Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пад Магілёвам прадпрыемства яшчэ не працуе, а ўжо нашкодзіла


Праз поле «Омск карбон Магілёў»
Праз поле «Омск карбон Магілёў»

Жыхары прыгарадных магілёўскіх пасёлкаў Вейна і Навасёлкі не далі згоды на павелічэньне аб’ёмаў вытворчасьці тэхнічнага вугляроду прадпрыемству з расейскім капіталам «Омск карбон Магілёў».

Пасялкоўцы выказалі такую пазыцыю на грамадзкім абмеркаваньні пытаньняў, зьвязаных з ацэнкай узьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе прадпрыемства, калі яно пачне выпускаць 200 тысяч тон сваёй прадукцыі за год. Сход адбыўся 11 траўня.

Яго прызначылі на 16 гадзінаў дня, калі бальшыня ахвотныя патрапіць на яго былі на працы. Прыйшлі паслухаць чыноўнікаў з Магілёўскага аблвыканкаму і райвыканкаму, прадстаўнікоў прадпрыемства, а таксама супрацоўнікаў прыродаахоўных арганізацыяў пад тры дзясяткі чалавек.

Прадпрыемства яшчэ не працуе, а ўжо нашкодзіла

Цяпер «Омск карбон Магілёў» знаходзіцца ў стадыі пусканаладачных прац. Мясцовыя жыхары і эколягі занепакоеныя тым, што хімічная вытворчасьць нэгатыўна паўплывае на здароўе людзей і навакольле.

Ад прадпрыемства да бліжэйшага пасёлку Вейна меней за два кілямэтры. Ад патэнцыйнай крыніцы забруджаньня да паселішча 1006 мэтраў. Ахоўнай лесапаласы няма. Яе абяцаюць высадзіць.

чыноўнікі і прадстаўнікі прадпрыемства «Омск карбон Магілёў»
чыноўнікі і прадстаўнікі прадпрыемства «Омск карбон Магілёў»

​Як сьцьвярджаюць вяйнянцы летась у ноч з 17 на 18 лістапада прадпрыемства выкінула ў атмасфэру вялікі аб’ём сажы.Тады намесьнік старшыні камітэту прыродных рэсурсаў Канстанцін Цеплякоў у пісьмовым адказе жыхарам паведаміў, што ў пасёлку выяўлена перавышэньне нарматыву цьвёрдых крупінках у 40 разоў. Пры нарматыве 17,01 мг/м³ фактычная колькасьць гэтых крупінак была 690,17 мг/м³.

Кожны другі пасялковец падпісаўся, каб спынілі будаваць завод

Пасялкоўцы выступаюць за тое, каб гэтае прадпрыемства наагул не запускалі.

«Мы будзем ставіць пытаньне пра тое хто даў дазвол на будаўніцтва заводу і прыцягненьні іх да адказнасьці. Ніякага павелічэньня магутнасьці ня можа быць гаворкі», — заявіў адзін з выступоўцаў.

Грамадзкасьць на сходзе. Выступае Дзьмітры Яўстратаў
Грамадзкасьць на сходзе. Выступае Дзьмітры Яўстратаў

Рэзалюцыю з «катэгарычнай ня згодаю з павелічэньнем магутнасьці «Омск карбон Магілёў» падрыхтаваў жыхар Магілёўскага раёну Дзьмітры Яўстратаў. Яе падпісалі 25 удзельнікаў грамадзкага абмеркаваньня.

У 2015 годзе ў Вейна і Навасёлках было сабрана 1,5 тысячы подпісаў (палова жыхароў Вяйнянскага сельскага савету) супраць будаўніцтва хімічнага прадпрыемства, аднак яго ўзьвядзеньне не было спыненае. Адказу, чаму гэтага не зрабілі людзям не далі.

Прадстаўнік прадпрыемства: дакумэнтацыя адпавядае ўсясьветным стандартам

Пытаньне павелічэньня вырабу вугляроду «Омск карбонам Магілёў» да 200 тысяч тон ужо абмяркоўвалі ў 2016 годзе. Тады таксама людзі выступілі супраць. На тагачасным сходзе гучала, што павялічваць аб’ёмы зьбіраліся з 160 тысяч тон.

Пасьля сходу 2016 году ў праектнай дакумэнтацыі адбылася карэктыроўка, якая вымагае грамадзкага абмеркаваньня. Начальнік юрыдычнага аддзела прадпрыемства Андрэй Буракоў запэўніў, што зьмены ў вытворчым працэсе зьмяншаюць экалягічную нагрузку. Сярод захадаў прадугледжаная павелічэньне вышыні комінаў з 60 да 140 мэтраў.

Канстанцін Цеплякоў, які напісаў вейнянцам, што выкід шкодных рэчываў адбыўся з «Омск карбона Магілёў»
Канстанцін Цеплякоў, які напісаў вейнянцам, што выкід шкодных рэчываў адбыўся з «Омск карбона Магілёў»

«Распрацоўкі праектнай дакумэнтацыі адпавядаюць усім усясьветным стандартам і патрабаваньняў у пытаньнях аховы навакольнага асяродзьдзя. Гэта дакумэнтацыя будзе адпраўленая на паўторную дзяржаўную экалягічную экспэртызу. Толькі пасьля яе завод можа быць запушчаны», — даводзіў ён. Паводле яго зьмены не зьвязаныя з выкідам сажа ў лістападзе 2018 году.

Раней прадстаўнікі прадпрыемства заяўлялі, што будзе змантажавана аўтаматызаваная сыстэма кантролю за выкідамі шкодных рэчываў з амэрыканскімі фільтрамі. Яна ўжо, нібыта, набытая.

Прадпрыемства могуць запусьціць пра два месяцы

Прадпрыемства коштам больш за 121 мільён даляраў пачалі ўзводзіць у 2014 годзе. Плянавалі ўвесьці ў эксплюатацыю ў 2017-ым. Цяпер заяўляюць, што гэта адбудзецца прыканцы 2020 году.

Сёлета ў ліпені-жніўні абяцаюць пачаць прамысловы выраб да 80 тысяч тон тэхнічнага вугляроду на двух патоках. Калі будуць уведзены яшчэ два, то аб’ём вытворчасьці вырасьце да 200 тысяч тон вугляроду. 20 працэнтаў застанецца ў Беларусі, астатняе плянуюць экспартаваць.

Магілёўскія прыродаахоўныя арганізацыя запэўніваюць, што без аўтаматычнай сыстэмы бесьперапыннага кантролю за выкідамі шкодных рэчываў у атмасфэру завод ня будзе ўведзены ў эскплюатацыю.

Незадоўга да выкіду сажы старшыня Савету Рэспублікі Міхаіл Мясьніковіч сказаў, што «Омск карбон Магілёў» — «добрае прадпрыемства».

Акрамя «Омск карбон Магілёў» на чацьвёртым участку свабоднай эканамічнай зоны, што побач зь Вейна. Працуе плойма хімічных вытворчасьцяў, якія ўжо станавіліся парушальнікамі прыродаахоўнага заканадаўства.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG