Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Так у СССР зносілі цэрквы, — палітыкі і грамадзкія лідэры камэнтуюць дэмантаж крыжоў у Курапатах


Знос крыжоў у Курапатах
Знос крыжоў у Курапатах

Партыі, грамадзкія рухі, лідэры думкі адрэагавалі на знос 70 крыжоў у Курапацкім мэмарыяле ахвяр сталінізму.

АГП: «Злачынства супраць беларусаў»

Мікалай Казлоў
Мікалай Казлоў

Выканаўца абавязкаў старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў у інтэрвію Свабодзе знос крыжоў у Курапатах назваў злачынствам, за якое абавязкова давядзецца адказваць перад Богам і народам Беларусі.

«Я расцэньваю гэта як злачынства супраць усіх беларусаў, супраць нашых продкаў, супраць памяці, — сказаў лідэр АГП Мікалай Казлоў. — Нават не ўяўляю, чым павінен думаць чалавек, які аддаваў такі загад, каб абразіць значнае для ўсіх месца. Раней ці пазьней давядзецца адказаць — перад Богам і перад людзьмі. Бо гэта самае сапраўднае злачынства».

Паводле палітыка, можна колькі заўгодна гадаць, у якой ступені падначаленыя выконвалі пажаданьне Аляксандра Лукашэнкі. Аднак адказнасьці з апошняга гэта не здымае.

«Калі створаная такая сыстэма, што кожны прэзыдэнцкі чых успрымаецца літаральна, вінаваты чалавек, які называе сябе праваслаўным атэістам. Хоць у гэтай сытуацыі гэта ўжо не праваслаўе і нават не атэізм».

Партыя БНФ: «Паўтор змрочных часоў бальшавіцкага тэрору»

Аляксей Янукевіч
Аляксей Янукевіч

Партыя БНФ рашуча асуджае ўсё тое, што сёньня ўлада робіць у Курапатах — ніяк інакш, як дзяржаўным вандалізмам, назваць гэта немагчыма, сказаў Свабодзе намесьнік старшыні Аляксей Янукевіч.

«Калі ўлады пад аховай міліцыі руйнуюць крыжы, гэта паўтарае самыя змрочныя часы бальшавіцкага тэрору на беларускай зямлі, — кажа палітык. — Мы перакананыя: кожны з тых, хто аддаваў такі загад і апраўдвае гэтыя дзеяньні, бяруць на сябе занадта вялікую адказнасьць і адкажуць за свае злачынствы — перад ахвярамі, народам і Богам».

Партыя БНФ патрабуе, каб улады спынілі зьдзек з Курапатаў. Шырма законнасьці, якую яны спрабуюць зрабіць, не атрымліваецца.

«Улада ня здольная абараніць нават свой помнік, які нядаўна паставіла, ня можа знайсьці вандалаў. Яна здольная толькі паўтараць вандалізм і нішчыць крыжы. Патрабуем, каб улада спыніла сваю дзейнасьць у Курапатах і не замінала народу ахоўваць свой мэмарыял».

Рух «За свабоду»: «Спроба зьнішчэньня народнага мэмарыялу»

«У Курапатах падчас сталінскіх рэпрэсій, паводле розных падлікаў, забітыя ад 40 да 200 тысяч чалавек. Шмат гадоў гэтае месца было сымбалем памяці пра ахвяраў, месцам, дзе сіламі неабыякавых грамадзянаў ствараўся народны мэмарыял», — гаворыцца ў заяве руху «За свабоду».

Падкрэсьліваецца, што ўвесь гэты час улады практычна не зьвярталі ўвагі на ўрочышча: усталяваныя там крыжы неаднаразова ламалі, была разбураная «лава Клінтана», пастаўленая падчас візыту прэзыдэнта ЗША ў Менск.

Пасьля прыняцьця рашэньня пра зьяўленьне ў Курапатах афіцыйнага помніка было відавочна, што прынятае рашэньне ўзяць тэрыторыю пад кантроль і зьнішчыць нязручныя для ўладаў крыжы.

Што трэба ведаць пра Курапаты, дзе сёньня зносяць крыжы?

Рух «За свабоду» лічыць падобныя захады спробай зьнішчэньня народнага мэмарыялу і выказвае рашучы пратэст супраць такіх дзеяньняў.

Беларускі ПЭН-цэнтар: «Ёсьць законы сумленьня, чалавечнасьці, гісторыі»

Тацяна Нядбай
Тацяна Нядбай

Старшыня Беларускага ПЭН-цэнтру Тацяна Нядбай лічыць, што «спэцапэрацыяй» у Курапатах улады абвясьцілі вайну з памяцьцю.

«Курапаты — гэта нацыянальная памяць і народны мэмарыял, — заявіла старшыня Беларускага ПЭН-цэнтру Тацяна Нядбай. — Тое, што там адбываецца сёньня, — гэта вайна з гісторыяй і памяцьцю, вайна з уласным народам. Залепленыя нумары ў машын кажуць толькі пра тое, што замоўцы і выканаўцы выдатна разумеюць: нават калі яны выконваюць загады і ў гэтым сэнсе дзейнічаюць нібыта ў межах закону, ёсьць законы сумленьня, чалавечнасьці, гісторыі. Іначай навошта хавацца і дзейнічаць без папярэджаньня, спотайку, хаваючыся?»

Паводле Тацяны Нядбай, усё гэта нагадвае знос цэркваў у нядаўняй савецкай гісторыі. Шкада, што нічому ня вучымся, падсумоўвае яна.

Юры Зісер: «Абразілі памяць ахвяраў сталінізму, вернікаў, абаронцаў Курапатаў»

Юры Зісер
Юры Зісер

Заснавальнік парталу Tut.by Юры Зісер дапускае, што чыноўнікі «занадта шустра» пасьпяшаліся выканаць волю прэзыдэнта.

«Улада, як заўсёды, нічога не тлумачыць, але прычына зразумелая: дагаджаюць нядаўна выказанаму меркаваньню прэзыдэнта. Лічаць, што і старых крыжоў было больш чым дастаткова, аднак новыя таксама нікому не перашкаджалі. Нават вядомаму рэстарану».

Зносам крыжоў, на перакананьне бізнэсоўца, улады абразілі і памяць ахвяраў сталінізму, і вернікаў, і абаронцаў Курапатаў.

«Каму зрабілі лепш? Нікому, нават прэзыдэнту. Лепш было ўзаконіць новыя крыжы, абазначыўшы пашыраную тэрыторыю помніка агароджай, каб больш крыжоў ня ставілі», — падсумаваў Юры Зісер.

Сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі

У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што пад іх падпалі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладныя лічбы не вядомыя — КДБ дагэтуль не раскрыла архівы. Беларусы лічацца трэцімі паводле колькасьці ахвяраў рэпрэсіяў у сталінскія часы.

Сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі — асноўнае, што трэба ведаць
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:38 0:00

Чаму беларускі рэжым не прызнае сталінскія рэпрэсіі

Асноўнае пра Курапаты

Расстраляныя літаратары. Гісторыя 12 творцаў, забітых 80 год таму

Як унукі і праўнукі шукаюць зьвесткі пра рэпрэсаваных сваякоў

«Баюся ўлады, якая пачне забіваць». Стогадовая беларуска, асуджаная ў СССР за шпіянаж, распавядае пра рэпрэсіі

Картатэка Сталіна

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG