У Кіеве, у рамках IX Міжнароднага фэсту «Кніжны арсэнал», прэзэнтавалі паэтычны зборнік беларуска-амэрыканскай паэткі Вальжыны Морт «Епідемія троянд» («Эпідэмія ружаў»), выдадзены на ўкраінскай мове ў перакладзе Лесіка Панасюка і Дарыны Гладун.
«Зьдзейсьніліся мае дзіцячыя мары, — сказала Свабодзе Вальжына Морт. — Я заўсёды марыла пра кніжку ва ўкраінскім перакладзе. Мне заўсёды здавалася, што паэты тут як рок-зоркі, тут шмат руху і ўсяго цікавага адбываецца, шмат цікавых аўтараў, якіх я чытаю, таму вельмі хацелася займець тут кніжку, і я вельмі рада».
Днём раней паэтка прэзэнтавала сваю кнігу ў Луцку.
«Я выступала на курсах беларусістыкі ва ўнівэрсытэце і была вельмі зьдзіўленая колькасьцю студэнтаў, якія вывучаюць беларускую мову і якім гэта вельмі падабаецца. Былі вельмі душэўныя чытаньні ў «Кнігарні "Є", дзе я таксама размаўляла са слухачамі па-беларуску. Усюды было ўсё зразумела, душэўна і вельмі пазытыўна. Мае ўражаньні ад знаходжаньня ва Ўкраіне, размаўляючы па-беларуску, можна сказаць, лепшыя, чым размаўляючы па-беларуску ў Беларусі».
Выданьне «Эпідэміі ружаў» па-ўкраінску ініцыяваў малады ўкраінскі паэт Лесік Панасюк, ён жа і знайшоў выдавецтва. Але ўкраінскі аналяг істотна таўсьцейшы за беларускі — у зборнік уключаныя і зусім новыя творы.
На сёлетнім «Кніжным арсэнале» беларуская кніга прадстаўленая істотна больш, чым летась, калі выдаўцы зь Беларусі ўпершыню бралі ўдзел у выставе. Каля іх стэндаў — такія ж чэргі, як і па ўкраінскія кнігі.
Амаль ўсе беларускія аўтары маюць тут сваіх прыхільнікаў, якія другі год запар прыходзяць на фэстываль адмыслова па навінкі ад Альгерда Бахарэвіча ці Ўладзімера Арлова. Упершыню прадстаўлены і беларускі пераклад украінскага пісьменьніка Сяргея Жадана «Інтэрнат».
«Мы суседзі, і мусім адзін пра аднаго ведаць і чытаць. Гэта вельмі цудоўна, што на "Арсэнале" ёсьць нашые выдавецтвы. Я ведаю, што беларускія кніжкі тут карыстаюцца попытам, і ёсьць шмат цікавасьці да нас, як і ў нас, мне здаецца, да ўкраінскай літаратуры. Апошнія палітычныя і гістарычныя падзеі робяць нас бліжэйшымі, бо мы хочам пачуць, якія словы знаходзяць тут пісьменьнікі датычна да цяперашняга становішча, расейскага імпэрыялізму, бо гэтыя гістарычныя пытаньні для нас таксама вельмі актуальныя. І мы мусім абменьвацца вэрбалізацыяй нашага досьведу», — кажа Вальжына Морт.
***
Вальжына Морт нарадзілася ў Менску, жыве ў ЗША, дзе выкладае ў Карнэльскім унівэрсытэце. Яе кнігі выходзілі ў Беларусі, ЗША, Нямеччыне, Швэцыі. Морт — ляўрэатка міжнароднай літаратурнай узнагароды «Крышталь Віленіцы» (Славенія, 2005), літаратурнай узнагароды для ўсходнеэўрапейскіх аўтараў Burda Preis (Нямеччына), літаратурнай узнагароды Бэс Хокін (Bess Hokin Prize) ад амэрыканскага часопісу «Poetry».