На стадыёне магілёўскай школы № 35 плянуюць узьвесьці шматпавярховы дом. Супраць ушчыльненьня падняліся бацькі школьнікаў і жыхары суседніх дамоў. Адміністрацыя навучальнай установы заяўляе, што ў яе няма магчымасьці прыглядаць за аб’ектам. Гарадзкая ўлада супакойвае: канчатковае рашэньне будаваць дом не прынятае.
«Стадыён абралі, бо для будаўніцтва дому камунікацыі пракладзеныя»
35-я школа месьціцца ў жылым масіве на скрыжаваньні вуліцы Кірава і завулку Гогаля. Непадалёк і найвялікшая вуліца мікрараёну — 30 год Перамогі. Да гарадзкога цэнтру машынай дзесяць хвілін. Тут вучыцца больш за тысячу школьнікаў.
На стадыёне за школаю — футбольнае поле, абгароджаная хакейная коўзанка, турнікі. Тут жа густы яблыневы сад. Вакол футбольнага поля лыжня. Паводле мясцовых жыхароў, яе праклалі школьнікі на занятках зь фізкультуры. Нямала пэнсіянэраў займаюцца на школьным стадыёне «скандынаўскай хадой».
На пад’ездах суседніх дамоў разьвешаныя абвесткі з заклікам «Захаваем стадыён». Тут зьбіраюцца ўзьвесьці 120-кватэрны дзесяціпавярховік і стаянку для 115 машын. Даведаўшыся пра такія пляны, актыўныя жыхары сабралі супраць будаўніцтва больш за 600 подпісаў. Лісты, у якіх выкладзена пазыцыя грамадзкасьці, перадалі кіраўніцтву гарвыканкаму.
У адной з актыўных пратэстовак Ганны дзіця вучыцца ў другой клясе 35-й школы. Намеры пабудаваць дом на месцы стадыёну жанчына называе абсурдам.
«Зразумела, што стадыён абралі для ўзьвядзеньня дому, бо тут пракладзеныя неабходныя для будоўлі камунікацыі. Але ён — адзінае месца ў мікрараёне, дзе дзеці спакойна гуляюць, бо побач няма ажыўленых дарог. Бацькам спакойна. Улетку стадыён поўны дзятвы. І тут узьвядуць даміну са стаянкай на 115 машынамесцаў. Хіба так павінна быць?» — абураецца яна.
Пра намеры пабудаваць дом даведаліся выпадкова
Паводле суразмоўніцы, пратэстуюць ня толькі бацькі школьнікаў, якія лічаць, што дзецям ня будзе дзе займацца фізкультурай, але і пэнсіянэры. Людзі сталага веку зьбіраюцца асобна зьвярнуцца ў гарвыканкам са сваім лістом пратэсту.
Ганна кажа, што пра пляны ўзьвесьці на школьным стадыёне шматпавярховік яна даведалася выпадкова з адзінай на ўвесь мікрараён абвесткі, якую нехта наклеіў каля яе пад’езду. Пазьней разам з суседкамі спраўдзіла гэтыя зьвесткі на сайце гарвыканкаму — і адразу пачалі зьбіраць подпісы.
Як кажа Ганна, спачатку дырэктар школы, да якога прыйшла дэлегацыя бацькоў, заявіў, што ня ведае пра намеры зьнішчыць домам стадыён. Пазьней і ён пацьвердзіў, што ёсьць такія пляны. І дадаў, што падтрымлівае ўзьвядзеньне дому, бо яму «цяжка ўтрымліваць стадыён».
«Не стадыён, а пляцоўка, якую немагчыма выкарыстоўваць»
Дырэктар школы Пётар Баравы ў гутарцы з карэспандэнтам Свабоды сказаў, што праект будоўлі знаходзіцца на стадыі разгляду і рашэньне будзе прымаць гарвыканкам. Паводле яго, разам са стадыёнам плошча, якую займае школа, складае 4 гектары, і прыглядаць за ёй у адміністрацыі няма магчымасьцяў. Акрамя таго, за 38 гадоў стадыён прыйшоў у нездавальняючы стан.
«Там не стадыён, а пляцоўка, якую немагчыма выкарыстоўваць пад заняткі. Забудоўнік зробіць для школы сучаснае спартовае ядро ў іншым месцы побач са школай», — кажа Пётар Баравы.
На пытаньне пра тое, што тутэйшыя жыхары ня рады шматпавярховіку замест стадыёна, адрэагаваў: «Людзі заўжды супраць ушчыльненьня, асабліва тыя, чые вокны выходзяць на пустую пляцоўку».
На грамадзкім абмеркаваньні праекту, якое адбылося ў гарвыканкаме 12 лютага, начальнік упраўленьня па адукацыі Ірына Новікава адзначыла, што ня супраць ушчыльненьня, аднак пры «захаваньні санітарных нормаў і захадаў, якія кампэнсуюць страты школе». Яна заявіла, што ў навучальнай установе «павінен быць свой паўнавартасны спартовы аб’ект».
«Толькі пры такіх умовах мы даём згоду, — казала чыноўніца. — Гэта жыцьцё школы і дзіцячых садкоў, якія існуюць у мікрараёне».
Яна не пагадзілася, што стадыён у нездавальняючым стане. І падтрымала бацькоў школьнікаў, калі тыя прапанавалі дапамагчы з рамонтам пакрыцьця.
Замест стадыёну — бегавыя дарожкі
Праектанты паабяцалі замест стадыёну зрабіць для школы бегавыя дарожкі, а для заняткаў фізкультурай прапанавалі выкарыстоўваць стадыён ліцэю, што адразу за агароджай.
Алег Бараболя, прадстаўнік гарадзкога ўпраўленьня капітальнага будаўніцтва, якое выступае замоўнікам дому, супакойваў незадаволеных жыхароў тым, што канчатковае рашэньне па ўзьвядзеньні не прынятае.
«Усе патрабаваньні, якія нам будуць выстаўленыя, будзем улічваць. Калі скажуць паставіць трэнажоры, то будзем працаваць і ў гэтым кірунку», — казаў ён.
Выказаць незадаволенасьць будаўнічымі плянамі прыйшлі ў гарвыканкам больш за два дзясяткі жыхароў мікрараёну. Адзін зь іх заявіў, што будоўля шматпавярховіка супярэчыць заяве Аляксандра Лукашэнкі «пра тое, што недапушчальна пераўтвараць мікрараёны ў каменныя джунглі». Акрамя таго, яна пагаршае экалягічную сытуацыю ў месцы, дзе жывуць дзясяткі тысяч чалавек.
Грамадзкае абмеркаваньне праекту будзе доўжыцца да 6 сакавіка. Зацьвердзіць праект мае абласная горадабудаўнічая рада.