Служба бясьпекі Ўкраіны (СБУ) абвінаваціла Расею і сэпаратыстаў з так званых «ДНР» і «ЛНР» у вярбоўцы жонак трох украінскіх вайскоўцаў.
Жанчын прымушалі да супрацоўніцтва, калі тыя езьдзілі да бацькоў, якія пражываюць у Расеі і на непадкантрольных Украіне тэрыторыях Данбасу, паведамляецца на сайце ведамства.
Сьцьвярджаецца, што адна грамадзянка Ўкраіны была завэрбаваная падчас паездкі ў Санкт-Пецярбург, дзьве астатнія езьдзілі ў разьмешчаныя недалёка ад Данецку Горлаўку і Антрацыт. На жанчын рабіўся псыхалягічны ціск, ім пагражалі перасьледам бацькоў і забаронай на ўезд у Расею, «ДНР» і «ЛНР». У выніку яны пагадзіліся на супрацоўніцтва з расейскімі і сэпаратысцкімі органамі, гаворыцца ў паведамленьні СБУ.
Ад жанчын патрабавалася перадаваць інфармацыю пра месцазнаходжаньне вайсковых часьцей іх мужоў, падрабязнасьці аб вайсковых апэрацыях, у якіх тыя зьбіраліся ўдзельнічаць, а таксама інфармацыю пра маральны стан ўкраінскіх вайскоўцаў.
Пасьля вяртаньня дадому жанчыны пагадзіліся супрацоўнічаць са сьледзтвам, якое праводзіцца СБУ. Згодна з украінскім заканадаўствам, у абмен на гэтае рашэньне жанчынам ня будзе выстаўлена ніякіх абвінавачаньняў.
Расейскія органы таксама абвінавачваюць Украіну ў спробах прымусіць да супрацоўніцтва расейскіх грамадзян: у ліпені ў кіраўніцве ФСБ у анэксаваным Крыме заявілі, што, паводле інфармацыі ведамства, на адміністрацыйнай мяжы Крыму з падкантрольнымі Ўкраіне тэрыторыямі былі ўсталяваныя вярбовачныя пункты СБУ.