Міліцыя з ужываньнем сілы не пусьціла жыхароў і журналістаў на паседжаньне ў адміністрацыі Першамайскага раёну Менску. Патрэбнае забудоўшчыкам рашэньне было ўхваленае.
Трэцяга траўня за зачыненымі дзьвярыма камісія Першамайскага райвыканкаму падвяла вынікі грамадзкага абмеркаваньня забудовы кварталу ў межах вуліц Коласа — Калініна — Чорнага — Сурганава.
На невялікім пятачку ў ціхім цэнтры Менску «Менскграда» прапанавала пабудаваць сем паркінгаў, шматпавярховы жылы дом і забаўляльны цэнтар. У цэлым камісія ўхваліла праект гэтага ўшчыльненьня — 8 сябраў прагаласавалі «за», 2 — «супраць». Магчыма, зь невялікай саступкай — абяцаюць зьменшыць колькасьць машына-месцаў у паркінгах.
Старшыня камісіі адмовіўся казаць пра вынікі працы
Прэзэнтацыя праекту адбылася 10 красавіка, праходзіла яна бурна, у залі было больш за 250 чалавек. Падчас прэзэнтацыі жыхары кварталу ўнесьлі прапанову ўключыць у камісію трох прадстаўнікоў грамадзкасьці — Тацяну Кнацько, Юрыя Губарэвіча і Валера Языкова. Аднак у камісію ўключылі толькі Тацяну Кнацько, дваіх іншых замянілі на супрацоўнікаў мясцовага ЖЭСа, якія таксама жывуць у гэтым квартале. Мясцовыя жыхары сабралі 1200 подпісаў супраць ушчыльненьня, унесьлі шмат заўваг і прапаноў, якія Тацяна Кнацько выклала на 32 старонках у «асобнай думцы».
Старшынём камісіі быў прызначаны намесьнік старшыні Першамайскага райвыканкаму Васіль Касавец, на загад якога 3 траўня на выніковае паседжаньне не дапусьцілі журналістаў і жыхароў раёну.
Паседжаньне доўжылася больш за дзьве з паловай гадзіны. Касавец адмовіўся пракамэнтаваць журналістам, чым яно скончылася.
Чыноўнік прапанаваў жыхарам самім саджаць дрэвы
Як распавяла Тацяна Кнацько, двое сябраў камісіі на паседжаньне не зьявіліся, у галасаваньні бралі ўдзел 10 чалавек. Двое — Тацяна Кнацько і работнік ЖЭС, мясцовы жыхар Віктар Кудзін — прагаласавалі за тое, каб адхіліць праект і накіраваць на дапрацоўку.
Пры гэтым Віктар Кудзін сказаў:
«Ды мне будзе сорамна сваім дзецям у вочы глядзець, калі я прагаласую за праект».
Астатнія 8 чалавек прагаласавалі за тое, каб прыняць праект, хоць і на самім паседжаньні камісіі ўзьнікла да яго шмат пытаньняў.
«Я агучыла некалькі памылак, што тычыцца, да прыкладу, азеляненьня. Калі каэфіцыент азеляненьня тэрыторыі 25% і вышэй — шматузроўневыя паркінгі можна будаваць. Калі менш — нельга. У нашых разьліках каэфіцыент азеляненьня 22,4–22,6. Таму гаворкі аб паркінгах наагул ня можа быць! Намесьнік старшыні райвыканкаму Васіль Касавец параіў мясцовым жыхарам выходзіць і саджаць дрэвы, і ён гатовы дапамагаць», — сказала Свабодзе Тацяна Кнацько.
Паркінгі праектуюцца з парушэньнем нормаў
Што тычыцца паркінгу на 360 машына-месцаў у забаўляльным цэнтры, прадстаўніца «Менскграда» на паседжаньні камісіі пацьвердзіла, што яго там быць ня можа, ён супярэчыць тэхнічным патрабаваньням. Бо паркінгі больш як на 300 машына-месцаў наагул ня могуць разьмяшчацца ўнутры жылых кварталаў, а паркінгі больш як на 200 месцаў абавязкова павінны мець мыйку з сыстэмай цыркуляцыі вады, чаго ў праекце забаўляльнага цэнтру наагул не прадугледжана.
Адзіная саступка, на якую пагадзіліся сябры камісіі, — накіраваць ліст у Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва, каб дазволілі адступіць ад нормаў забесьпячэньня машына-месцамі і зьменшылі колькасьць месцаў на праектаваных паркоўках.
Экалягічныя пытаньні — «Для службовага карыстаньня»
Тацяна Кнацько задала пытаньне наконт экалёгіі — пра фонавыя канцэнтрацыі, выкіды, шумы, якія стануць наступствамі будаўніцтва сямі паркінгаў. Ёй адказалі, што разьлікі па шумах, выкідах праводзілі, і там усё ў парадку, інфармацыю прадставілі юрыдычныя асобы.
«Якія юрыдычныя асобы, на якой падставе? Мне пачалі тлумачыць, што гэта інфармацыя для службовага карыстаньня! Як такое можа быць — пытаньні здароўя людзей пад грыфам „Для службовага карыстаньня?“» — абураецца Тацяна Кнацько.
Што да забаўляльнага цэнтру, то калі Тацяна пачала пераконваць сябраў камісіі, што ён тут непатрэбны, што побач амаль уся вуліца Сурганава ў забаўляльных цэнтрах, клюбах, кавярнях, — ёй пачалі пярэчыць, што там будуць і спартовыя залі.
«Аднак на стадыі праектаваньня ня вызначана, якія аб’екты разьмесьцяцца ў гэтым забаўляльным цэнтры. Няма ніякіх гарантый, што там замест абяцаных спартовых заляў ня зьявіцца казіно ці начны клюб!
Я прапанавала пабудаваць паліклініку замест забаўляльнага цэнтру. Мяне спрабавалі супакоіць, што ў пэрспэктыве будзе будавацца амбуляторыя ў раёне вуліцы Валгаградзкай. І так было з кожнай маёй заўвагай», — кажа Тацяна Кнацько.
Такім чынам, праект ушчыльненьня кварталу ў межах вуліц Коласа — Калініна — Чорнага — Сурганава сямю паркінгамі цяпер «прыняты да зацьвярджэньня».