Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскі пісьменьнік Андрэй Куркоў пра вірус «Несьмяротнага палка»


Украіна, Севастопаль - удзельнікі дзіцячага творчага конкурсу «Мы - нашчадкі Перамогі»
Украіна, Севастопаль - удзельнікі дзіцячага творчага конкурсу «Мы - нашчадкі Перамогі»

Самы пасьпяховы расейскамоўны пісьменьнік Украіны Андрэй Куркоў 1 траўня выказаў у Facebook прапановы наконт украінскай альтэрнатывы расейскай акцыі «Несьмяротны полк», прымеркаванай да Дня перамогі. Пісьменьнік разьвіў сваю думку ў блогу ў разьдзеле «Пункт гледжаньня» сайце Ўкраінскай службы Радыё Свабода.

Час ад часу мне хтосьці кажа, што лекары самі прыдумляюць новыя хваробы для таго, каб аптэкі прадавалі новыя лекі. Калі слухаць гэтае цьверджаньне даволі часта, то паверыць у яго лёгка. Але я ўсё ж у гэта ня веру. Гэта значыць, у новыя хваробы, якія прыдумляюць лекары. Зь іншага боку, я назіраю рэгулярна новыя сацыяльныя вірусы, якія шкодзяць грамадзтву або проста затрымліваюць яго выздараўленьне. Я бачу, адкуль гэтыя вірусы прыходзяць і як яны спрабуюць выклікаць «сацыяльныя» эпідэміі і анамаліі, мэта якіх толькі адна — паралізаваць сучаснасьць і прымусіць людзей вярнуцца ў мінулае, у мінулае, якога ўжо няма і ня будзе.

Пісьменьнік Андрэй Куркоў
Пісьменьнік Андрэй Куркоў

Над стварэньнем гэтых вірусаў, як і над стварэньнем больш відавочных для многіх кампутарных вірусаў, працуюць сотні і тысячы па-свойму таленавітых людзей. Працуюць за добрыя грошы, але ня ў грыўнях, а за рублі. Таму што працуюць на тэрыторыі суседняй Расейскай Фэдэрацыі, якая і сама ўжо даўно ператварылася ў палігон, на якім з розным узроўнем пасьпяховасьці правяраецца эфэктыўнасьць новых «сацыяльных» вірусаў. Вось і фатаграфіі дзетак, якіх уласныя бацькі апранулі ў вайсковую форму часоў Другой сусьветнай вайны, з драўлянымі «калашнікавымі» у руках, фатаграфіі дзіцячых вазочкаў, аформленых для 9 траўня як танкі або «кацюшы» — гэта ўсё вынік пасьпяховага ўкараненьня аднаго з такіх вірусаў .

Краматорск, 10 лютага 2015 году. У выніку ракетнага абстрэлу гораду з боку расейскіх гібрыдных сіл тады загінулі 15 чалавек і 15 былі параненыя
Краматорск, 10 лютага 2015 году. У выніку ракетнага абстрэлу гораду з боку расейскіх гібрыдных сіл тады загінулі 15 чалавек і 15 былі параненыя

Вірус, пра які я кажу, можна ўмоўна назваць «каляндарным», бо яго ўключаюць напярэдадні савецкага Дня Перамогі. У Расейскай Фэдэрацыі ён ужо настолькі заразіў грамадзтва, што і ўключаць яго асабліва ня трэба. Пусьцілі па радыё і тэлебачаньні некалькі песень-імпульсаў, і працэс пайшоў. Але працэс, вядома, патрабаваў мадэрнізацыі, каб культ перамогі не здаваўся састарэлым, нафталінавым. Таму да гэтага «сьвята» дадалі элемэнтаў мэксыканскага Дня Мёртвых. Ну а далей ужо запусьцілі мэханізмы сацыяльных сетак, культурных аддзелаў амбасадаў РФ, дамоў дружбы і таварыстваў суайчыньнікаў. І вось ужо па ўсім сьвеце маршыруюць тыя, хто стаў носьбітам гэтага віруса, нават не здагадваючыся пра сваю хваробу, пра ўласную ролі ў эпідэміі.

Ва Ўкраіне, дзе апошнія гады з зразумелых прычынаў амбасада Расеі стаіць з зачыненымі жалюзі на вокнах і за калючым дротам, роля гэтай амбасады выконвае тэлеканал «Інтэр» са сваімі драбнейшымі канальчыкамі, на якіх грознымі савецкімі галасамі рэклямуецца ў гэтыя дні канцэрт да Дня Перамогі і «марш» несьмяротнага палка, закамуфляваны пад акцыю «Ніхто не забыты, нішто не забытае». І ўсё дзеля таго, каб зноў паказаць, што Ўкраіна — гэта ня проста постсавецкая, а ўсё яшчэ агульная савецкая прастора, дзе людзі па камандзе з Масквы гатовыя хадзіць строем, калёнамі, насіць у руках тое, што скажуць па тэлевізары — а па згаданых тэлеканалах ідзе тая самая маскоўская інструкцыя: трэба ўзяць партрэт дзеда, прыляпіць да фанэры і на палцы гэтую фанэрку несьці пад «старыя песьні а глаўнам».

Наступствы ракетнага абстрэлу расейскімі гібрыднымі сіламі мікрараёну «Ўсходні» Марыюпалю, які быў учынены 24 студзеня 2015 году. Тады 29 чалавек загінулі і 92 былі параненыя
Наступствы ракетнага абстрэлу расейскімі гібрыднымі сіламі мікрараёну «Ўсходні» Марыюпалю, які быў учынены 24 студзеня 2015 году. Тады 29 чалавек загінулі і 92 былі параненыя

Калі не змагацца з гэтым вірусам, калі хаця б не прымусіць яго мутаваць, то наступствы будуць сумнымі і палітычнымі. І новай Украіны ня будзе. Таму што новае не будуецца пад «старыя песьні а глаўнам» і пад тупаньне ног, сугучнае тупаньню ног на Краснай плошчы ў Маскве.

Так, мінулае не адкінуць, яно застанецца. Але яно застанецца ззаду, за сьпінай. А наша сучаснасьць, разбомбленая снарадамі, прывезенымі з РФ на Данбас, расстраляная «зялёнымі чалавечкамі» і афіцэрамі-ў-адпачынку-за-свой-рахунак, часткова захопленая Расеяй з ужываньнем ўсёй сваёй вайсковай моцы, як гэта адбылося ў Керчанскай пратоцы, патрабуе іншага стаўленьня да памяці і да рэальнасьці.

У нас ёсьць мільёны ўкраінцаў, якія загінулі падчас Другой сусьветнай вайны, ёсьць мільёны загінулых у сталінскім ГУЛАГу, ёсьць дзясяткі і сотні тысяч загінулых падчас і пасьля дэпартацыі. Але ёсьць і тысячы загінулых на Данбасе, зьніклых бязь вестак у Крыме пры акупацыі і пасьля анэксіі, ёсьць дзясяткі выкрадзеных грамадзян, пасаджаных у расейскія турмы за свае палітычныя перакананьні і за тое, што яны маюць трывалы імунітэт супраць «вірусаў», якія нам спрабуе навязаць краіна-суседка.

Акцыя пратэсту ля офісу тэлеканалу «Інтэр» у Кіеве, 11 сьнежня 2014
Акцыя пратэсту ля офісу тэлеканалу «Інтэр» у Кіеве, 11 сьнежня 2014

Партрэты загінулых і зьніклых бязь вестак у Данбасе, партрэты Нябеснай сотні і дзясяткаў крымскіх татараў, якія сядзяць па расейскіх турмах за тое, што не прызнаюць анэксію — вось што павінны несьці на гэтай акцыі грамадзяне Ўкраіны, калі яны ня хочуць зноў аднойчы прачнуцца ў Савецкім Саюзе. Ну а далей, за першымі калёнамі можна несьці і фатаграфіі сваіх дзядоў: загінулых, пасаджаных, расстраляных, дзядоў, якія і ведаць не маглі ў той час пра існаваньне свабоды слова, свабоды друку, свабоды сходаў і маніфэстацыяў.

У кожнага часу свае героі. Нашы цяперашнія героі — ня Паўлік Марозаў і Аляксандр Матросаў, а Алег Сянцоў, Уладзімір Балух, Ільмі Ўмераў і Ахтэм Чыйгоз, ваеннапалонныя ўкраінскія маракі і многія тысячы іншых, без самаахвярнасьці і самаадданасьці якіх Украіна б ня выжыла.

Андрэй Куркоў — пісьменьнік, журналіст, кінасцэнарыст

Меркаваньні, выказаныя ў рубрыцы «Пункт гледжаньня», перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю Радыё Свабода

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG