Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Літве ад траўня забараняюць вулічныя прыбіральні


Эўракамісія запатрабавала ад уладаў Літвы падключыць да каналізацыі ўсе населеныя пункты, дзе пражывае больш за 2 тысячы чалавек, а прыбіральні ў астатніх абсталяваць сучаснымі індывідуальнымі сыстэмамі ачысткі. Зараз да цэнтралізаванай сыстэмы каналізацыі падлучаныя каля 74% жыхароў краіны.

Падставай для забароны стала патрабаваньне Эўракамісіі па ачыстцы сьцёкавых вод.

«Мы зьбіраемся самі гэта ўсё выкапаць, за свае грошы. Нам гэтая ўлада нічога ... не зьбіраецца дапамагчы. Кожнай сям’і [пракладка трубы] абыдзецца ў дзьве-тры тысячы эўра», — распавёў Настоящему времени жыхар Вільні Станіславас Якімавічус. У раёне Наўінінкай, дзе ён жыве, сучасныя шматпавярхоўкі суседнічаюць з аднапавярховымі хаткамі і інтэрнатамі, у многіх зь якіх няма каналізацыі.

Жыхар іншага віленскага раёну, Шніпешкеса, Міраславас Белініс кажа, што зь яго суседзямі будзе няпроста дамовіцца аб рашэньні праблемы: тыя людзі, хто жыве ў струхлелых дамах, разглядаюць сваё жытло як «часовае» і не гатовыя марнаваць грошы на падлучэньне да каналізацыі.

«Калі такія прыбіральні абсталяваныя гермэтычным назапашвальным рэзэрвуарам, а адкіды своечасова вывозяцца, выконваецца чысьціня — такія прыбіральні могуць застацца. На самай справе, гэтыя прыбіральні як такія, з пункту гледжаньня навакольнага асяродзьдзя, не зьяўляюцца такой ужо вялікай праблемай. Гэта хутчэй сацыяльная праблема, а не пытаньне абароны навакольнага асяродзьдзя», — кажа Агне Кнежайтэ, прадстаўнік Міністэрства навакольнага асяродзьдзя.

Забарона на вулічныя прыбіральні ўступае ў сілу з траўня 2019 году, падлучыцца да каналізацыі або ўсталяваць індывідуальны гермэтычны назапашвальнік жыхары павінны будуць на працягу дзевяці месяцаў. Штрафы, прадугледжаныя за парушэньне, — 70-100 эўра.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG