Працаўнікоў Беларускай чыгункі абавязваюць ісьці на тэставыя спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы па праграме ІІ Эўрапейскіх гульняў 2019. Гэта вынікае з дакумэнту, які апублікаваў у тэлеграм-канале блогер NEXTA.
Згодна з дакумэнтам, намесьнік начальніка Менскага аддзяленьня Беларускай чыгункі Аляксандар Харашэвіч просіць скіраваць на трыбуны 18 чалавек у якасьці заўзятараў.
Начальніца сэктару ідэалёгіі і сацыяльна-культурнай працы Менскага аддзяленьня БЧ Аксана Смаргова патлумачыла «Белсату», што ніхто сілком працаўнікоў на стадыён ня цягне, а квіткі раздаюцца, каб людзі «маглі заняць свой вольны час».
Эўрапейскія гульні — 2019. Што важна ведаць
Другія Эўрапейскія гульні прайшлі у Менску з 21 па 30 чэрвеня 2019 году.
- На падрыхтоўку і правядзеньне II Эўрапейскіх гульняў Беларусь выдаткавала ня менш за 840 мільёнаў рублёў (каля 400–430 млн даляраў).
- За два гады да гульняў Аляксандар Лукашэнка заяўляў, што Беларусі трэба будзе затраціць ня болей за 50 млн даляраў плюс дапамогуць эўрапейскія структуры. У кастрычніку 2018 году агучвалі ўдвая большую суму, у чэрвені 2019-га — у пяць з паловай раза большую. Выніковую суму абяцаюць назваць у студзені 2020 году.
- З квітком на гульні можна было бязь візы трапіць у Беларусь празь любы памежны пункт.
- Паводле папярэдніх падлікаў, Беларусь за час Эўрапейскіх гульняў наведалі 37 450 турыстаў, зь іх каля 7 тысяч чалавек былі акрэдытаваныя на гульні. Для параўнаньня, на чэмпіянат сьвету па хакеі ў Менск у 2014 годзе прыехалі 80 тысяч замежных турыстаў.
- Падчас гульняў у Беларусі працавалі супрацоўнікі МУС Расеі.
- Адкрыцьцё гульняў прысьвяцілі гісторыі Беларусі, закрыцьцё — сучаснасьці.