Яўген Патаповіч скончыў Магілёўскі інстытут МУС толькі мінулым летам. Яго бацька таксама працуе ў ДАІ.
Выкраданьне супрацоўніка ДАІ, 22-гадовага інспэктара Яўгена Патаповіча адбылося каля 18 гадзін 16 траўня ў цэнтры Магілёва. Пра тое, што трапіў у небясьпеку, ён пасьпеў паведаміць калегам у чаце, пасьля сувязь абарвалася. Цела Патаповіча знайшлі празь некалькі гадзін за горадам.
Супрацоўніка ДАІ застрэлілі з агнястрэльнай зброі, на рукі яму надзелі кайданкі.
Вядома, што Яўген Патаповіч прыйшоў працаваць у ДАІ зусім нядаўна. Ён скончыў Магілёўскі інстытут Міністэрства ўнутраных спраў толькі летась. Цяпер на сайце навучальнай установы вісіць паведамленьне пра сьмерць выпускніка. Яго бацька таксама працуе ў ДАІ. Маці — грузчыца на прадпрыемстве тэкстыльнай прадукцыі «Магатэкс». Яўген быў адзіным дзіцем у сям’і.
Карэспандэнт Свабоды паспрабаваў зьвязацца з маці Яўгена Патаповіча, якая працуе грузчыцай на прадпрыемстве «Магатэкс». Намесьнік дырэктара па ідэалягічнай працы і пэрсаналу прадпрыемства Міхаіл Сьвірэпа сказаў, што маці цяпер не да журналістаў.
«Ёй не да гэтага. Яна адна расьціла сына. І сын пайшоў з жыцьця. Ёй не да карэспандэнтаў. З мужам яны даўно разьведзеныя. Пра бацьку я нічога ня ведаю. Тыя, хто яе ведае, яе падтрымаюць. Я думаю, яна цяпер і размаўляць ня зможа».
Родныя нябожчыка расказваюць, што Яўген зь дзяцінства хацеў працаваць у праваахоўных органах і ў Магілёўскі інстытут МУС паступаў мэтанакіравана. Па словах сяброў, нягледзячы на складанасьці, Яўгену падабалася праца, ён не зьбіраўся звальняцца з ДАІ.
25 ліпеня Яўгену Патаповічу павінна было споўніцца 23 гады. Пахаваньне прызначанае на суботу 18 траўня. Разьвітаньне пройдзе ў будынку Магілёўскай абласной філярмоніі з 9 да 12 гадзін.
Зьвесткі пра затрыманьне падазраваных у забойстве міліцыянта не пацьвярджаюцца. МУС паабяцала ўзнагароду за інфармацыю пра забойства міліцыянта.