Жыхары Таджыкістана скардзяцца на рэзкае зьніжэньне хуткасьці інтэрнэту. Гэта адбылося пасьля таго, як прэзыдэнт адмяніў распараджэньне антыманапольнай службы аб павышэньні кошту онлайн-паслуг.
Таксама ў краіне ўжо другі тыдзень заблякаваны доступ да папулярных недзяржаўных рэсурсаў: сацсетак, мэсэнджэраў, сэрвісаў Google, YouTube і дзясяткаў іншых вэб-сайтаў.
Жыхары Таджыкістана ўжо прывыклі да рэгулярнага абмежаваньня доступу да розных вэб-сайтаў і інтэрнэт-рэсурсаў. Часовыя блякаваньні адбываюцца практычна кожны месяц. Некаторыя вэб-сайты — у асноўным незалежныя навінавыя парталы — у краіне па-за доступам ужо паўгода. Таджыкістанцы абыходзяць блякаваньне з дапамогай спэцыяльных праграм. Але з прычыны нізкай хуткасьці з перабоямі працуюць і самі VPN-сэрвісы.
Некаторыя экспэрты лічаць, што такім чынам улада назірае за рэакцыяй грамадзян на абмежаваньне доступу да інфармацыі. У наступным годзе ў Таджыкістане пройдуць выбары прэзыдэнта краіны і, магчыма, гэтая блякіроўка — усяго толькі рэпэтыцыя перад татальным адключэньнем сеціва перад галасаваньнем.
У службе сувязі ад інтэрвію адмаўляюцца, але кажуць, што прычына дрэннай сувязі ў тым, што людзі карыстаюцца VPN-сэрвісамі для абыходу блякаваньняў. У ведамстве сьцьвярджаюць, што рэсурсы не блякуюцца ўладамі — гэта вынік пастаянных хакерскіх нападаў на дзяржаўны Адзіны камутацыйны цэнтр, адзіны вузел, які кантралюе трафік у краіне.