Найперш беларусы скарацілі траты на нехарчовыя тавары, гаворыцца ў справаздачы Нацбанку аб дынаміцы і фактарах зьмяненьня спажывецкіх цэн і тарыфаў у першым квартале 2019 году.
У І квартале 2019 году працягвалі зьніжацца тэмпы росту рэальных заробкаў у гадавым вымярэньні — 7,8 % у параўнаньні з 10,1 % у IV квартале 2018 году. Такое запаволеньне росту характэрна для большасьці відаў эканамічнай дзейнасьці, у тым ліку ў бюджэтных арганізацыях, падкрэсьліваецца ў справаздачы.
«На фоне запаволеньня тэмпаў росту заработнай платы назіраецца далейшае паслабленьне ўнутранага попыту: гадавы прырост у I квартале 2019 году склаў 2,5%, зьнізіўшыся на 0,6 % ў параўнаньні з IV кварталам 2018 году. Спажывецкая актыўнасьць насельніцтва таксама працягвае запавольвацца», — гаворыцца ў справаздачы Нацбанку.
Паводле справаздачы, прычынамі таго, што беларусы сталі траціць менш грошай у крамах, сталі:
- рост выдаткаў на жыльлёва-камунальныя паслугі,
- паскораны рост цэнаў на асобныя спажывецкія тавары,
- запаволеньне тэмпаў росту крэдытаваньня насельніцтва.
У большай ступені гэта адбілася на нехарчовых таварах, адзначае Нацбанк: у I квартале 2019 году гадавы прырост нехарчовага таваразвароту ніжэйшы на 0,9% у параўнаньні з IV кварталам 2018 году. У харчовым сегменце гадавыя тэмпы росту рознічнага таваразвароту істотна не змяніліся (зьменшыліся на 0,1%), адзначаецца ў справаздачы.