Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агент «Болек», які стаў скалой


Лех Валэнса
Лех Валэнса

Польскія гісторыкі — пра наступствы апублікаваньня дасье Леха Валэнсы для ўспрыманьня антыкамуністычнага руху 1980-х гадоў у Польшчы.

Як паўплывала супрацоўніцтва Леха Валэнсы з польскай дзяржбясьпекай ў 1970-я гады на далейшае прыняцьце ім рашэньняў у якасьці лідэра антыкамуністычнага руху, кіраўніка прафсаюзу «Салідарнасьць» і прэзыдэнта Польшчы? Дыскусія з гэтай нагоды адбылася ў Інстытуце нацыянальнай памяці ў Варшаве. У ёй бралі ўдзел прафэсары Анджэй Фрышке і Пётр Гантарчык, якія вывучылі матэрыялы, знойдзеныя ў доме ўдавы генэрала Кішчака, перш за ўсё, так званае «дасье Болека». Вёў абмеркаваньне галоўны рэдактар часопіса «У сеціве» Пётр Сквячынскі.

Ва ўступным слове Пётр Сквячынскі адзначыў, што яго стаўленьне да Валэнсы зьмянілася ў горшы бок пасьля выяўленьня «дасье Болека», перш за ўсё таму, што пасьля вывучэньня зьместу гэтай тэчкі стала вядома пра тое, што Валэнса менавіта па сваёй волі інфармаваў польскую дзяржбясьпеку пра сваіх калег, пра тое, што адбываецца на прадпрыемстве, дзе ён працаваў. Пры гэтым Сквячынскі сказаў, што і раней ведаў аб такой дзейнасьці Валэнсы.

Прадстаўнік старэйшага пакаленьня польскіх гісторыкаў, аўтар шматлікіх кніг па гісторыі сучаснасьці і руху «Салідарнасьць» прафэсар Анджэй Фрышке заявіў, што «дасье Болека», несумненна, пагоршыла ў яго вачах вобраз Леха Валэнсы. «Але ня ўсё было так проста. Я б сказаў, што ня толькі пагоршыла, але і дазволіла лепш зразумець асаблівасьці яго дзейнасьці ў 1970-я гады», — падкрэсьліў прафэсар. Пасьля вывучэньня дакумэнтаў прафэсар Фрышке зрабіў выснову, што Валэнса стаў асьведамляльнікам дзяржбясьпекі пад прымусам, калі яго затрымалі ў суботу 19 сьнежня 1970 году. Ва ўлады ў Польскай Народнай Рэспубліцы быў Гамулка і палітычных пераменаў у ПНР яшчэ не адбылося, адзначыў гісторык. Валэнса ўваходзіў у склад страйкавага камітэту суднавэрфі імя Леніна і быў затрыманы як адзін зь лідэраў працоўнага пратэсту. Пра гэта Валэнса, дарэчы, пісаў у сваёй кнізе «Дарога надзеі», нагадаў прафэсар Фрышке. У выніку гэтага затрыманьня Валэнса быў завэрбаваны, удакладняе Фрышке. Да лета 1971 года Валэнса сумленна і адкрыта размаўляе з капітанам Грачыкам, перадае яму шмат інфармацыі, якая апісвае тое, што адбываецца ў рабочым асяродзьдзі на суднавэрфі: чаго хочуць рабочыя, чаго дамагаюцца, як і з чаго пачынаюцца забастоўкі.

На пытаньне, ці шкодзіў Валэнса людзям сваімі даносамі, Фрышке адказвае станоўча, бо Валэнса называў імёны людзей, якія выраблялі ўлёткі, у якіх у руках была зброя, яны праяўлялі найбольшую актыўнасьць у рабочым руху. Прафэсар Фрышке сказаў, што ў яго ўзьнікла пытаньне, чаму гэты хлопец (Валэнса), які пазьней пакажа сябе цьвёрдым, ідзе на супрацоўніцтва з дзяржбясьпекай ў 1970-я гады?

«Збольшага гэта адбывалася зь ім з-за страху», — лічыць прафэсар Фрышке. Цалкам зразумела, што ён думаў пра тое, што яго пасадзяць, што яго ня выпусьцяць. Ёсьць яшчэ і іншы момант: афіцэр дзяржбясьпекі Грачык, які дапытваў Валэнсу, хацеў стварыць у яго адчуваньне, што ён робіць нешта карыснае. Валэнсу здавалася, што разам з Грачыком ён дапамагае супакоіць сытуацыю на суднавэрфі, дзе ў гэты час ішлі рабочыя пратэсты, прадухіліць кровапраліцьце.

Тэчка дзяржбясьпекі з дасье "агента Болека", якая захоўвалася ў доме былога міністра
Тэчка дзяржбясьпекі з дасье "агента Болека", якая захоўвалася ў доме былога міністра


Прафэсар Фрышке зьвярнуў увагу, што палова зьместу тэчкі Валэнсы тычыцца таго, што адбываецца да лета 1971 году і ўяўляе сабой, як лічыць вучоны-гісторык, спробу з боку Валэнсы пераканаць прадстаўнікоў уладаў, што варта пазьбегнуць самага горшага. У далейшым Валэнса ўжо вядзе гутарку зусім у іншым стылі, усё менш кажа аб некаторых асобах і ўсё больш пра ўмовы працы. І потым прыходзіць на сустрэчы без энтузіязму або зусім не прыходзіць. «У кожнага чалавека, які ў жыцьці перажыў такое, як таемнае супрацоўніцтва, вярбоўка, несумненна, існуе неабходнасьць да гэтага вяртацца. А з іншага боку, узьнікае пытаньне: ці зрабіўся Валэнса аўтаномным, сувэрэнным дзеячом пасьля гэтага? І як тое, што здарылася зь ім, паўплывала на яго лідэрскія якасьці ў далейшым і сфармавала яго? »

Прафэсар Фрышке лічыць, што ў далейшым Валэнса дзейнічаў без усялякіх ілюзій і стаяў, як ён выказаўся, «як скала».

Нават калі выявіцца, што подпіс Валэжнсы сфальшаваны, мяркуе прафэсар Гантарчык, сур’ёзнай пераацэнкі дакумэнтаў і зьвестак, якія адкрыліся, не адбудзецца. Аднак, на яго думку, почырк, якім напісаны даклады Валэнсы, выклікае некаторыя сумневы. «Гэты почырк занадта добры для простага рабочага», — лічыць Гантарчык. Гэтыя даклады гэбісты цалкам маглі пісаць сваёй рукой са словаў самога Валэнсы. Зрэшты, супрацоўніцтва Валэнсы з ГБ ужо аспрэчыць не атрымаецца, нават калі высьветліцца, што справаздачы напісаны і не яго рукой.

У 2008 годзе Гантарчык і Славамір Ценцкевіч апублікавалі гістарычную навуковую працу пад назвай «Лех Валэнса і дзяржбясьпека. Уклад у біяграфію». Кніга выклікала вялікую палеміку ў Польшчы, і абодва аўтара былі падвергнуты ганеньням. У сваёй працы Гантарчык і Ценцкевіч прыводзілі доказы таго, што ў 1970-я гады лідэр прафсаюзу «Салідарнасьць» і экс-прэзыдэнт Польшчы Лех Валэнса быў таемным асьведамляльнікам польскі тайнай паліцыі.

Валэнса як актывіст новых прафсаюзаў мог наіўна спрабаваць праз афіцэраў дзяржбясьпекі перадаць уладам інфармацыю пра тое бязладзьдзе, якое рабіліся на суднавэрфі, дзе ён працаваў


Удзельнікі дыскусіі таксама выказалі меркаваньне, што Валэнса мог паверыць у так званае «абнаўленьне», якое пачалося ў Польшчы ў 1970-я гады пры Эдварду Герэку. Прафэсар Фрышке сказаў, што ў той час многія разглядалі дзяржбясьпеку як пасярэдніка ў дыялёгу ўлады з грамадзтвам, таму што інакш просты чалавек ня мог дастукацца да камуністычнага кіраўніцтва. Прафэсар Фрышке выказаў здагадку, што Валэнса як актывіст новых прафсаюзаў мог наіўна спрабаваць праз афіцэраў дзяржбясьпекі перадаць уладам інфармацыю пра тое бязладзьдзе, якое рабіліся на суднавэрфі, дзе ён працаваў. Пры чытаньні некаторых дакладаў Валэнсы відаць, што ён спрабуе выкарыстаць свае гутаркі з прадстаўнікамі дзяржбясьпекі для паляпшэньня становішча на прадпрыемстве. Ён абмяркоўвае зь імі зарплаты, адносіны кіраўніцтва і падначаленых. «Валэнса трактуе дзяржбясьпеку як сэгмэнт улады, які можа прывесьці да станоўчых пераменаў. Ён спрабуе пераканаць супрацоўніка дзяржбясьпекі, што калі не палепшыць сыстэму, дык справа дойдзе да бунту», — адзначае прафэсар Фрышке.

Гісторык таксама зьвярнуў увагу, што ў дасье Валэнсы-«Болека» зьмяшчаецца пяць старонак, напісаных на машынцы, з выступам Валенсы перад рабочымі ў 1976 годзе, дзе ён крытыкуе ўлады, кажа аб карупцыі і беззаконьнях, якія робяцца на прадпрыемстве. Прафэсар Фрышке лічыць, што ў гэтым выступу мы маем справу з праграмай бунтара. І наогул, з пункту гледжаньня Фрышке, гэтая тэчка кажа пра Валэнсу як пра бунтара значна больш, чым як пра інфарматара.

1976 год. Эдвард Герэк (зьлева) і Пётр Ярашэвіч (у сярэдзіне) пасьля ўскладаньня вянкоў каля Крамлёўскай сьцяны ў Маскве. Справа суправаджае афіцэр ГБ. На заднім пляне Войцэх Ярузэльскі
1976 год. Эдвард Герэк (зьлева) і Пётр Ярашэвіч (у сярэдзіне) пасьля ўскладаньня вянкоў каля Крамлёўскай сьцяны ў Маскве. Справа суправаджае афіцэр ГБ. На заднім пляне Войцэх Ярузэльскі


З гэтым меркаваньнем пагадзіўся Пётр Гантарчык. Ён таксама лічыць, што Валэнса ў значна большай ступені выступае і тады, і пасьля як выдатны правадыр, а не як «чалавек, які вісіць на шнурку» дзяржбясьпекі. «Яго супрацоўніцтва сканчаецца поўным разрывам», — адзначыў Гантарчык, зьвярнуўшы ў той жа час ўвагу на тое, што Валэнса даносіў на сваіх калегаў па прафсаюзнаму руху і на сваіх канкурэнтаў, якія ўзначальвалі разам з ім працоўныя пратэсты. «Валэнса даносіў на сваіх канкурэнтаў і паводзіў сябе як чалавек, які адносіцца да людзей груба і без сантымэнтаў, — лічыць Пётр Гантарчык. — Так, Валэнса шкодзіў іншым людзям у 1970 годзе, вядома, што з-за яго многія людзі былі звольненыя з працы ».

З пункту гледжаньня Пятра Сквячынскага, пасьля таго як Валэнса працяглы час меў зносіны з агентамі дзяржбясьпекі, у яго адносінах з гэтымі людзьмі склалася нейкая фамільярнасьць. У гэтай сувязі Сквячынскі нагадаў, што першы сакратар ЦК ПОРП Станіслаў Каня неаднаразова даваў зразумець, што сытуацыя з рабочымі пратэстамі знаходзіцца пад кантролем партыйных уладаў, бо на чале беспарадкаў стаяць людзі, якія знаходзяцца пад кантролем.

Прафэсар Фрышке выказаў меркаваньне, што аб так званай «фамільярнасьці Валэнсы пры зносінах зь людзьмі ў мундзірах», хутчэй за ўсё, можна казаць падчас яго інтэрнаваньня ў Арламаве пасьля ўвядзеньня ваеннага становішча. «Менавіта ў гэты час ён мае зносіны з афіцэрамі ў найбольшай ступені», — сказаў прафэсар Фрышке. Але наўрад ці гэта можна назваць фамільярнасьцю, таму што ён не падпарадкоўваецца афіцэрам-куратарам, адмаўляецца рабіць палітычныя заявы, якія ад яго патрабуюць. Калі 17 сьнежня 1981 году палкоўнік Іванец праводзіць з Валэнсам розныя гутаркі і просіць удзельнічаць у палагоджваньні сытуацыі, Валэнса адмаўляецца ад усяго, нагадаў прафэсар Фрышке: «У гэты час Валэнса стаяў цьвёрда, як скала».

Анджэй Фрышке, Пётр Гантарчык, Пётр Сквячынскі
Анджэй Фрышке, Пётр Гантарчык, Пётр Сквячынскі

У гэты час ён не пагаджаецца і з Кішчакам (тагачасны кіраўнік МУС ПНР. — РС), удакладніў Фрышке. Прафэсар таксама нагадаў, што дзяржбясьпека пасьпела зьнішчыць дзясяткі тамоў, сабраных пры назіраньні і допытах Валэнсы ў 1981 годзе. «15 тамоў з матэрыяламі праслухоўваньня Валэнсы — усё пайшло ў печ», — нагадаў ён. Фрышке ня бачыць падстаў лічыць, што ў сваёй дзейнасьці ў 1980-я гады Валэнса паддаваўся ціску дзяржбясьпекі.

Тым ня менш, Фрышке лічыць, што дзяржбясьпека адыграла немалую ролю ў лёсе Валэнсы. «Яна ня толькі назірала за ім, але і ахоўвала яго, — сказаў Фрышке. — Абараняла ад магчымых замахаў на яго жыцьцё». «Калі мы гаворым пра слабасьць Валэнсы ў адносінах да людзей у мундзірах, дык можна сказаць, што гэтае ягонае пачуцьцё рэзка кантраставала з глыбока пагардлівым стаўленьнем да партыйных кіраўнікоў», — заявіў Фрышке.

На думку прафэсара Фрышке, далейшая трактоўка ролі Валэнсы ў Польшчы ў кожнага паляка або замежніка будзе свая, у залежнасьці ад асабістага стаўленьня чалавека да падзеяў 1989 году, да круглага стала, да выбараў, праведзеных 4 чэрвеня. Ці будуць лічыць круглы стол «змовай элітаў» або грамадзкім кантрактам, пры заключэньні якога антыкамуністычная апазыцыя змагла дамовіцца з прасавецкай сіламі левай арыентацыі аб мірнай перадачы ўлады — у залежнасьці ад гэтага і будзе ўспрымацца роля Леха Валэнсы. «Тыя, хто не згаджаюцца з тым, што адбылося ў 1989 годзе, не пагодзяцца прымаць і пазытыўны вобраз Валэнсы», — сказаў Фрышке.

«Для мяне Валэнса зьяўляецца правадыром руху „Салідарнасьць“, зь вялікімі недахопамі, якія таксама і адлюстроўвалі ўсю супярэчлівасьць гэтага руху, але Валэнса пры гэтым валодае харызмай, якую немагчыма прыменшыць», — адзначыў прафэсар Фрышке. Пётр Гантарчык таксама заявіў, што ня бачыць у гісторыі Польшчы іншага палітыка, які мог бы замяніць Валэнсу ў ягонай ролі ў працоўным і прафсаюзным руху, нават з улікам усіх ягоных недахопаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG