Пры мэтады вэрбаваньня апавядаюць вэрбавальнік і былыя завэрбаваныя. Што рабіць, калі вас вэрбуюць: рэкамэндацыі дае праваабаронца.
Жыцьцё расейскага грамадзянскага актывіста Паўла Кузьняцова зьмянілася ў 2014 годзе. Авіяінжынэр і ўдзельнік мітынгаў на Балотнай трапіў у распрацоўку праз сваю грамадзянскую актыўнасьць і сувязі з апазыцыяй. Супрацоўнікі Цэнтру «Э» (Упраўленьне па барацьбе з экстрэмізмам МУС Расеі) і ФСБ прыйшлі пагаварыць пра пэрспэктывы супрацоўніцтва проста на працу, кажа Кузьняцоў, — у «ОКБ Сухога».
«Рэкамэндуем вам з намі супрацоўнічаць, — пераказвае гутарку з супрацоўнікамі спэцслужбаў Кузьняцоў. — Ніякіх прэтэнзій з нагоды вашага хобі мы вам выстаўляць не зьбіраемся. Яны кажуць: «Нас вы мала цікавіце. Мы змагаемся з ворагамі Расеі, і нам трэба, каб вы дапамагалі нам гэтых ворагаў выкрываць».
Сярод «ворагаў», якіх Паўлу прапанавалі выкрыць, вядомая актывістка і заяўніца мітынгаў пратэсту Надзея Міцюшкіна. Ён адмовіўся. І, як сьцьвярджае Кузьняцоў, паплаціўся за прынцыповасьць працай: неўзабаве кіраўніцтва папрасіла яго звольніцца на ўласнае жаданьне. Ад таго часу актывіст працуе курʼерам: на працу ў авіяцыйнай галіне яго не бяруць. Ён перакананы, што з прычыны той самай адмовы.
«Велізарная колькасьць людзей уцягнутая». Як вэрбуе ФСБ
Пра мэтады супрацоўнікаў спэцслужбаў у Расеі «Настоящему Времени» распавёў былы супрацоўнік КДБ і ФСБ, палітык Генадзій Гудкоў.
— Што такое ўвогуле вэрбаваньне?
— Вэрбаваньне — гэта схіленьне да супрацоўніцтва, прыцягненьне да супрацоўніцтва. Таемнаму, сакрэтнаму. Саксот — сакрэтны супрацоўнік.
— Як адбываецца вэрбаваньне?
— Усё залежыць ад кваліфікацыі работніка, ад яго прыродных якасьцяў, розуму, такту. Усё можа выглядаць абсалютна нязграбна і дзіка — і ўсё можа выглядаць абсалютна адэкватна. Гэта наладжваньне адносін — даверных і часьцяком сакрэтных, канфідэнцыйных. Калі вы валодаеце здольнасьцю наладжваць з чалавекам выдатныя адносіны ў жыцьці, то можаце быць вэрбоўшчыкам. Калі вам не даюцца кантакты зь людзьмі, вы ня можаце выбудаваць хутка адносіны, у вас няма лёгкасьці ў зносінах — вам ня варта ісьці ў спэцслужбы на апэратыўную працу, вы ня здольны быць вэрбоўшчыкам.
Я шмат у сваім жыцьці займаўся вэрбавальнай працай, апэратыўнай працай. У мяне гэта атрымлівалася, ня буду хаваць. У мяне дагэтуль зь некаторымі маімі былымі сакрэтнымі супрацоўнікамі засталіся нармальныя чалавечыя, вельмі добрыя адносіны.
— Ці вядуцца нейкія картатэкі завэрбаваных?
— Ня проста вядуцца — гэта аснова. Заўсёды гэтыя картатэкі існавалі, існуюць і будуць існаваць. Ведаеце, чаму няма працёкаў наконт агентуры? Зараз сыстэма ўліку агентуры — тая ж самая, якая была 200 гадоў таму: на картцы пішацца псэўданім, пішуцца рэальныя дадзеныя чалавека. Гэтая картка мае грыф «абсалютна сакрэтна», гэтая картка захоўваецца ў асобным аддзеле, у адмысловым сховішча зь вельмі абмежаваным доступам.
— А бывае так, што чалавек ня ведае, што ён завэрбаваны?
— Бывае, што ён не разумее, што ён завэрбаваны. Бывае такое... гэта называецца «на чужы сьцяг вэрбаваць»: калі чалавек, будучы з Гандурасу, вэрбуе ад імя амэрыканскай выведкі, расейскай выведкі. Бывае, уцёмную выкарыстоўваюць.
90% — клясычнае вэрбаваньне, калі чалавек ведае [што завэрбаваны]. Бярэ псэўданім, вельмі часта дае падпіску. Яго навучаюць элемэнтарным, а часам нават не элемэнтарным, а вельмі сурʼёзным мэтадам кансьпірацыі: сувязям, паролям, шыфрам і гэтак далей. Калі мы бярэм, напрыклад, агентуру, якая ўкараняецца ў банды, у наркакартэлі, у тэрарыстычнае падпольле і гэтак далей, — там патрэбна вельмі сурʼёзная падрыхтоўка агента.
— А калі гаворка ідзе пра нейкія палітычныя ці каляпалітычныя справы, што бывае за адмову супрацоўнічаць?
— Усё залежыць ад супрацоўнікаў і ад кіраўнікоў аддзелаў, ад кіраўнікоў упраўленьняў. Сёньня выдатныя вэрбовачныя сытуацыі, паколькі любы жорсткі рэжым стварае ўмовы для таго, каб чалавека перасьледаваць. Сёньня любы чалавек можа быць перасьледаваны спэцслужбамі. Такога не было нават у СССР за брэжнеўскім часам, як цяпер. Тым больш цяпер людзі залежаць ад рынку, ад працы, ад працаўладкаваньня, ад многіх іншых фактараў. Гэта выкарыстоўваюць вэрбоўшчыкі, безумоўна.
Я проста перакананы, што велізарная колькасьць людзей у апазыцыі, унутры апазыцыі, у партыях, у розных грамадзкіх арганізацыях у той ці іншай ступені ўцягнутыя ў супрацоўніцтва са спэцслужбамі. Там дзьве формы. Адна — агентурная, калі чалавек сапраўды ведае, што ён агент, працуе, бярэ псэўданім, можа пісаць паведамленьні адпаведныя. Усё гэта, вядома, засакрэчана. А можа быць на такім сяброўскім кантакце, ён называўся ў мае часы «даверлівыя адносіны». Яны адрозьніваюцца ад клясычных тым, што яны менш кансьпіратыўныя, больш адкрытыя.
— Умоўна гэта можа быць сяброўства, раман?
— Не-не, давайце мы ня будзем згушчаць фарбы. Ніякага раману быць ня можа. Любы раман спыняецца самым жорсткім чынам, наогул, гэта лічыцца хібай у працы. Калі апэратыўны супрацоўнік уступае ў нейкія адносіны асабістыя са сваім агентам, то гэта ўжо ўсё — лічыце, што супрацоўніцтва няма. Ніякіх раманаў быць ня можа. А вось адносіны нармальныя, паважлівыя падтрымліваюць. Вельмі многія агенты працуюць са спэцслужбамі, таму што ім дапамаглі: са сваякамі, з роднымі, з блізкімі, зь лекамі, з хваробамі, ды з чым заўгодна, у нейкай крытычнай сытуацыі.
Як вэрбуе КДБ: досьвед Беларусі
Алесь Міхалевіч — юрыст, у 2010 годзе ён балятаваўся на пасаду прэзыдэнта Беларусі. Пасьля абвяшчэньня вынікаў выбараў у Менску прайшлі шматтысячныя акцыі пратэсту. Іх разагналі, а Міхалевіча, разам зь іншымі, абвінавацілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў і арыштавалі. Пазьней Міхалевіч прызнаўся, што пасьля затрыманьня падпісаў пагадненьне з КДБ аб супрацоўніцтве. Як сьцьвярджае ён сам, яго катавалі і патрабавалі выступіць на дзяржаўным тэлеканале з напісаным у КДБ тэкстам.
Пасьля падпісаньня пагадненьня былы кандыдат у прэзыдэнты Беларусі ўцёк у Чэхію, дзе яму далі палітычны прытулак. Толькі ў 2015 годзе ён змог вярнуцца ў Беларусь.
У эфіры «Настоящего Времени» Алесь Міхалевіч распавёў, як КДБ схіляў яго да супрацоўніцтва:
— 2010 год — гэта ўжо быў другі выпадак. Першы быў дзесьці ў раёне 2003-2004 году, калі выкарыстоўваліся клясычныя мэтады пугі і перніка. З аднаго боку, пернікам павінны былі быць размовы і лябіяваньне таго, каб я прайшоў у Палату прадстаўнікоў, гэта значыць у беларускі парлямэнт. А пугай была нейкая інфармацыя пра грантавую дзейнасьць, нейкія пагрозы таго, што мне ў нечым перашкодзяць. Два клясычныя спосабы вэрбаваньня: штосьці прапануецца ці чымсьці спрабуюць пакараць.
У 2010 годзе ў турме мне наўпрост было сказана, што ці я па поўнай праграме, надоўга іду па этапе або раблюся агентам, інфарматарам беларускага КДБ. Я падпісаў паперу аб супрацоўніцтве і адразу ж, як толькі мяне вызвалілі, правёў прэс-канфэрэнцыю, дзе распавёў пра катаваньні і пра тое, пры якіх абставінах гэтая папера была падпісаная.
— Гэтая папера мае нейкую рэальную юрыдычную сілу?
— Юрыдычная сіла — на ўзроўні добраахвотнай згоды супрацоўніцтва. З выбарам псэўданіма, з тым, што далей чалавек добраахвотна згаджаецца супрацоўнічаць.
Што тычыцца разрыву гэтых адносін — безумоўна, ніякай юрыдычнай сілы яны ня маюць. Гэта проста разрыў адносін і ўсё. Я гэта зрабіў публічна, я гэта зрабіў перад СМІ, паведаміўшы па тэлевізары фактычна ў КДБ, што не зьбіраюся зь імі супрацоўнічаць.
— Ваш псэўданім які быў?
— Мой псэўданім быў Гаўрыла.
— Што патрабавалі ад вас? Інфармацыю пра апазыцыю?
— Усё залежыць ад таго, хто з кім працуе, які аддзел унутры КДБ. Паколькі мной займалася контравыведка, то асноўныя пытаньні тычыліся іншаземцаў, дыпляматаў і гэтак далей.
— Што вам дазволіла вярнуцца ў Беларусь, нягледзячы на гэтую вэрбаваньне?
— У мяне ніякіх гарантый не было, што мяне пакінуць на волі. Уласна кажучы, мяне адразу затрымалі, арыштавалі. Але вельмі хутка памянялі рашэньне, фактычна памянялі мне меру стрыманьня ў крымінальнай справе з арышту на падпіску пра нявыезд.
Гэта, безумоўна, была рызыка. Скажу так: рызыка ёсьць да гэтага часу, краіна ў нас спэцыфічная. Зь іншага боку, калі сваю краіну любіш і хочаш у ёй быць, то часам на такую рызыку даводзіцца ісьці.
— Вас не падазравалі вашы калегі па апазыцыі ў тым, што вы працягваеце супрацоўніцтва?
— Я застаюся абвінавачаным у крымінальнай справе аб масавых беспарадках 2010 году, проста гэтая крымінальная справа прыпыненая. Шчыра кажучы, што там іншыя людзі кажуць... Заўсёды хтосьці кагосьці падазрае. Я да гэтага стаўлюся вельмі спакойна, пакідаю гэтае права кожнаму. Думаю, што я беларускім органам і КДБ нашкодзіў столькі разоў, што для нейкіх падазрэньняў тут падставаў не засталося.
Што рабіць, калі вас вэрбуюць: рэкамэндацыі праваабаронцы
Член праўленьня беларускай некамэрцыйнай недзяржаўнай арганізацыі «Прававая ініцыятыва» Сяргей Усьцінаў кажа, што супрацоўнікі спэцслужбаў часьцей за ўсё выбіраюць для вэрбаваньня актывістаў-пачаткоўцаў (яны ўжо ўваходжу ў апазыцыйныя колы, але могуць дрэнна ведаць свае правы) і людзей, у якіх ёсьць правапарушэньні або іншыя слабыя месцы :
«Калі ў чалавека ёсьць алькагалізм, наркаманія, калі патрапіўся на нейкім крадзяжы — гэта ідэальная падпорка для таго, каб аказаць псыхалягічны ціск. Альбо калі ў чалавека сваякі працуюць у дзяржустановах, на дзяржпрадпрыемствах — і баяцца, што іх звольняць».
Вярбуюць будучых агентаў, запрашаючы «на размову»: у кабінэце ў начальніка, дэканаце або ў аддзеле паліцыі ці КДБ. Пагражаць патэнцыйнаму інфарматару наўрад ці будуць, кажа Усьцінаў: «Гэта нейкія размовы з гумарам, вясёлыя, з усьмешкай. „Давайце абмяркуем міжнародную абстаноўку“ — і гэтак далей».
Паводле закону можна адмовіцца ад супрацоўніцтва. Калі аказваецца сурʼёзны псыхалягічны ціск, праваабаронца рэкамэндуе скардзіцца ў пракуратуру і надаваць сытуацыі розгалас пры дапамозе СМІ ці сацыяльных сетак. А прама на месцы, калі сытуацыя выйшла з-пад кантролю, можна ўжыць любыя хітрыкі, каб даць сабе перадышку і сабрацца з думкамі:
«Калі адчуваеце, што не адказваеце за свае словы і дзеяньні, вазьміце перадышку. Любым чынам: у туалет, дрэнна стала, ціск падняўся, прабачце, я сапраўды сябе дрэнна адчуваю, таму што тут душна, можна я фортку адчыню. Пакуль падышлі, пакуль ён адкрыў фортку, ёсьць нейкі прамежак часу, за які вы хоць нешта можаце пераасэнсаваць. А калі выйшлі ў прыбіральню, то камусьці патэлефанаваць, распавесьці, што адбываецца», — кажа Усьцінаў.