У судзе Цэнтральнага раёну Менску 13 траўня абвясьцілі вырак бізнэсоўцу Ўладу Брыштэлю. Ён прызнаны вінаватым у распаўсюдзе асабліва небясьпечных псыхатропаў і асуджаны на 9 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці, піша Tut.by.
Улада Брыштэля затрымалі ў мінулым кастрычніку, калі ён спрабаваў зрабіць чарговую закладку псыхатропнага рэчыва мэфэдрону (так званая «соль»). Брыштэль прызнаўся, што тая закладка была 28-ю — агулам ён купіў для распаўсюду каля 100 грамаў прыблізна за 400 рублёў.
Як тлумачыў Брыштэль на судзе, ён пайшоў на гэта, бо былі патрэбныя грошы на лекаваньне дачкі, якая мае I-ю групу інваліднасьці.
Брыштэль вядомы як саўладальнік менскіх бараў Stirlitz, «Тише мыши» і іншых. Але калі з барамі пачаліся праблемы, ён сышоў працаваць адміністратарам у салён прыгажосьці, што належыць ягонай сястры. Грошай з той працы на лекаваньне дачкі яму не хапала, а пазычыць у сяброў не ўдалося.
Ён адзначаў, што праз інтэрнэт надзіва лёгка набыць наркотыкі. І прызнаўся, што сам ужываў наркотыкі з 12 гадоў.
Брыштэль заявіў, што прапаноўваў апэратыўнікам паказаць, як працуе праграма, празь якую ён набыў рэчыва, але тыя адмовіліся — сказалі, што «самі разьбяруцца». Таксама апэратыўнікі, паводле ягоных слоў, не зацікавіліся адрасамі ўсіх закладак: сказалі, хопіць тых, што яны ўжо ведаюць, а «3–5 засталіся ў схованках».
Брыштэль спадзяваўся, што суд улічыць супрацу са сьледзтвам і хваробу дачкі і прысудзіць яму мінімальнае пакараньне або нават яшчэ лягчэйшае. Паводле ч.3 арт. 328 яго маглі пакараць 8–15 гадамі пазбаўленьня волі з магчымай канфіскацыяй маёмасьці. Пракурор прасіў прысудзіць 10 гадоў. У выніку пакараньне прызначылі слабейшае за тое, што прасіў пракурор, але не мінімальна магчымае.