Жонка берасьцейскага актывіста Дзьмітрыя Бекалюка Тацяна 3 траўня падала ў Генэральную пракуратуру скаргу на «гвалтоўнае зьнікненьне» мужа, піша БелаПАН.
У скарзе адзначаецца, што 27 красавіка каля 11:38 тры чалавекі ў цывільным адзеньні (меркавана, супрацоўнікі Ленінскага РАУС) затрымалі Дзьмітрыя Бекалюка, пасадзілі ў машыну і зьвезьлі.
Але пасьля затрыманьня Тацяна Бекалюк некалькі гадзінаў безпасьпяхова спрабавала высьветліць, дзе яе муж, а ва ўсіх раённых аддзелах міліцыі ёй адказвалі, што такога да іх не дастаўлялі. Таксама Дзьмітрыя не знайшлі адвакат і сябры.
Толькі а 14:20 Тацяна даведалася, што ейны муж у ізалятары часовага ўтрыманьня Ленінскага РАУС (у якім казалі, што такога да іх не дастаўлялі).
Нягледзячы на затрыманьні, на наступны дзень берасьцейцы выйшлі на штотыднёвую акцыю пратэсту супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу.
На Бекалюка склалі пратакол за «парушэньне парадку арганізацыі масавых мерапрыемстваў», 29 красавіка пачаўся суд, але калі абвінавачаны папрасіў азнаёміцца з матэрыяламі справы, наступнае паседжаньне прызначылі на 11 траўня, затрыманага вызвалілі. Гэта было яго чацьвёртае затрыманьне за красавік.
Тацяна Бекалюк просіць Генпракуратуру прыняць меры, каб такіх «гвалтоўных зьнікненьняў» не было ў будучыні: абавязаць міліцыянтаў інфармваць родзічаў затрыманага, ня ўтойваць зьвесткі пра затрыманьне ці арышт.
Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. Што важна ведаць
- Завод пабудавалі каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназавала, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
- Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трывалі ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Праціўнікі заводу лічаць вытворчасьць «бруднай» і небясьпечнай, заяўляюць пра парушэньні працэдураў будаўніцтва.
- Штонядзелі пратэстоўцы выходзілі на цэнтральную плошчу ў Берасьці. Блогераў і актывістаў затрымлівалі, выносілі ім папярэджаньні, штрафавалі і абавязвалі выбачыцца за відэа пра акумулятарны завод.
- Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 году. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу.
- У траўні 2018 году актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасьця, бо тыя «ігнаруюць інтарэсы жыхароў Берасьцейскага рэгіёну і сьвядома заплюшчваюць вочы на шкоду ад заводу».
- У верасьні 2018 году на будоўлі заводу выявілі парушэньні пажарнай бясьпекі.
- У чэрвені 2019 году падчас пусканаладачных работ на заводзе зафіксавалі перавышэньне забруджвальных выкідаў у атмасфэрнае паветра.
- 14 чэрвеня старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва заводу да ліквідацыі выяўленых парушэньняў.
- У ліпені 2019 праект акумулятарнага завода атрымаў адмоўнае заключэньне дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы, У Мінпрыроды паведамілі, што прычынай стала прадстаўленьне недакладных дадзеных. У жніўні праектную дакумэнтацыю паўторна падалі на экспэртызу, але пазьней кампанія адклікала дакумэнты «па прычыне неабходнасьці ўсебаковага і больш поўнага адлюстраваньня інфармацыі аб унесеных зьменах».
- 24 лютага 2020 году праектную дакумэнтацыю акумулятарнага завода пасьля карэкціроўкі зноў падалі на дзяржаўную экалягічную экспэртызу. Грамадзкая экспэртыза, якую даручаў правесьці Лукашэнка, правалілася.
- 22 чэрвеня 2020 году Лукашэнка пааабяцаў правесьці рэфэрэндум наконт лёсу заводу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
- 15 сакавіка 2021 году завод увялі ў эксплюатацыю. У правядзеньні рэфэрэндуму актывістам адмовілі.