28 красавіка апоўдні на плошчы Леніна зноў сабраліся праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода. Такія сустрэчы праходзяць тут кожную нядзелю з 25 лютага 2018 года.
Як паведаміў агенцтву БелаПАН праваабаронца Ўладзімер Вялічкін, у 12.45 на плошчы знаходзілася каля 70 чалавек.
Супрацоўнік міліцыі праз мэгафон папярэдзіў прысутных аб недапушчальнасьці парушэньня парадку арганізацыі і правядзеньня масавага мерапрыемства. Разам з праціўнікамі завода на плошчы сёньня знаходзіліся праваабаронцы-назіральнікі: чатыры ад Беларускага Хэльсінскага камітэта і тры прадстаўнікі міжнароднай праваабарончай сеткі.
Людзі, якія сабраліся на плошчы абмяркоўвалі суды над актывістамі акумулятарнага завода. Судом Ленінскага раёна Берасьця цягам апошняга тыдня былі аштрафаваныя 14 актывістаў (усе паводле артыкулу 23.34 КаАП (парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў).
Як адзначалі ўдзельнікі сёньняшняй сустрэчы, гэтымі судамі ўлады спрабуюць пагасіць мірны пратэст супраць завода. Юлія Зубко сказала, што «судовы канвэер» працягвае працаваць, перад судамі яшчэ паўстануць мінімум 8 актывістаў.
Таксама прысутныя абмяркоўвалі затрыманьне 27 красавіка аднаго зь лідэраў ініцыятыўнай групы праціўнікаў завода Дзьмітрыя Бекалюка, які зьмешчаны ў ізалятар часовага ўтрыманьня.
За прысутнымі на плошчы 28 красавіка назіралі шматлікія супрацоўнікі міліцыі ў форме і цывільным адзеньні, якія здымалі ўсё на відэа. Па словах праваабаронцы Рамана Кісьляка, іх было ня менш 15.
Пасьля сустрэчы на плошчы, якая працягвалася прыкладна да 13 гадзін, праціўнікі завода разышліся.
Акумулятарны завод ТАА «АйПауэр» збудаваны на прамысловай пляцоўцы «Аэрапорт» у свабоднай эканамічнай зоне «Брэст». Яго плянуюць запусціць у траўні. На заводзе будзе наладжаны поўны цыкль вытворчасьці сьвінцова-кіслотных акумулятарных батарэй. Жыхары Берасьця лічаць, што прадпрыемства шкоднае і пагражае іх здароўю.
Грамадзкая кампанія супраць акумулятарнага завода пачалася ў рэгіёне ў студзені 2018 года. За гэты час актывісты падалі заяўкі на правядзеньне ў Берасьці і Берасьцейскім раёне 88 мітынгаў, 12 пікетаў і 16 дэманстрацый. Улады санкцыянавалі толькі адну акцыю 29 красавіка 2018 года.