Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Малы, зачынены ў аўтамабілі, ашалела крычаў». 4-гадовы сын праціўніка акумулятарнага заводу бачыў яго затрыманьне

абноўлена

Пратэсты ў Берасьці. Ілюстрацыйнае фота.
Пратэсты ў Берасьці. Ілюстрацыйнае фота.

Як паведамляюць берасьцейскія актывісты, раніцай 5 траўня быў затрыманы праціўнік будаўніцтва акумулятарнага заводу Віталь Шавяленкаў. Берасьцейскі блогер Сяргей Пятрухін у сваім допісе ў Фэйсбуку расказаў, як адбывалася затрыманьне актывіста, якое бачыў 4-гадовы сын Віталя.

«Тое, што ён перажыў сёньня, магчыма, запомніцца яму на ўсё жыцьцё, — піша Пятрухін. — Як распавёў сусед Раман, каля 11.30 ён пачуў крыкі на вуліцы каля № 11 на вул. Энгельса. Праз вакно ён убачыў, як яго суседа Віталя Шэвялянкава запіхвалі ў міліцэйскі „бобік“ трое міліцыянтаў і адзін у цывільным. Віталь клікаў на дапамогу, крычаў: „Ратуйце!“ За два крокі ад іх стаяў Віталёў сын і крычаў на ўсю вуліцу. Нейкім чынам міліцыянты адпусьцілі Віталя і ён пасадзіў сына ў свой аўтамабіль, які стаяў побач, зачыніў дзьверы і кінуўся бегчы ў бок парку Першага траўня. Малы, зачынены ў машыне, ашалела крычаў. Празь некалькі хвілінаў аўто адчыніла жонка Віталя. Да яе ў кватэру зайшоў нейкі лысы чалавек і сказаў, што ў іх машыне плача дзіця. Ён адмовіўся назвацца... Жонка аднесла Віталю перадачу. Яна казала, што сын пытаўся ў маці, ці занясе яна бацьку лекі для нагі...».

Жонка Віталя Шавяленкава Ганна пацьвердзіла Свабодзе словы блогера Пятрухіна. Паводле яе, малы сын вельмі перажывае, ён гаворыць, што бачыў, як бацьку па назе моцна ўдарылі дзьверкамі міліцэйскай машыны. У міліцыі жонцы затрыманага сказалі, што яна можа абскардзіць дзеяньні міліцыянтаў у пракуратуры, а там у сваю чаргу паведамілі, што скаргу змогуць зарэгістраваць толькі 10 траўня, калі скончацца працяглыя выходныя.

5 траўня на плошчы Леніна ў Берасьці чарговым разам сабраліся людзі. Такія сустрэчы праходзяць тут кожную нядзелю з 25 лютага 2018 году. Паводле інфармацыйнага агенцтва БелаПАН, якое спасылаецца на праваабаронцу Рамана Кісьляка, у 12.40 на плошчы Леніна ў Берасьці было прыкладна 120 чалавек. Супрацоўнік міліцыі праз мэгафон папярэдзіў прысутных аб недапушчальнасьці парушэньня парадку арганізацыі і правядзеньня масавага мерапрыемства, аднак непасрэдна на месцы збору людзей затрыманьняў 5 траўня не было.

Як паведамляе Раман Кісьляк, людзі стаялі групамі і абмяркоўвалі вынесенае 30 красавіка пракуратурай Берасьця папярэджаньне пяці праціўнікам будаўніцтва акумулятарнага заводу. У першай палове дня 29 красавіка яны ў сацыяльных сетках і мэсэнджэрах распаўсюдзілі інфармацыю, што 1 траўня ў Берасьці на пляцоўцы каля сцэны ў парку Воінаў-інтэрнацыяналістаў адбудзецца мітынг «Берасьцейцы супраць сьвінцу». Людзі выказвалі сваё абурэньне тым, што пракуратуру выкарыстоўваюць для запалохваньня ўдзельнікаў грамадзкай кампаніі супраць акумулятарнага заводу. Пасьля сустрэчы на плошчы, якая працягвалася прыкладна да 13 гадзін, праціўнікі заводу разышліся.

Грамадзкая кампанія супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу ля Берасьця пачалася ў студзені 2018 году. За гэты час актывісты падалі заяўкі на правядзеньне ў Берасьці і Берасьцейскім раёне 88 мітынгаў, 12 пікетаў і 16 дэманстрацыяў. Улады санкцыянавалі толькі адну акцыю. 25 красавіка сёлета ў Адміністрацыю прэзыдэнта перададзены новае калектыўны зварот праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага заводу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG