Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прышэсьце і адкліканьне амбасадара Бабіча, які абвастрыў расейска-беларускія дачыненьні


Міхаіл Бабіч, студзень 2019
Міхаіл Бабіч, студзень 2019

30 красавіка стала вядома, што Ўладзімір Пуцін вызваліў Міхаіла Бабіча ад абавязкаў пасла Расеі ў Беларусі, а таксама ад пасады адмысловага прадстаўніка прэзыдэнта Расеі па разьвіцьці гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва з Рэспублікай Беларусь.​ ​Свабода сабрала 6 фактаў пра яго.

Міхаіла Бабіча прызначылі расейскім амбасадарам у Беларусі 24 жніўня 2018 году.​ Ён на 29 гадоў маладзейшы за папярэдняга амбасадара Аляксандра Сурыкава, які займаў гэту пасаду пасаду больш за 12 гадоў.

49-гадовы Міхаіл Бабіч нарадзіўся ў Разані. Жанаты, мае траіх дзяцей. Сябра партыі «Единая Россия».

Дзе вучыўся

Кандыдат эканамічных навук. Скончыў Разанскую вышэйшую вайсковую камандную вучэльню сувязі, у 1998 годзе — юрыдычны факультэт Маскоўскага інстытуту эканомікі, мэнэджмэнту і права, у 2000 годзе — Дзяржаўную акадэмію кіраваньня, у 2005 годзе — факультэт перападрыхтоўкі і падвышэньня кваліфікацыі Вайсковай акадэміі Генэральнага штабу Ўзброеных Сілаў РФ.

Ваяваў, кіраваў урадам Чачні

У 1986–1995 гадах праходзіў службу на камандных пасадах у Паветрана-дэсантных войсках і войсках КДБ СССР, браў удзел у баявых дзеяньнях, даслужыўся да палкоўніка.

У 1995–1998 гадах кіраваў вайсковым канцэрнам «Антей», што вырабляе зброю для проціпаветранай абароны. Затым зьмяніў некалькі пасадаў на грамадзянскай службе. У 1998–1999 гадах кіраваў кампаніяй «Росмясторг» — украінскія СМІ любяць згадваць ягоную тагачасную мянушку «мясьнік».

Быў старшынём ураду Чачэнскай Рэспублікі зь лістапада 2002 году па люты 2003-га. З гэтай пасады быў прызначаны памочнікам міністра эканомікі. Пасаду паўнамоцнага прадстаўніка прэзыдэнта РФ у Прыволскай фэдэральнай акрузе Бабіч займаў з 15 сьнежня 2011 году.

Уводзіў войскі ў Крым — ад яго адмовілася Ўкраіна

Пасьля звальненьня амбасадара Расеі ва Ўкраіне Міхаіла Зурабава ў ліпені 2016 году у Крамлі разглядалася пытаньне аб прызначэньні Бабіча на гэтую пасаду, але яго кандыдатуру не зацьвердзіў МЗС Украіны. Адна з прычын адмовы была ў тым, што як сябра Савету бясьпекі РФ Міхаіл Бабіч у 2014 годзе прымаў удзел у рашэньні ўвесьці ў Крым расейскіх вайскоўцаў.​

Акрамя таго, украінскія палітолягі адзначалі, што Міхаіл Бабіч «раней быў вайсковым дэсантнікам, падчас чачэнскай вайны кіраваў урадам рэспублікі, працаваў у ФСБ». Экспэрты ў Кіеве заяўлялі, што «Бабіч, біяграфія якога зьвязаная з савецкім КДБ і расейскай ФСБ», — «прафэсійны дывэрсант» і «клясычны кандыдат Крамля для ўзаемадзеяньня з сэпаратыстамі ў Данбасе дзеля арганізацыі сілавых апэрацый».

Менск пагадзіўся не адразу

Перавод Бабіча на дыпляматычную працу ў Менск у расейскіх палітычных колах называецца прызначэньнем «апаратна ўплывовага чалавека на стратэгічна важны кірунак». Палітолягі адзначаюць, што Бабіч — «чалавек з высокім узроўнем даверу прэзыдэнта Расеі», і прызначэньне яго амбасадарам у краіну — найбліжэйшую саюзьніцу Расеі было б цалкам лягічным.

Таксама ў Расеі казалі, што «Бабіча прызначаюць, каб не дазволіць беларускага Майдану». У Беларусі яго называлі «амбасадарам раздору».

Больш за месяц прайшоў ад паведамленьня расейскіх СМІ аб тым, што «Масква вызначылася з кандыдатурай амбасадара» да ўласна прызначэньня. Сьцьвярджалася нават, што афіцыйны Менск не хацеў пагаджацца на кандыдатуру Бабіча, а Міністэрства замежных справаў Беларусі спачатку казала, што не атрымлівала запыт на прызначэньне (агрэман), пасьля адмаўлялася камэнтаваць справу з агрэманам.

Чуткі аб прызначэньні Бабіча амбасадарам у Беларусь пачалі цыркуляваць за паўтара месяца да прызначэньня. Найбольш актыўна іх распаўсюджваў ананімны канал «Незыгарь» (беларускі блогер Эдуард Пальчыс заявіў, што правёў экспэрымэнт, які паказаў: канал публікуе што заўгодна ад каго заўгодна без праверкі зьвестак).

Ёзьдзіў па Беларусі актыўней за Лукашэнку

Расейскі амбасадар Міхаіл Бабіч мае звыш актыўны для дыплямата графік у Беларусі.

За апошнія сем месяцаў ён наведаў 14 гарадоў і вёсак з рабочым візытам — больш, чым Аляксандар Лукашэнка. Па ўсёй Беларусі ён наведвае буйныя прадпрыемствы.

Разам з тым ён сустракаецца з найвышэйшым кіраўніцтвам Беларусі (ад Лукашэнкі да міністраў), з прадстаўнікамі міжнародных арганізацый у Беларусі (Міжнародны валютны фонд, Сусьветны банк, Арганізацыя Аб‘яднаных нацый), а таксама з беларускімі апазыцыянэрамі (Андрэем Дзьмітрыевым, Тацянай Караткевіч, Яраславам Раманчуком).

«Спадар Бабіч зьяўляецца не звычайным дыпляматам, — кажа Свабодзе кіраўнік беларускага Цэнтру стратэгічных і зьнешнепалітычных дасьледаваньняў Арсень Сівіцкі. — Ён мае вельмі сур’ёзны сілавы і палітычны бэкграўнд, і звычайна яму даручаюцца спэцыфічныя місіі. Ён быў па сутнасьці адказны за абмежаваньне тых сымбалічных рэшткаў незалежнасьці і сувэрэнітэту Татарстана, які Казань атрымала ў канцы дзевяностых. Такую самую спэцыфічную місію спадар Бабіч мае і ў Беларусі. Яна зьвязаная з тым, каб выявіць балючыя кропкі сацыяльна-эканамічнай і палітычнай мадэлі, каб у далейшым на іх ціснуць і прымушаць Аляксандра Лукашэнку да больш глыбокай формы інтэграцыі з Расеяй».

Паводле экспэрта, актывізацыя кантактаў Бабіча супадае з набліжэньнем электаральнай кампаніі ў Беларусі і «хутчэй за ўсё сыгналізуе, што Крэмль мае магчымасьць працаваць зь іншымі сацыяльна-палітычнымі актарамі, дзеля таго, каб прасоўваць пэўную форму глыбокай інтэграцыі, калі Аляксандар Лукашэнка ня згодзіцца на той фармат, якія прапаноўвае Масква».

Найбольш цытаваны амбасадар

На сёньня Бабіч — ён найбольш цытаваны амбасадар у Беларусі. Як па раскладзе ў сярэдзіне кожнага месяца Бабіч дае вялікае інтэрвію расейскім мэдыям. Цэнтральная тэма ўсіх публічных выступаў — адраджэньне Саюзнай дзяржавы.

«Саюзная дзяржава — гэта новы інструмэнт, які Крэмль выкарыстоўвае, каб пашырыць свой уплыў ў Беларусі, — кажа Свабодзе аналітык інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў BISS Кацярына Шмаціна. — Калі б Расея выкарыстоўвала мэтады анэксіі, сілавыя, больш агрэсіўныя мэтады, гэта прыцягвала б шмат увагі міжнароднай супольнасьці.

Калі выкарыстоўваць легітымную дамову, якую сама Беларусь падпісала 20 год таму і рэфармаваць Саюзную дзяржаву, такім чынам можна кантраляваць Менск зь мінімальнымі намаганьнямі».

Спрэчка паміж расейскім амбасадарам Бабічам і МЗС Беларусі. Храналёгія

  • Чарговае абвастрэньне ў стасунках паміж Беларусьсю і Расеяй пачалося з пытаньня кампэнсацыі Беларусі так званага «падатковага манэўру» расейскіх уладаў. У час напружаных перамоваў амбасадарам быў прызначаны Міхаіл Бабіч — але ад рашэньня Масквы да згоды Менску прайшоў месяц.
  • 13 сьнежня 2018 году расейскі прэм’ер-міністар Дзьмітры Мядзьведзеў заявіў, што пажаданых Беларусьсю цэнаў на газ і нафту можна дасягнуць, калі «прасоўвацца на шляху будаўніцтва Саюзнай дзяржавы». Прапанову аб стварэньні адзінага эмісійнага цэнтру, адзінай мытні, суду, падліковай палаты пазьней назавуць «ультыматумам Мядзьведзева». Лукашэнка на наступны дзень заявіў пра шантаж, намёкі на ўключэньне Беларусі ў склад Расеі і разбурэньне краіны — гэтага «ня будзе ніколі», запэўніў ён.
  • 14 сакавіка. Апублікавалі інтэрвію, у якім Бабіч завочна паспрачаўся з Лукашэнкам па шматлікіх заявах, агучаных на «Вялікай размове з прэзыдэнтам». Таксама Бабіч заявіў, што Расея «гатовая дапамагчы» Беларусі пры пагрозе сувэрэнітэту.
  • 15 сакавіка, раніца. МЗС Беларусі параіў Бабічу «праявіць крыху павагі», «паглыбіцца ў спэцыфіку краіны знаходжаньня, пазнаёміцца зь яе гісторыяй і праявіць крыху павагі».
  • 15 сакавіка, дзень. Бабіч назваў «балбатнёй» пазыцыю беларускага МЗС.
  • 15 сакавіка, вечар. Крэмль раскрытыкаваў заяву МЗС Беларусі: «Мы маем права разьлічваць на больш паважлівае стаўленьне да амбасадара».
  • 15 сакавіка, вечар: Старшыня Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Міхаіл Мясьніковіч у парлямэнце заявіў, што любыя крокі ў інтэграцыйных аб’яднаньнях «павінны прадпрымацца пры захаваньні сувэрэнітэту, незалежнасьці, тэрытарыяльнай цэласнасьці, Канстытуцыі і іншых атрыбутаў дзяржаўнасьці».
  • 16 сакавіка ананімны карыстальнік сайту Petitions.by апубілкаваў зварот з заклікам абвясьціць Бабіча пэрсонай нон грата. Пэтыцыя сабрала тысячу подпісаў за два дні.
  • 18 сакавіка Бабіч даў прэс-канфэрэнцыю з нагоды «пяцігодзьдзя ўваходжаньня Крыму ў склад Расейскай Фэдэрацыі». Шэраг незалежных СМІ абвясьціў, што ня пойдзе туды, каб чытачы не падумалі, што яны падтрымліваюць «адну з пазыцый па падзеях у Крыме ў 2014 годзе». Некаторыя прадстаўнікі дзяржаўных выданьняў там былі, але нічога не пыталі.
  • 30 красавіка Бабіча адклікалі з пасады Амбасадара Расеі ў Беларусі. Новым амбасадарам стане Дзьмітры Мезенцаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG