Вайскоўца тэрміновай службы Андрэя Макаеда знайшлі непрытомнага таварышы па службе раніцай 13 красавіка на тэрыторыі вайсковай часткі ва Ўруччы. 21-гадовы Макаед выпаў з вакна казармы 120-й асобнай мэханізаванай брыгады.
Салдата, які пасьля падзеньня з вышыні трапіў у кому, адразу ж даставілі ў Вайсковы шпіталь. Празь дзень Мінабароны выступіла з афіцыйнай заявай пра інцыдэнт. Паводле вайсковага ведамства, было распачата расьсьледаваньне трагічнага выпадку.
Сьледчы камітэт паведаміў пра ўзбуджэньне крымінальнай справы па артыкуле 145 — давядзеньне да самагубства. Вядома, што ўжо 13 красавіка ў частцы прайшлі допыты саслужыўцаў Макаеда.
Сам пацярпелы ў першыя дні пасьля падзеньня заставаўся ў стабільна цяжкім стане. Кантакт зь ім усталяваць не ўдавалася, Андрэй быў у коме. Як стала вядома Свабодзе, празь нейкі час стан вайскоўца пачаў паляпшацца. 1 траўня яму дазволілі сустрэчу са стрыечным братам Максімам.
«У Андрэя цяпер добры стан, яго ўжо перавялі ў хірургію, — кажа Максім. — Ужо хутка будзе ўсё нармальна. У мяне атрымалася ўчора пабачыцца з братам, пагаварыць. Пра той дзень і выпадак ён пакуль не расказвае. Мы параіліся і вырашылі не распытваць яго. Я так разумею, брат ня хоча пра гэта гаварыць пакуль. Ведаю, што сьледчыя ўжо сустракаліся з Андрэем і размаўлялі пра тыя падзеі. Цяпер яны займаюцца. Я прыйшоў падтрымаць брата, пабыць зь ім. Каб весялей было. Пра падзеньне з вакна казармы стараўся ня згадваць».
Па словах Максіма, стан Андрэя дазваляе яму свабодна камунікаваць. У бліжэйшы час лекары заплянавалі яшчэ адну апэрацыю, празь месяц абяцаюць адпусьціць салдата дадому.
У Сьледчым камітэце Свабодзе паведамілі, што расьсьледаваньне інцыдэнту ў 120-й асобнай мэханізаванай брыгадзе працягваецца. Пра яго вынікі паведамяць дадаткова.