Сьледчы камітэт пацьвердзіў інфармацыю пра затрыманых за крадзеж зброі ў 8 вайсковай брыгадзе ў Баранавічах.
Галоўным сьледчым упраўленьнем Сьледчага камітэту расьсьледуецца крымінальная справа, распачатая камандзірам адной з воінскіх частак Баранавіцкага гарнізону, паводле ч. 3 арт. 294 і ч. 2, 3 арт. 295 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь (крадзеж і незаконныя дзеяньні ў дачыненьні агнястрэльнай зброі).
Паводле сьледзтва, начальнік складу зброі і боепрыпасаў адной з вайсковых частак выкраў зброю і боепрыпасы, якія рэалізаваў як самастойна, так і празь іншых асоб.
На сёньня ў крымінальнай справе ўзята пад варту 14 чалавек, якія мелі дачыненьне да супрацьпраўных дзеяньняў.
Фігуранты справы даюць прызнальныя паказаньні. Выкрадзеная зброя знойдзеная, — паведаміў Сьледчы камітэт.
Расьсьледаваньне крымінальнай справы працягваецца.