаецца нявызначаны. Яго абяцалі адрэстаўраваць і вярнуць у Глыбокае. Але ўжо чатыры гады горад жыве без правадыра.
Храналёгія беларускага ленінападу
У Беларусі адбываецца не ленінапад, а "леніназрух" ці "ленінапрыніжэньне", лічыць сацыёляг Тацяна Вадалаская. Сцэнар зносу помнікаў звычайна наступны. Горад атрымлівае грошы на падрыхтоўку да "Дажынак", пачынаецца добраўпарадкаваньне, падчас якога Леніна перасоўваюць далей ад цэнтру.

Нясьвіж, 2003 год.
Плошчы вярнулі гістарычны выгляд — бязь Леніна

Ратушная плошча ўжо бяз помніка Леніну. Фота Radzima.org
У 2003 годзе ў Нясьвіжы перанесьлі помнік Леніну. У гэты час тут заканчвалася рэканструкцыя гарадзкой ратушы.
Каб вярнуць плошчы гістарычны выгляд, помнік Леніну адсюль прыбралі. Яго перанесьлі да рога суседніх вуліц.
"Пярэчаньняў у камуністаў не было. Мы ж яго не разьбілі, ня выкінулі, — сказаў Свабодзе Міхаіл Мацэль, намесьнік начальніка аддзелу ідэалягічнай працы, культуры і па справах моладзі нясьвіскага райвыканкаму. — Ад гісторыі нікуды не сысьці".

Дзісна, 2003 год.
Адваліліся галава, таму прыбралі ўвесь помнік

Дзісна мае статус самага маленькага гораду Беларусі
Вельмі ціха зьнік Ленін з цэнтру Дзісны — у горадзе на самай поўначы Беларусі. Што помнік правадыру тут прыбралі ўлады, стала вядома падчас "Падарожжа Свабоды" ў 2005 годзе.
"Як здымалі, адвалілася галава, — казаў мясцовы жыхар Васіль пра зьнікненьне Леніна. — Там была фігура без каркасу, безь нічога. Кранам зачапілі яго, і галава адвалілася".
Зь яго слоў, дэмантавалі Леніна ў 2003 годзе, калі ў Дзісьне праводзіўся нейкі рэспубліканскі сэмінар.

Глуск, 2004 год.
Ленін разваліўся ад тэмпэратурных скачкоў

Дэмантаж Леніна ў Глуску
Дэмантаж помніка Леніну ў Глуску ў Магілёўскай вобласьці нагадвае гісторыю ў Ружанах. У лютым 2004 году ў помніка, які стаяў перад будынкам райвыканкаму, адвалілася рука. Улады тлумачылі пашкоджаньне помніка тэмпэратурнымі скачкамі.
На пашкоджаны помнік нацягнулі доўгі мех з чорнай тканіны і абвязалі вяроўкамі. У такім выглядзе ён прастаяў больш за тыдзень, пакуль на загад з райвыканкаму яго не дэмантавалі. Аднак калі фігуру сталі падымаць кранам на тросах, помнік разваліўся на часткі

Круглае, 2004.
Ад Леніна пазбавіліся падчас рамонту плошчы

Перад будынкам райвыканкаму ў Круглым ужо няма Леніна
У 2004 годзе круглянскі райвыканкам паведаміў, што каменны помнік Леніну мае пашкоджаньні ў скроневай частцы галавы. Развальвалася таксама трыбуна каля помніку. Таму ўлады вырашылі зрабіць рамонт плошчы і рэстаўрацыю самога помніка.
Як высьветліла Свабода, помнік сапраўды рэканструявалі. Аднак усталявалі яго ня ў цэнтры Круглага, а ў вёсцы Лыскаўшчына — у экалягічна-турыстычным комплексе "Мікалаеўскія ставы".

Слуцак, 2005 год.
Перад выступам Лукашэнкі Леніна пасунулі далей ад плошчы

Леніна пасунулі далей ад выканкаму да будынку мастацкай школы
Бадай, першы вядомы выпадак, калі помнік Леніну пераносілі перад прыездам у горад Аляксандра Лукашэнкі, адбыўся ў Слуцку. У 2005 годзе горад рыхтаваўся да рэспубліканскіх Дажынак, і тут праходзіла добраўпарадкаваньне.
Аднаўлялі і цэнтральнае месца ў горадзе — плошчу перад райвыканкамам. Раней Ленін стаяў у самым цэнтры вялікай плошчы.
Але падчас дажынкавага рамонту помнік перанесьлі на сто мэтраў далей ад выканкаму. Цяпер цэнтральная плошча пустая, а Ленін стаіць перад уваходам у Цэнтар дзіцячай творчасьці.

Ліда, 2006 год.
Леніна выпадкова разьбілі падчас рамонту

Леніна, што раней стаяў на цэнтральнай плошчы, схавалі за домам афіцэраў
Апошні помнік Леніну ў Лідзе разьмяшчаўся на цэнтральнай плошчы. Яго выпадкова разбурылі ў ліпені 2006 году, калі горад прымаў міжнародную выставу "Рэгіён-2006". Выстава мелася праходзіць на галоўнай плошчы, а таму ўлады вырашылі памяняць на ёй брук. Дзеля гэтага трэба было часова прыбраць помнік Леніну.
Калі кран стаў падымаць помнік, той раскалоўся на тры часткі. На пэўны час яго зьвезьлі, і не было вядома, ці вернуць Леніна ў Ліду. Урэшце адноўлены помнік Леніну вярнулі ў горад. Але не на цэнтральную плошчу, а ў двор за Домам афіцэраў.

Чэрвень, 2011.
Леніна паставілі побач з Манюшкам

Ленін у Чэрвені на новым месцы
Пры рэканструкцыі галоўнай плошчы прыбралі помнік Леніну і ў Чэрвені (Ігумене). У 2011 годзе тут парадкавалі цэнтар гораду, і правадыра пасунулі з ганаровага месца.
"Яго паставілі там жа, на плошчы, толькі ў іншым месцы, — расказаў Свабодзе Генадзь Завадзкі, першы сакратар чэрвеньскай раённай арганізацыі КПБ. — Архітэктары вызначылі, што ён не пасуе да таго месца. Такая была прычына".
Каля гэтага будынку, праўда, ужо стаяў іншы помнік — Станіславу Манюшку. Кампазытар нарадзіўся і правёў дзяцінства ў маёнтку Убелі паблізу Чэрвеня. Цяпер Манюшка і Ленін стаяць з процілеглых бакоў школы мастацтваў.

Горкі — 2012 год.
Леніна пераставілі ад царквы да будынку суду

Ленін у цэнтры Горак застаўся толькі на фота
У 2012 годзе зьнік Ленін з цэнтру Горак у Магілёўскай вобласьці. Тут праходзілі рэспубліканскія Дажынкі, перад якімі па ўсім горадзе ішла будоўля і рамонты. Закранулі яны і цэнтральную плошчу.
"Помнік Леніну раней стаяў перад будынкам райвыканкаму. Але пасьля рэканструкцыі плошчы Леніна прыбралі, а на месцы помніка зрабілі кветнік.
Таксама пры грамадзкім абмеркаваньні шукалі і новае месца для помніка Леніну. Урэшце яго вынесьлі далей ад цэнтру гораду — у сквэр на скрыжаваньні вуліц Леніна і Ціміразева.

Ашмяны, 2012 год.
Леніна пераставілі ад царквы да будынку суду

Былога віду на Леніна ў Ашмянах больш няма
У Ашмянах помнік Леніну, як найчасьцей бывае, стаяў на цэнтральнай плошчы перад выканкамам. Гэтага Леніна любілі фатаграфаваць на фоне суседніх царквы і касьцёла. Але з 2013 году фонам для Леніна стаў будынак пракуратуры і суду, куды яго перанесьлі. На новым месцы правадыру значна панізілі пастамэнт.
"У горадзе праходзіла рэканструкцыя цэнтральнай плошчы напярэдадні абласных Дажынак. Па праекце на ёй не было месца помніку. Афіцыйнае тлумачэньне пераносу помніка — "магчымасьць больш рацыянальна выкарыстоўваць вызваленую прастору пры правядзеньні масавых гарадзкіх мерапрыемстваў".

Гарадок, 2014 год.
Замест Леніна — навагодняя ялінка

У 2012 годзе ўсталявалі новы пастамэнт, а праз два гады і яго прыбрал. Фота Regionby.org
Помнік Леніну на цэнтральнай плошчы ў Гарадку прыбіралі двойчы. У 2012 годзе яго дэмантавалі, каб памяняць стары пастамэнт. 22 красавіка 2012 году, у дзень народзінаў Леніна, помнік вярнулі на старое месца.
"Але праз два гады Леніна перанесьлі ўжо з новага пастамэнту. Гэта адбылося напярэдадні рэспубліканскіх "Дажынак" у Гарадку ў 2014 годзе.
Ён, праўда, застаўся ў цэнтры — на вуліцы Ленінскай — праз дарогу ад старога месца. Леніна перанесьлі да мастацкай школы. Там, дзе помнік стаяў раней, узімку ўсталёўваюць навагоднюю ялінку.

Талачын, 2015 год.
Леніна перанесьлі ў "Алею маладых"

Ленін у Талачыне стаў часткай "Алеі маладых"
Абласныя Дажынкі праводзіліся ў Талачыне ў 2015 годзе. Як гэта звычайна робіцца, напярэдадні сьвята на добраўпарадкаваньне гораду выдзелілі асобны бюджэт.
"Прыбраць помнік Леніну з плошчы 40-годзьдзя Кастрычніка прапанавалі гарадзкія ўлады. Каб вызначыцца зь лёсам помніка, ладзілі грамадзкае абмеркаваньне
У ліпені 2015 году помнік Леніну абмеркаваньне зьнік з цэнтральнай плошчы. Яго перанесьлі ў сквэр побач з райвыканкамам. Цяпер Ленін — частка "Алеі маладых" у цэнтральным сквэры.
Праз 20 год помнік пераплавілі
ў звон для брацкай магілы
Прынамсі ў 16 гарадах і мястэчках помнікі Леніну з цэнтральных вуліц і плошчаў ня ўдасца прыбраць ні пры якіх акалічнасьцях. Справа ў тым, што за савецкім часам помнікаў Леніну там ня ставілі. У сьпісе гарадоў бязь Леніна — Белаазёрск, Валожын, Дрыбін, Карэлічы, Кіраўск (Качэрычы), Клецк, Косава, Ляхавічы, Мар’іна Горка, Мёры, Мсьціслаў, Наваполацак, Сьветлагорск (Шацілавічы), Слаўгарад (Прапойск), Тураў, Фаніпаль.
У Мсьціславе Ленінаў нават не было. А сёлета на галоўнай плошчы тут зьявіўся помнік Пятру Мсьціслаўцу. Таксама ў гонар знакамітага земляка назвалі і плошчу
У кожным з гэтых гарадоў Леніна не ўсталявалі са сваіх прычын. У Кіраўску, напрыклад, на цэнтральнай плошчы стаіць Кіраў, у гонар якога гістарычныя Качэрычы перайменавалі ў 1939 годзе.
А ў Сьветлагорску, насамрэч, ёсьць два помнікі Леніну. Але гэта ня тыя помнікі правадыру сусьветнай рэвалюцыі, якія раней ставілі на галоўных вуліцах гарадоў. Тут ёсьць толькі папулярныя ў савецкія часы скульптуры Леніна ў дзяцінстве. Адзін — на тэрыторыі дзіцячага садка, другі — паміж школамі.
Сьветлагорскага Леніна ў савецкі час усталяваць не пасьпелі. Па чутках, з помніка вырабілі мэмарыяльны звон. Фота 34mag.net
Паўнавартасны помнік Леніну тут меўся таксама зьявіцца. У канцы 1980-х 10-тонны помнік Ільлічу са сьцягам ужо прывезьлі ў Сьветлагорск. Але так і не ўсталявалі. Бронзавы помнік выкарысталі ў 2005 годзе, калі яго пераплавілі ў звон — помнік на брацкай магіле салдат, што загінулі ў Вялікую Айчынную вайну.
Усе помнікі Леніну прапаноўвалі
зьнесьці яшчэ на пачатку 1990-х
У Польшчы, Латвіі, Літве і Эстоніі савецкія помнікі прыбралі ў першыя гады незалежнасьці. А ў Беларусі на пачатку 1990-х ніводзін камуністычны помнік не пацярпеў. Хаця дэленінізацыю ў Вярхоўным Савеце XII скліканьня абмяркоўвалі.
Помнік Леніну на плошчы Незалежнасьці не чапалі ў 1991-м
Сябры партыі БНФ ня раз прапаноўвалі зьнесьці ня толькі помнік Леніну на плошчы Незалежнасьці ў Менску, але прыбраць і ўсе астатнія савецкія сымбалі ў краіне.
"Яны не арганізавана выносілі такое пытаньне ад фракцыі, а паасобку, — сказаў Свабодзе Мечыслаў Грыб, дэпутат і чалец Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету XII скліканьня. — Але іхныя прапановы не маглі быць падтрыманыя, бо 86% дэпутатаў Вярхоўнага Савету XII скліканьня былі сябрамі КПСС".
Ня хоча зносіць помнікі і сучасная ўлада. Аляксандар Лукашэнка на пытаньне Свабоды пра дэленінізацыю адказваў , што пры ім помнікі чапаць ня будуць. У свой час ён прыпыніў знос помнікаў і перайменаваньне вуліц.
"Давайце паступова. Я ня буду руйнаваць помнікі, — сказаў Лукашэнка. — Прыйдзе час, людзі альбо адмовяцца ад гэтага... Калі народ у сваёй большасьці скажа: "Трэба гэты помнік культурна прыбраць. Стварыць недзе музэй пад адкрытым, закрытым небам. Акуратна там паставіць".
Пра парк савецкай эпохі загаварылі ў 2012 годзе ў Гомлі. Музэй пад адкрытымі небам хацелі адкрыць у старым мікрараёне, забудаваным хрушчоўкамі. Плянавалі туды зьвезьці ня толькі помнікі, але й паставіць савецкія тэлефонныя будкі, лавы, яткі з марозівам.
Як паведамілі Свабодзе ў адміністрацыі Савецкага раёну Гомля, парк савецкай эпохі тут не зьявіўся. Часткова гэтую ідэю рэалізавалі ў Жлобіне. У 2014 годзе на тэрыторыі мясцовай школы №5 зьявіўся "Парк скульптур савецкай эпохі". Сюды зьвезьлі старыя скульптуры савецкага пэрыяду, якія стаялі ў піянэрскіх лягерах і ў школах па ўсёй вобласьці.
Гэта не дэкамунізацыя, бо знос помнікаў
праходзіць неасэнсавана
Менавіта Дажынкі і Дні беларускага пісьменства часта спрычыняюцца да зносу помнікаў Леніну. Але сьцьвярджаць, што дзяржаўныя сьвяты спрыяюць дэсаветызацыі Беларусі, нельга, лічыць сацыёляг Тацяна Вадалаская.
Тацяна Вадалаская
"Дэкамунізацыя ці дэсаветызацыя павінна быць зьвязаная з рэальным асэнсаваньнем ролі Леніна і іншых сымбаляў, — сказала Вадалаская Свабодзе. — У нас жа, я б сказала, гэтага асэнсаваньня і абмеркаваньня ў публічнай прасторы, нейкай ацэнкі фактычна няма".
Вадалаская лічыць, што ў нас адбываецца толькі зьмяншэньне значнасьці ўсяго савецкага. Цалкам гэтыя помнікі не зьнікаюць з гарадоў, іх проста пасоўваюць убок. Такая неасэнсаванасьць зьменаў у грамадзтве дазваляе ў любы момант правесьці хоць якія пераўтварэньні.
"У іншых краінах мы бачым сапраўды вельмі шырокую публічную дыскусію, — кажа Вадалаская. — Яна звычайна даволі вострая. І зьмены адбываюцца ня самі сабой. А мы жывем у прасторы, дзе ўсе зьмены — натуральная зьява. Мы да іх не датычныя".
У доказ словаў Вадаласкай у Менску перад трактарным заводам адкрываюць новы помнік Леніну
На думку Вадаласкай, дэсаветызацыя — гэта ня толькі вызваленьне ад старой ідэалёгіі. Яна патрэбная для гістарычнай дыскусіі.
"Гэта магчымасьць зразумець сябе, самім вырашаць, што добрага, а што кепскага было ў мінуўшчыне, — кажа Вадалаская. — Што мы адтуль бяром з сабой, а што — не. Але звычайна за нас гэта вырашае хтосьці".
Credits

Аўтар: Антон Трафімовіч. Фота: Радыё Свабода, Дызайн і распрацоўка Pangea Design.

2016 © Pangea Digital, Радыё Свабода