На сайце Берасьцейскага гарвыканкаму 29 красавіка зьявілася паведамленьне «Аб недапушчэньні правядзеньня мітынгу 1 траўня „Берасьцейцы супраць сьвінцу 43.0“».
Гарадзкія ўлады пішуць, што ў сацсетках і СМІ зьявілася інфармацыя аб падрыхтоўцы мітынгу і аб тым, што супраць гэтага не было пярэчаньняў зь іхнага боку — і абвяргаюць гэта.
Адмоўны адказ на заяўку, піша гарвыканкам, быў высланы арганізатарам па пошце яшчэ 26 красавіка: 1 траўня на пляцоўцы ў парку Воінаў-інтэрнацыяналістаў (месца для правядзеньня мітынгаў паводле «заяўнага прынцыпу») заплянаванае Сьвята працы і адзначэньне 115-годзьдзя прафсаюзнага руху ў Беларусі.
Як расказаў БелаПАН адзін з заяўнікаў акцыі, праваабаронца Раман Кісьляк, у гарвыканкаме адмовіліся даць дазвол на мітынг у іншы час 1 траўня. Пры гэтым ён адзначыў, што адказ быў атрыманы з спазьненьнем: улады павінны былі паведаміць пра згоду ці нязгоду за 5 дзён да мітынгу, а на раніцу 29 красавіка адказу яны не атрымалі.
«Мітынг улады забаранілі, і мы ня будзем яго праводзіць, — дадаў Кісьляк. — Падобныя адмовы са спасылкай на раней заплянаваныя мерапрыемствы мы атрымлівалі і раней. Чыноўнікі па-ранейшаму ня хочуць дапусьціць публічнага пратэсту супраць гэтага заводу».
За ўвесь час пратэстаў супраць акумулятарнага заводу (а гэта ўжо больш за год) гарадзкія ўлады дазволілі толькі адзін мітынг з паўсотні заявак. Штотыдзень па нядзелях берасьцейцы ладзяць у знак пратэсту несанкцыянаванае «кармленьне галубоў».
29 красавіка суд Ленінскага раёну прысудзіў за гэта чарговы штраф — 255 рублёў актывісту Ўладзіславу Абрамовічу за шэсьце 7 красавіка. За другую палову красавіка гэты суд прызначыў штрафы 14 праціўнікам будаўніцтва заводу, 30 красавіка будзе разглядацца справа яшчэ аднаго актывіста.
Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. Што важна ведаць
- Завод пабудавалі каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназавала, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
- Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трывалі ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Праціўнікі заводу лічаць вытворчасьць «бруднай» і небясьпечнай, заяўляюць пра парушэньні працэдураў будаўніцтва.
- Штонядзелі пратэстоўцы выходзілі на цэнтральную плошчу ў Берасьці. Блогераў і актывістаў затрымлівалі, выносілі ім папярэджаньні, штрафавалі і абавязвалі выбачыцца за відэа пра акумулятарны завод.
- Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 году. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу.
- У траўні 2018 году актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасьця, бо тыя «ігнаруюць інтарэсы жыхароў Берасьцейскага рэгіёну і сьвядома заплюшчваюць вочы на шкоду ад заводу».
- У верасьні 2018 году на будоўлі заводу выявілі парушэньні пажарнай бясьпекі.
- У чэрвені 2019 году падчас пусканаладачных работ на заводзе зафіксавалі перавышэньне забруджвальных выкідаў у атмасфэрнае паветра.
- 14 чэрвеня старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва заводу да ліквідацыі выяўленых парушэньняў.
- У ліпені 2019 праект акумулятарнага завода атрымаў адмоўнае заключэньне дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы, У Мінпрыроды паведамілі, што прычынай стала прадстаўленьне недакладных дадзеных. У жніўні праектную дакумэнтацыю паўторна падалі на экспэртызу, але пазьней кампанія адклікала дакумэнты «па прычыне неабходнасьці ўсебаковага і больш поўнага адлюстраваньня інфармацыі аб унесеных зьменах».
- 24 лютага 2020 году праектную дакумэнтацыю акумулятарнага завода пасьля карэкціроўкі зноў падалі на дзяржаўную экалягічную экспэртызу. Грамадзкая экспэртыза, якую даручаў правесьці Лукашэнка, правалілася.
- 22 чэрвеня 2020 году Лукашэнка пааабяцаў правесьці рэфэрэндум наконт лёсу заводу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
- 15 сакавіка 2021 году завод увялі ў эксплюатацыю. У правядзеньні рэфэрэндуму актывістам адмовілі.